Праз ружовыя акуляры
Блог

Ратаваннем вам будзе каханне, альбо Чым заняць сябе ў міжсезонне

Першы варыянт, які прыходзіць мне да галавы – гэта зімовая спячка. Ня ведаю, як вы, а я б з радасцю завалілася на месяц-другі пад коўдру з любімым рудым коцікам пад бокам. Толькі ўявіце: не трэба падманваць сябе і пераводзіць ненавісны будзільнік на 10 хвілін, у ложку цёпла і мякка, побач вуркоча любімая пухнатая пачварка. Вось толькі праца сама не папрацуецца, бульба на дранікі не надзярэцца, а ў каго яшчэ і дзеці самі не пакормяцца, сабака на двор не выведзецца. Таму перафразаваная цытата з песні “Wake me up when the winter pause ends”, на жаль, не заўсёды прымянімая.

Варыянт другі больш жывенькі. Цешце сябе тым, што сезонны перапынак не такі ўжо даўгі ў параўнанні з самім чэмпіянатам. Тут можна пазабавіць сябе, робячы прагнозы на трансферы ці проста зранку да вечара адсочваць навіны ў сацсетках і на спартыўных сайтах. Калі пашанцуе, натыкнецеся на розыгрыш чаго-небудзь цікавага. Раптам выйграеце, тады яшчэ пэўную колькасць часу можна прысвяціць роздумам, на кой вам, да прыкладу, каляндар ад “Іслачы” ці футболка “Гарадзеі”. У выпадку поўнага знясілення і адсутнасці ідэй, пачніце сцябацца з “Крумкачоў” з нагоды адсутнасці нармальнага галоўнага трэнера. Ці проста хоць якога трэнера. Ды нават з самога факту існавання “дзюбатых”, павінна пракаціць. А там ужо і таварнякі пачнуцца – таксама хлеб для засмучанай скатаванай душы заўзятара.

Я дык ужо паспела, акрамя іншага, паспрабаваць на ўласным досведзе трэці і самы суровы ў гэтай падборцы варыянт – запой. А чо, усялякія бясконцыя зімовыя, плаўна перацякаючыя ў вясновыя, святы гэтаму выдатна спрыяюць. Тут галоўнае пачаць, а далей само пойдзе. Далоў нудоцце! Віват зруйнаваная пячонка! Не паспееце азірнуцца, як ужо зазвіняць ручаінкі, шалёна загарлаюць птушкі, супрацоўнікі стадыёнаў пачнуць падлічваць ацалелыя травінкі. Мушу прызнацца, я вытрымала два тыдні…

… і вырашыла перайсці да варыянту пад нумарам чатыры. Ён вельмі ўжо прадказальны: чужы футбол. Большасць еўрапейскіх ліг практыкуюць зусім кароткія перапынкі ў параўнанні з нашай. Паколькі амаль усе беларускія заўзятары так ці інакш маюць футбольных фаварытаў у іншых краінах, лічу гэты сродак адным з самых аптымальных. Хм, вы прынцыпова носіце цішоткі ад “Купалінкі” (hola, Шахцёр!), чорныя, пардоньце мой расізм – цёмнаскурыя, шкарпэткі ад “БЧК” (бонжур, Дынама-Брэст!), піжамку ад “8 Марта” (го, го, Гомель!) і кашулі ад “Надэкс” (Славіі слава!)? Тады гэты спосаб, канечне, непрымальны. Калі ж вы прытрымліваецеся меркавання, што футбол не мае межаў, вэлкам ту клаб! Магу толькі спадзявацца, што ў нармальных любіцелей футбола, у адрозненне ад мяне, больш цярпення. Бо, пагадзіцеся, выключаць тэлевізар праз 5 хвілін пасля пачатку матча, таму што “Баварыя” прапусціла ўжо на 4-й – гэта перабор.

Акрамя замежнага футбола капітан Відавочнасць у маёй асобе прапануе пяты варыянт – звярнуць увагу на няшчасныя і занядбаныя віды, якія не вытрымліваюць аніякай канкурэнцыі са спортам нумар адзін. Пагадзіцеся, ніхто не адмяняў хакей, біятлон, тэніс, снукер і іншыя мала каму зразумелыя кёрлінгі. Тым больш у гэтым годзе шмат інтрыгуючага і любімага: наша Даша, ненаш Федэрэр, адвечнае пытанне: “Хто з сясцёр Вільямс усё ж мужык – глядзіце фінал Australian open”, каго у гэтым годзе размажа Роні О’Саліван і дзе ж абяцаны трэнер “Крумкачоў?” - непатрэбнае закрэсліць.

Наступны, шосты варыянт, можна было б лёгка апусціць. І ўсё ж, карыстаючыся сваім яшчэ настаўніцкім становішчам, наважуся заікнуцца пра тое, што чытанне кніжак ніхто не адмяняў. Дакладна ведаю, што адзін вядомы блогер акрамя іншага прысвячае свой вольны час чытанню беларускай мастацкай літаратуры. Дарэчы, у ягоным чытацкім дзённіку я знайшла парачку экзэмпляраў, да якіх і сама не супраць дабрацца. Так што бяру на ўзбраенне ідэю і вам таго ж жадаю. Каляфутбольная літаратура таксама залічваецца, угаварылі.

У сёмым варыянце працягнем гутарку пра высокае мастацтва. Ну як жа? Не здагадаліся? Даражэнькая Трыбуна шчодра і ад душы штодня адсыпае нам незлічоныя мегабайты прыўкраснага. Так-так, я пра такі любімы і незамянімы бложык, дзе нашай увазе прапануюць падрабязны агляд вытанчаных акругласцяў і непаўторных надзьмутых роцікаў. Спадарства, любуйцеся і атрымлівайце асалоду. І не трэба зайздросціць, ну. Пайду падкачаю прэсік штоле…

А вы даўно цягаліся па свеце? Як гэта не бачылі Туманныя горы і не біліся з драконам? Абудзіце ў сабе Більба Бэгінса! Вандроўкі і сустрэчы з сябрамі, ака восьмы варыянт, падаюцца мне добрай нагодай адляпіць насы ад экранаў тэлефонаў і вельмі культурным сродкам ад нуды. Пасля ўзгаданага вышэй шостага варыянта. Я сказала шостага? Не-не, вам падалося, сёмага, натуральна.

Можа стацца, што папярэдніх прапаноў вам будзе мала. Я доўга думала і ўсё ж вырашыла на ўсялякі выпадак дадаць дзявяты варыянт: паспрабуйце ўспомніць, ці ёсць у вас каханая. А чо, існуюць жа на гэтым свеце жанчыны, здольныя цярпець футбольных задротаў. Не, гэта я не пра вас, што вы, што вы! Дык вось, адгартніце крыху мой бложык да першых допісаў і займіцеся, нарэшце, адукацыяй сваёй найцудоўнейшай паловы. Ратаваннем вам будзе каханне – менавіта праз гэты пункт з’явілася назва допісу.

Я буду не я, калі не сачыню дзясяты варыянт. Хаця б для завяршэння гештальту. Ведаеце, чаго хацелася б пажадаць усім-усім? Сезон ці не, калі ласка, не забывайцеся на мары. Імгненныя нібы гол, недасягальныя быццам зоры, прыгожыя амаль як жонкі футбалістаў, яркія, простыя, каляровыя, п’янкія, сонечныя, лёгкія… Кім мы будзем без мары ў душы?

А вам што з пералічанага даспадобы? І дзяліцца сваімі сродкамі, як дацягнуць да вясны. Дзякуй вялікі, што зазірнулі і May the balls be with you!

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья