Праз ружовыя акуляры
Блог

Парады для дзяўчын, як трэба глядзець футбол

Магчыма, вы маеце, што дадаць?

Гарадзенская качка і наваполацкі зайчык ужо ходзяць на футбол, а ты ўсё яшчэ сядзіш дома? Ногі ў кеды і наперад! Паспрабуем разабрацца, як сябе паводзіць, што браць і куды глядзець. Далей будзе шмaaaт лiтар, ад слова вельмi...        

Памятайце, што футбольны матч – не пікнік, таму не валачыце за сабой торбу з буцерамі і пячэнькамі. Звычайна на тэрыторыі стадыёнаў можна купіць хоць бы якія паганыя чыпсы. А з вадой дык увогуле не прапусцяць, як ні ўгаворвай міліцыянтаў панюхаць, пакаштаваць цi яшчэ якiм чынам праверыць бутэльку на наяўнасць алкаголю.        

Калі надвор’е сонечнае, то перад выхадам раю намазацца адмысловым крэмам, каб не спаліць пяшчотныя дзявочыя плечыкі, ножкі і шчочкі. І мужчыну свайго лепш намазюкайце, а то будзе потым свяціць чырвоным таблом з аблупленым носам.         

Холадна і дождж? Нічога, усё адно ідзем. Хіба што апранайцеся адпаведна, каб потым не ныць праз 15 хвілін пасля пачатку, што замёрзлі, як гэта раблю я. На большасці беларускіх стадыёнаў ад дожджыку не схавацца (калі вы не хітранькі журналісцік з магічнай акрэдытацыяй). На маю сціплую думку, дажджавікі, хоць бы і з поліэтылену эфектыўнейшыя за парасон. Ды і цяплейшыя. Ці зноў жа можна пачаць хныкаць я-замёрзла-прамокла-хачу-дадому. Але не спадзявайцеся, што ваш спадарожнік у тую ж хвіліну кіне футбол. У футболе няма месца для дзявочай наіўнасці. Так-та.        

Пачынаць паходы на стадыёны лепш з хатніх ці нейкіх блізкіх матчаў, каб у выпадку чаго можна было хуценька зваліць – прычыны ў папярэднім абзацы.        

Пастарайцеся менш тыкацца ў тэлефон. Гэта першая прыкмета таго, што вам не так цікава, як хацелася б паказаць. Калі ўжо вельмі закарцела, то скажыце, што не паспелі перад гульнёй прачытаць анонс матча, азнаёміцца са статыстыкай папярэдніх сустрэч, не прашарсцілі стартавыя саставы. Насамрэч цікавей будзе глядзець, калі вы больш-менш ведаеце гульцоў. Тым больш, на стадыёнах няма каментатараў і буйных планаў, як па тэлевізары. Запомніць нумары футбалістаў – зусім нішцяк. Але і без гэтага, у прынцыпе, можна абыйсціся. (Трэба хоць да 4-га Крумкачоў падвучыць, а тое я толькі Глеба ды Шыкаўку памятаю.)        

Савацца на фанацкі сектар у вашыя першыя паходы на футбол будзе не надта разумна. Там, канечне, распранутыя гарачыя хлопцы, а трыбуны – не клуб, шмат святла і месца, можна і кавалера прыгледзець. Затое, разам з фанатамі вы рызыкуеце трапіць у бясплатнае турнэ ў аўтазаку. Наколькі тое рамантычна, вырашаць вам.         

Шалік? Улетку? Круглы год!!! І па-нашаму, па-футбольнаму, гэта не проста шалік, а «роза». Хоць яна намінальна лічыцца фанацкай, кожны заўзятар мае права памахаць «розай» у знак падтрымкі свайго ўлюбёнага клуба.        

Вось тут я мару пра тое, як буду некалі ў будучыні заўзець за Баварыю^^

ЭфЦэ Баерн

У цёплы час году не зашкодзіць падумаць пра братоў нашых меншых: камароў, мошак ды іншую жамяру. Калі вам шкада парачкі мілілітраў крыві, то прыміце адпаведныя меры. Асабліва на Палессі. Ведаю, жыву, пшыкаюся.        

Будзьце гатовыя да таго, што на гульню ходзіць шмат гарлапанаў  пад кодавым імем «кузмічы». І не, я не пра скандуючых фанатаў. Так што не палохайцеся, калі раптам нехта побач пачне гарланіць парады футбалістам і перадаваць прывітанні суддзям. Канечне, яны ўсё пачуюць. Канечне, гарлапаны разумнейшыя за ўсіх. Ага.        

Увогуле, ніколі не ведаеце, якую карысць вам можа прынесці наведванне матча. Уявіце: схадзілі вы, напрыклад, з мужам у суботу на футбол. Мужчына задаволены, што перацягнуў вас на светлы бок сілы. А ў нядзелю ранкам вы яму заяўляеце: “Я з табой учора на футбол схадзіла? Схадзіла. Усю што можна на пластыкавых сядушках адсядзела? Адсядзела. А сёння ты са мной ідзеш у госці да маёй мамы”. Ну ці яшчэ што вам там трэба, арыентуйцеся па сітуацыі.        

Перад гульнёй і ў перапынку можна сфоткацца з мясцовым аніматарам-маскотам. І маскоту прыемна з дзеўкамі паабдымацца, і ў вас новая аватарка будзе. Хіба што з мазырскай пандай-шызафрэнікам, якая ўяўляе сябе арлом, я фоткацца не пайду.      

Вось натыкала я тут столькі ўсяго і думаю: шкада, што не заўсёды можна трапіць на матч сваіх любімчыкаў. Праўда, мара такая штука, неадназначная, што возьме ды й спраўдзіцца ў самы нечаканы момант. Таму, дзяўчаты, давайце марыць і хадзіць на футбол!        

MiaSanMia! May the balls be with you!        

Ваша я.        

ПыСы. Гэты допіс быў створаны пры актыўнейшым удзеле мегацудоўнага звера па імені Ласка.

alt

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья