Tribuna/Футбол/Блоги/The Minskach/Свіст у вушах. Як баскі і каталонцы сустрэлі гімн Іспаніі

Свіст у вушах. Як баскі і каталонцы сустрэлі гімн Іспаніі

Фінал Кубка Караля Іспаніі і тое, што засланяе геній Леа Мессі.

Блог — The Minskach
Автор — The Minskach
31 мая 2015, 13:18
9
Свіст у вушах. Як баскі і каталонцы сустрэлі гімн Іспаніі

У ноч на нядзелю футбольны клуб Барселона 27-мы раз у гісторыі заваяваў Кубак Караля Іспаніі. Тут не было ніякай нечаканасці, усё прадказальна і стаўка букмекераў 7 да 1 у выпадку перамогі Атлетыка Більбао, з якім сутыкнуліся каталонцы ў фінале, засталася салодкай марай прыхільнікаў лёгкіх грошай. Каманда пад кіраўніцтвам Луіса Энрыке набыла такую моц у спалучэнні з персанальнай якасцю футбалістаў, што, здаецца, здзекуецца над супернікамі. Спачатку Леа Мессі ў стылі свайго славутага земляка Марадоны абводзіць палову каманды і забівае першы гол. Напрыканцы матча, калі ўсё даўно было вырашана, Нэймар, нібы гуляе з дзецьмі, кпіць з баскаў фінтом «ламбретта», што амаль прывяло да бойкі паміж гульцамі. Аднак па-іншаму каталонцы не могуць. Наступным разам будуць гуляць больш стрымана – абяцаюць на прэсавай канферэнцыі, што гучыць як яшчэ адзін здзек.

Агульны лік 3:1 цалкам справядлівы і кароль Іспаніі Філіп без асаблівай радасці ўручыў кубак каталонцам. Але гэтым вечарам не толькі вынік матчу быў прадказальны. Ніхто не сумняваўся, што традыцыйнае выкананне іспанскага гімну выкліча ў адказ свіст і гоман, што цалкам і спраўдзілася. Агульная моц шуму дасягнула 140 дэцыбелаў: лічбы параўнальныя з гулам ад прызямлення самалёта і цалкам шкодныя для чалавека. Запоўненая амаль стотысячная арэна «Ноу Камп» не пакінула сумневу наконт свайго стаўлення як да сімвалаў Іспаніі, так і да самой дзяржавы цалкам. Эфект узмацняла тое, што адна палова гледачоў была з Краіны Баскаў. Нягледзячы на супрацьстаянне каманд, у гэтым пытанні быў поўны кансэнсус. Перад матчам цэнтральная ўлада пагражала санкцыямі і заклікала да чалавечай павагі, але ўсё марна: стадыён свісцеў, а гульцы абедзвюх каманд задаволена пасміхаліся.

Пытанне суверэнітэту – адно з галоўных на гэты момант у Іспаніі, а адзінае, што робіць Мадрыд – гэта забараняе любыя праявы сепаратызму. Вынікам становіцца гоман стадыёна, а перамога Барселоны успрымаецца як перамога над Іспаніяй, яе увасабленнем, каралеўскім Рэал Мадрыдам. Па рэгламенту стадыён для фінала выбіраюць, як толькі становяцца вядомымі фіналісты, і на ўсе запыты па правядзенні матча ў Мадрыдзе адказам была адмова.

Лічыцца, што Каталонія – гэта не Іспанія, а ФК Барселона – неафіцыйнае войска каталонцаў, мірны сродак супраціву моцнай дзяржаве. Некалі, у часы дыктатуры Франка, стадыён «Ноу Камп» быў адзіным месцам, дзе можна было вольна карыстацца каталонскай мовай, – і нацыя выстаяла. У сучасных умовах гоман стадыёна, як і знакамітая песня ўкраінскіх фанатаў, больш моцныя па ўздзеянні за перамогі на зусім не футбольных палях. Мадрыд прайграе ў барацьбе за грамадскі настрой каталонцаў. Менавіта таму вынік барацьбы за незалежнасць цалкам прадказальны і адзінае пытанне тут – гэта пытанне часу. А чакаць каталонцы ўмеюць.

Фото: Gettyimages.ru/Alex Caparros

Лучшее в блогах
Больше интересных постов