android-character-symbol 16.21.30apple 16.21.30@Combined ShapeЗагрузить фотографиюОчиститьdeleteinfoCombined ShapeИскатьsports_on_siteplususeric_avatar_placeholderusersview
Блог Праз ружовыя акуляры

Блогерка «Трыбуны» здзівілася пераходу футбаліста са «Славіі» ў «Нафтан» і сустрэлася з ім, каб высвятліць дэталі

Не ведаю, як каму, а для мяне пераход Яраслава Шкурко ў «Нафтан» стаў сапраўднай неспадзяванкай. Некалькі дзён я набіралася смеласці, а потым вырашыла спытаць непасрэдна ў яго, як жа так атрымалася. Здавалася б, у «Славіі» ён меў неблагія перспектывы і гарантаванае месца ў аснове... Прыемна, што Яраслаў з гатоўнасцю адгукнуўся на маю прапанову і аказаўся вельмі файным і цікавым суразмоўцам.  

– Вітаю! Распавядзіце, калі ласка, пра такі нечаканы для заўзятараў пераход у наваполацкі «Нафтан».

– Крыху больш за месяц таму мне патэлефанаваў сябра, Слава Камінскі, які зараз акурат у «Нафтане». Сказаў, што кіраўніцтва зацікаўлена ў новых гульцах. Літаральна на наступны дзень са мной звязаўся галоўны трэнер, і я паехаў на прагляд. Я меў добрую магчымасць ацаніць сітуацыю на месцы, пагутарыў з кіраўніцтвам, даведаўся пра мэты клуба ў сезоне – мяне ўсё задаволіла. Натуральна, пра «Нафтан» можна пачуць шмат негатыўнага. Ужо цяпер мы знаходзімся практычна ў зоне вылету. Але кіраўніцтва спрабуе зменшыць уплыў фінансавых пытанняў на футбалістаў, бо кожны павінны займацца сваёй справай. Стварыць умовы і забяспечыць фінансаванне – задача кіраўніцтва, а футбалісты адказныя за добрую гульню і адпаведны вынік. Маю інфармацыю, што бюджэтныя грошы выплачваліся своечасова, цягам сезона гульцы атрымлівалі і спонсарскія, а ў канцы ўсе пазыкі былі закрытыя. Намецілася тэндэнцыя да паляпшэння сітуацыі. Нягледзячы ні на што, я веру ў поспех «Нафтана» і не баюся цяжкасцяў.

– Што прывабіла ў распалажэнні «Нафтана»?

– Першапачаткова я стараўся даведацца больш пра клуб у людзей, якія там былі. Па прыездзе туды вельмі прыемна здзівілі створаныя умовы – база проста цудоўная, а для мяне гэта важна. Ёсць усё для трэніровак і далейшага росту, для аднаўлення і адпачынку: трэнажорныя залы, магчымасць харчавацца і г.д.

ЯШ

Таварыскі матч супраць «Белшыны» 11.03.2017

– Якой была рэакцыя на гэтыя змены ў кар’еры ў кіраўніцтва мазырскай «Славіі» і цяпер ужо былых калег?

– Калегі паставіліся з разуменнем, канечне, усе цікавіліся, распытвалі, што ды як. Са «Славіяй» у мяне акурат скончыўся кантракт. Меў размову з Юрыем Іосіфавічам, а таксама параіўся з кіраўніцтвам у асобе Андрэя Рыгоравіча. Мне быў прапанаваны новы кантракт, але ў мяне ўжо былі крыху іншыя планы. Андрэй Рыгоравіч сказаў, што быў бы рады зноў убачыць мяне ў «Славіі». Мы паціснулі адзін аднаму рукі і разыйшліся мірна, засталіся ў добрых адносінах.

– Што вы мяркуеце пра міжсезоннае абнаўленне склада «Славіі» увогуле і непасэдна пра трансфер у БАТЭ вашага сябра Ўладзіслава Жука?

– Улад не проста мой сябра, мы нават жылі разам. Вельмі добра стаўлюся да ягонага пераходу ў БАТЭ. Думаю, калі выпаў такі шанец, трэба яго абавязкова выкарыстаць. Шчыра жадаю яму прагрэсу. Упэўнены, усё ў яго атрымаецца. Наконт «Славіі» магу сказаць, што не заўсёды станоўча ўплывае на каманду сыход значнай часткі гульцоў з асноўнага складу. Але незамянімых, як вядома, няма. Мяркую, у майго былога клуба ўсё будзе файна.

сябры

Уладзіслаў Жук, Яраслаў Шкурко, Дзяніс Трапашка

– Вы ўзгадвалі, што былі іншыя планы на гэты сезон. Распавядзіце, калі ласка, пра іх падрабязней.

– У студзені я атрымаў запрашэнне на прагляд у польскі клуб «Пагонь» у Седльцы (Д2). Але паездка атрымалася не такой, як я сабе ўяўляў, яна забрала шмат сіл і эмоцый. Напэўна, я занадта давяраю людзям. Агенты, якія займаліся гэтай справай, аказаліся не зусім сумленнымі. Па вяртанні я і сам не тэлефанаваў у той клуб, і яны са мной не звязваліся. Да ад’езду ў Польшчу з’явіўся яшчэ адзін варыянт з беларускім клубам, але пакуль я вярнуўся, каманда ўжо была ўкамплектаваная. Прапанова перайсці ў «Нафтан» была вельмі дарэчы, мне хацелася нешта змяніць у жыцці, а таксама пачаць падрыхтоўку да сезона.

– Давайце звернемся да пытанняў беларускага футбола. Як вы ставіцеся да ідэі стварэння ў Беларусі ПФЛ?

– Мне здаецца, гэта файная задумка. Але для яе ажыццяўлення трэба прыкласці шмат высілкаў. Хочацца верыць, што гэта стане штуршком для развіцця футбола ў краіне. У той жа Польшчы адразу відаць, што вядзецца актыўная дзейнасць па папулярызацыі футбола. Нават у невялікіх гарадах, якія маюць клубы другой ці трэцяй лігі, можна бачыць білборды з рэкламай, датычнай футбола, у іх медыйнасць на даволі высокім узроўні. Напрыклад, ёсць свой канал, праводзяцца сустрэчы з гульцамі, наладжана зваротная сувязь з заўзятарамі, маюцца прыстойныя крытыя стадыёны. Хацелася б, каб і ў нас мясцовыя ўлады больш надзялялі ўвагі футбольным клубам. Напрыклад, у Мазыры і галоўны трэнер, і кіраўніцтва клуба, і супрацоўнікі спрабуюць нешта зрабіць, каб вярнуць гораду футбольныя традыцыі. На жаль, для гэтага пакуль мала магчымасцяў.

– Гэтым летам плануецца запуск беларускага футбольнага тэлеканала. Як лічыце, ці не займее гэта адмоўнага ўплыву на наведванне стадыёнаў?

– Не думаю. Заўзятары будуць хадзіць на матчы, калі ім будзе камфортна на стадыёне, калі будзе відовішча. Наведванне футбольнага матча – добрая нагода выплеснуць эмоцыі і адпачыць. У Беларусі да заўзятараў часцяком ставяцца ледзь не як да ворагаў. Варта імкнуцца да паляпшэння сітуацыі, развіваць медыйную прастору. Пэўна, «Крумкачы» – самы яскравы прыклад таго, што можна зрабіць: увасабляць ўсё новыя і новыя ідэі для працы з заўзятарамі, шукаць цікавыя шляхі прываблівання гледачоў на стадыён, ладзіць з імі розныя мерапрыемствы. Таксама патрэбна павелічэнне фінансавання на ўсіх узроўнях: ад вышэйшай лігі да дзіцячага футбола. Паступова мы здолелі б выйсці на больш высокі ўзровень. Наяўнасць адмысловага тэлеканала можа стаць дадатковым імпульсам да развіцця. Файна, калі з’явіцца магчымасць трансляваць матчы і выпускаць каляфутбольныя перадачы.

– Вам не здаецца, што папулярнасць еўрапейскага футбола негатыўна ўплывае на ўспрыняцце айчыннага?

– Беларускі футбол – спецыфічны прадукт, але і ён па-свойму цікавы. Еўрапейскі ж варта разглядаць як прыклад для пераймання, тое, да чаго трэба імкнуцца. І ўсё ж любая беларуская каманда, каманда з роднага гораду заўсёды будзе заставацца на першым месцы.

– Ці падтрымліваеце вы самі нейкі еўрапейскі клуб?

– Некалі ў дзяцінстве шчыра заўзеў за мадрыдскі «Рэал», маім улюбёным гульцом быў Рауль. Пазней, калі з’явіліся іншыя гульцы і змянілася палітыка клуба, я перагледзеў сваё стаўленне. З многімі рэчамі я быў не згодны, таму атрымалася так, што цяпер хутчэй заўзею за праціўнікаў «Рэала».

– Даруйце крыху некарэктнае пытанне: ці сутыкаліся вы з перадузятым стаўленнем да вашага адносна невысокага росту?

– Так, канечне, рознае бывала. Часам чуў з трыбун непрыемныя выклікі. Раней, калі быў крыху маладзейшы, ставіўся да гэтага не так спакойна, як зараз. Наадварот, гэта можа стаць стымулам, каб праявіць сябе. У футболе важныя не толькі дадзеныя ці грошы. Перамагае той, у каго лепшая гатоўнасць і вялікае жаданне гуляць.

– У якой краіне вы бачыце сваю будучыню? Ці плануеце перавезці ў Беларусь бацькоў?

– Бацькі пакуль пераязджаць не плануюць, але не выключаю такую магчымасць. Цяжка вось так рэзка змяніць жыццё. Праўда, Беларусь бацькам падабаецца. Я і сам хацеў бы мець домік у вёсцы, каб там можна было адпачыць, схадзіць у лазню... А так, пэўна, няма нейкай канкрэтнай краіны, дзе хацеў бы жыць. Мне падабаецца шмат вандраваць. Вельмі люблю Рым. Таму звычайна жартую, што мару пра кватэру ў гэтым горадзе і ўжо збіраю на яе грошы.

ЯШ

Ніца, Францыя. Падчас вандроўкі па Еўропе

– Ці шмат чаго ўжо паспелі паглядзець у Наваполацку і Полацку? Як вам новае месца жыхарства?

– У Наваполацку быў хіба разы са два. У асноўным знаходжуся на базе, на зборах. Але ўжо даведаўся, што ў горадзе досыць добрых месцаў, дзе можна адпачыць, сустрэцца з сябрамі. Як-небудзь выберуся і ў Полацк, гэта вельмі прыгожы і цудоўны горад. Але пакуль што падрыхтоўка да сезона для мяне на першым месцы. Вольны час можна выкарыстаць на тое, каб лішні раз завітаць у трэнажорную залю ці прысвяціць час самаразвіццю – пачытаць добрую кнігу.

– Наапошак, калі ласка, падзяліцеся топам пяці ўлюбёных кніг.

– Стараюся вывучаць рэйтынгі кніг, на іх аснове складаю спісы літаратуры для сябе. Больш за ўсё мне, пэўна, спадабаліся наступныя кнігі: «Тры таварышы» Э.М.Рэмарка, «Забіць перасмешніка» Х.Лі, «Шантарам» Г.Робертса, «Алхімік» П.Каэльё і «Думай і багацей» Н.Хіла.

 Здымкі пазычаныя з асабістай старонкі Яраслава Шкурко, афіцыйных суполак ФК «Белшына» і ФК «Славія-Мазыр» ў vk.com.

Автор
  • mara_kamara

КОММЕНТАРИИ

Комментарии модерируются. Пишите корректно и дружелюбно.

Лучшие материалы