Праз ружовыя акуляры
Блог

Чэмпіянат свету без Беларусі. Што з ім рабіць?

1. Пачнем рэзка і безапеляцыйна. Не глядзець увогуле! Беражэм нервы, час, электраэнергію, гадавы бюджэт на піва і ныркі. Каму патрэбны той Мундыяль, калі на ім няма Шыкаўкі?!

2. Заўзець за андэрдога. Чаму так? За Партугалію, Нямеччыну ці Бразілію любы глор дзетсадаўскага ўзросту можа, якому бацька купіў на "аліку" майку КрыРо, Öзіла ці Неймара. Асабіста я думаю падтрымліваць Ісландыю. Дазвольце адрэкамендавацца, з сённяшняга дня я Наталі Юрыдоуцір. Панкі, хой! - ці як яно там па-ісландску будзе. Проста ўпэўненая, што барадатыя паўночныя малойцы яшчэ пашумяць.

3. Калі вам больш даспадобы назіраць за каляфутбольнымі з'явамі, то можна, напрыклад, весці ўлік незвычайных дзеянняў Ёахіма Лёва. Не здзіўлюся, калі букмекеры ўжо прымаюць стаўкі на тое, што, дзе і чым ён сабе... Карацей, якім чынам бундэстрэнер змагаецца са стрэсавымі сітуацыямі падчас матчаў. Альбо колькі ахвяр звернуцца па ўкольчыкі ад шаленства пасля ўкусаў Суарэза (на гэта стаўкі, дарэчы, сапраўды прымалі).

4. З'ехаць у лес і зашыцца ў намёт. Але не гарантавана, што і там да вас не дайдуць футбольныя навіны. Ёсць падазрэнне, што цягам наступных чатырох тыдняў пра ЧС будзе чуваць з кожнага дупла, а палескія камары дык увогуле адмыслова вывучылі азбуку Морзэ, каб перадаваць радыётрансляцыі гульняў.

5. Калі ўсё вышэйпералічанае вам не падыходзіць, то, магчыма, недзе побач знаходзіцца вашая каханая, якая пачуваецца недаабдыманай і недаведзенай да тэатра. Гоў!

Апошні пункт будзе па традыцыі рамантычны. Я буду не Мара, калі не скажу, што абавязкова трэба марыць аб тым, што зборная Беларусі пераадолее каго-небудзь, пераадолее сябе і апынецца на Чэмпіянаце свету. Марыць, верыць і спадзявацца, што вам давядзецца стаць сведкам гэтай гістарычнай падзеі.

Віват Мундыяль і May the balls be with you!

P.S. Сто гадоў у тэатры не была...

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья