Праз ружовыя акуляры
Блог

Любіць футбол - карысна для дзяўчат?

Думаеце, крута быць дзяўчынай, якая цікавіцца футболам? Давайце разбірацца.

1. Пачну з таго, што як ні старайся, але наўрад зможаш шарыць у гэтым усім лепш за аматараў мужчын. Думаю, гэта справа досведу, бо часцей за ўсё хлопчыкі пачынаюць глядзець футбол яшчэ ў дзяцінстве. Дзяўчаты падцягваюцца ўжо ў сталым узросце, магчыма, цяга да футбола перадаецца полавым шляхам, - чым не тэма для навуковых даследванняў? Адпаведна, мужчыны маюць у галаве своеасаблівую сокерпедыю, у якой усё занатавана - хто, дзе, калі, з кім і за колькі грошай. Пару гадоў таму я стала сведкай размовы, калі два шырока вядомыя ў вузкіх колах блогера паўгадзіны размаўлялі імёнамі футбалістаў, імгненна разумелі адзін аднаго і нейкім чынам яшчэ жартавалі. Гэта неспасцігальна! Даводзіцца маўчаць у такіх сітуацыях, каб не адразу здагадаліся, што ты лох.

2. Не верце людзям, якія кажуць, што дзявочая любоў да футбола - гэта сексуальна. Дзе там якое! Спачатку хлопцы рэагуюць прыкладна так: Вааааў! Ты любіш футбол? А за каго заўзееш? Як ты пачала глядзець? Раскажы мне ўсё!.. І вось ты радасна пачынаеш распавядаць, што ўбачыла ямачкі на шчаках Каўціньё і зразумела, што гэта твой лёс. У сэнсе футбол. Ну ці не ямачкі і не Каўціньё. Напрыклад, цябе скарыў чарговы хет-трык Дзібалы. Але гэта другаснае. Галоўнае, што насуперак усім дзявочым чаканням любоў да футбола ператварае цябе ў выдатнага братана, а ніяк не ў асобу, у якой адбою не будзе ад хлапечых заляцанняў. І колькі соплі не жуй, на спатканне ўсё адно не паклічуць.

3. А калі аб'ект тваіх уздыханняў і соплежаванняў сам не цікавіцца спортам №1, то тут і без тлумачэнняў зразумела, што не варта губляць час. Бо ты дама, нязручная ў побыце, і не будзеш сядзець дома і варыць боршч. Ну ок, можа і будзеш, але калі на кухні ёсць экран, а на экране ёсць ямачкі Каўціньё. Ці Шыкаўкі.

4. І вось цуд здарыўся, нейкі непрадбачлівы мужчына запрасіў цябе на спатканне. Што робіш ты? Замест таго, каб падбіраць сукенку, якая падкрэслівае вочы/грудзі/інтэлект (патрэбнае падкрэсліць), ты лезеш на ўлюбёны спартыўны сайт, каб зірнуць, ці няма ў прызначаны дзень і час ЛЧ, ЛЕ, ЧБ, ЧЕ, ЧС ці яшчэ якіх "чэ" і "е". Задумваешся. Як жа так, там Віця супраць "Рэала", ды яшчэ раптам Кейн без мяне "Барсе" наваляе... Прабач, наша знаёмства было памылкай, забудзь мяне і не крыўдуй.

5. Усё згаданыя лігі і чэмпіянаты, між іншым, самі сабой не паглядзяцца. І ты ўпарта сядзіш, не звяртаючы ўвагу на поздні час. Вынік: недасып, падвышаны літраж кавы, тахікардыя, кругі пад вачыма, кіло таналкі на заспаны твар. Альбо цягнеш сяброўку ў паб з трансляцыяй, а яна ўпарта хоча ў караоке. Што, паглядзець у запісе? Не пытанне: бывай, сябровачка. Бундэсліга, я іду да цябе.

Калі, нягледзячы на ўсё вышэйзгаданае, вы нейкім цудам здолелі захамутаць футбольнага заўзятара, будзьце пільнымі і асцярожнымі, а то раптам вы за "Зеніт", а ён на за мінскае "Дынама"... 

Што я магу вам параіць? Глядзіце лепш серыялы, адкладайце грошы на курорт замест вандроўкі на Альянц-Арэну, хадзіце па шмотачных крамах, а не на матчы зборнай Беларусі - і будзе вам шчасце. Але гэта недакладна :D

May the balls be with you!

 

Здымак скрадзены адсюль.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья