Праз ружовыя акуляры
Блог

Мара 2.0. Самакапання пост

Даўно пачала задумвацца над тым, што трэба нешта мяняць. Ці тое ў маім блогу, ці тое ў прысутнасці на Трыбуне агулам. І вось сёння акурат файны для самакапання вечар: на працу заўтра не трэба, побач смачна пахнуць мандарынкі, шампанскае ў келіху робіць ціхенькае пышч-пышч, грае любімая музыка. Дома нікога, з катом шмат не абмяркуеш. Адзінота спрыяе ўпарадкаванню думак. Паспрабую азначыць, чаго я чакаю ад сябе, як ад пачынаючага блогера ў бліжэйшай будучыні.

Начная думка першая. Нават для мяне не сакрэт, што майму міламу бложыку не хапае інфарматыўнасці. З аднаго боку мне падабаюцца блогі, у якіх аўтары выкладаюць навіны. Маўляў, хто куды перайшоў, хто каму зламаў нос, чыя жонка прыляпіла сабе новы бампер, у каго новая клёвая татуха. З іншага боку мне здаецца, што ў такіх пастах мала душы. Але ж і яны патрэбныя. Таму я сяджу і вагаюся, ці не зрабіць мне новы блог. Нядаўна натыкнулася на белмоўны бложык пра бундэслігу. Шкада, што ён даўно не абнаўляецца. А падзеяў у нямецкім футболе штодня ого-го! Як ад Мазыра да сталіцы пешкі. Пісаць і пісаць. Як тут націскі ў папярэднім сказе пазначыць, а? Мяне пакуль спыняе наступныя “ці…?”: ці будзе гэта каму цікава, ці хопіць у мяне часу, ці варта весці такі блог пры наяўнасці безлічы іншых, што агучваюць футбольныя навіны. Мячуся ў роздумах нібы той хамяк у нячышчаным два тыдні акварыюме…

Начная думка другая. Я ніколі не апісваю канкрэтныя гульнявыя моманты, не аналізую тактыку і дзеянні гульцоў на полі, стартавыя склады і замены, не раблю прагнозаў. А ўсё чаму? Таму што не ўмею. Прыкладна так: калі вы глядзіце футбол, мне ўяўляецца, што ў вас перад вачыма нібыта сканер спрацоўвае, які паказвае стрэлачкамі і кружочкамі схему падзей на полі. Як у тэрмінатара, толькі без каманды “знішчыць ворага”. У маім жа выпадку гэта хутчэй нейкі дзявочы інстаграм-рэдактар, з сэрцайкамі, мішкамі і вось гэтым усім. Спадарства, гэта лечыцца? Падкажыце, як навучыцца думаць па-футбольнаму? Пэўна, многія з вас збіралі футбольны досвед цягам гадоў, дзесяцігоддзяў. Ці можна мне нейкі экстэрн-курс? Ціпа “Гутарковы інгліш за 20 заняткаў”? Давайце адкінем мужчынскі шавінізм. Дзеўкі, канечне, маюць іншую будову мозга, але ж выпадак не клінічны, праўда? На што, на вашую думку, трэба ў першую чаргу звяртаць увагу пры праглядзе гульняў? Ці неяк адмыслова да іх рыхтавацца? Хачу эвалюцыянаваць з дзеўкі лузера ў чалавека.

Начная думка трэцяя. Прызнаюся ў відавочным: я “трындючий ящик”. Прабачце, што так культурна, але, дзякуй маме, я матамі не ўмею. Каб была смешная, падалася б ў стэндаперы. Клёва было б трындзець не за бясплатна. Да чаго гэта я? Я люблю размаўляць з людзьмі. Мне патрэбная зваротная сувязь. І не важна, пахваляць мяне ці скажуць, што я непісьменны карыстальнік гугл-транслэйта. Люблю знаёміцца, знаходзіць новых сяброў. Псіхалагічная траўма дзяцінства, праходзім міма і не звяртаем увагі. Што цікава, часцей за ўсё мяне цягне да людзей, з якімі вельмі мала агульнага. Ад слова ве-е-е-е-ельмі. Чым шызануцейшым мне здаецца чалавек, тым больш шанцаў у нас пасябраваць. Часам мяне бывае зашмат. Часам у маім блогу бывае перабор літар. Мо, замест забівання трыбунаўскага сервера мне кніжку напісаць? Фрэндам-блогерам абяцаю зніжкі і аўтографы.

Начная думка чацвёртая. Вяртаюся да канкрэтных рэчаў. Як настаўніца я ведаю, што для поспеху і развіцця ў любой сферы патрэбная тэорыя і практыка. З практыкай усё проста: глядзі трансляцыі, цягайся на стадыёны. Калі ласка, пхніце мяне ў правільным накірунку ў пошуках карыснай тэорыі: кнігі, фільмы, ютуб-каналы, сайты – што заўгодна. Абы па тэме, карысна і каб нават да жырафа дайшло. Так што не праходзьце міма, кіданіце ідэйку-другую ў жаласліва працягнуты капялюшык згаладнелай без новых ведаў дзяўчыне. Падазраю, што няблага было б і самой навучыцца ў футбол гуляць, але з дзвюма левымі нагамі гэта будзе праблематычна.

Начная думка пятая. Калі раптам я ўсё ж наважуся перастаць размазваць ружовыя соплі і пачну пісаць нешта больш-менш адэкватнае, ці знойдуцца тут ахвяры, каб мае опусы чытаць? Не проста чытаць, а падказваць, дапамагаць, крытыкаваць. Толькі не надта строга. І тапкамі моцна не кідайцеся. На жаль, я асоба крыўдлівая, нічога з гэтым зрабіць не атрымліваецца. Магу і выбухнуць. Цытую па магчымасці даслоўна аднаго з любімых аўтараў і сяброў: “С тобой опасно дружить. Никогда не знаешь, с какой стороны рванет”. Дык што, дабравольцы ў шэрагі падвопытных трусікаў будуць?

Начная думка шостая. Я была б не я, калі б цікавыя мне віды спорту не пачалі пранікаць у іншыя загашнічкі маёй свядомасці. Ужо назбіраўся ладны стосік футбольных паштовак (Іньеста на шляху да мяне з Кітая!). А яшчэ даўно гуляюся з ідэяй афіцыйна зарэгістраванага рамесніцтва. То бок дазволу з падатковай на продаж розных хэндмэйдаў. Цяпер мне хочацца не проста вязаць коцікаў, мішак ды іншых зайчыкаў, але і прыкласці рукі да ўсялякага душэўнага: вышытыя торбы і падушачкі з адмысловай тэматыкай, цацкі на елку, нейкія інтэр’ерныя штукі ці вязаныя шкарпэткі, каб грэлі не толькі ногі, але і сэрца прыемным воку ўзорам. Усяго толькі ідэя, проста мара. Адна з. Прыйдзе час, абавязкова прыйдзе, і для яе. Не толькі ж Домрачавай інтэрнэт-краму адкрываць.

Начная думка сёмая. Дзякуй Сусвету, яна ж і апошняя. Як бы я не спрабавала сябе перастроіць, перавучыць, перарабіць, мне хочацца заставацца Марай. Хай трындзючай, надакучлівай, шматлітарнай, наіўнай, з бздурыкамі і закідонамі. Ведаеце, за тыя колькі месяцаў існавання Мары ўнутры мяне я паспела крыху яе палюбіць. Мара шчырая і адкрытая. Абы не згубіць цяпер.

Таму шчырасці вам у надыходзячым годзе, шчасця і шакаладу! Канечне, May the balls be with you!

А мне пад елачку пакладзіце, калі ласка, паболей матчаў у рэжыме live =)

калажыг

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья