Tribuna/Гандбол/Блоги/Беларускія віцязі/Беларускi гандбольны клуб прайграў 14 гульняў з 15. Але кiраўнiцтва захоўвае аптымiзм

Беларускi гандбольны клуб прайграў 14 гульняў з 15. Але кiраўнiцтва захоўвае аптымiзм

Дырэктар «Віцязя» распавядае пра тое, як узнікла ідэя гуляць у чэмпіянаце Беларусі і што з гэтага атрымалася.

Автор — Ivan Sapeha
22 декабря 2017, 15:42
2
Беларускi гандбольны клуб прайграў 14 гульняў з 15.  Але кiраўнiцтва захоўвае аптымiзм

Год таму «Віцязь» быў упэўненым лідарам другога дывізіёна і перамагаў апанентаў з буйной розніцай. Сезон 2017/18 каманда гуляе ў чэмпіянаце Беларусі сярод мацнейшых – у тым ліку супраць БГК і СКА. Атрымоўваецца не вельмі паспяхова: пасля 15 гульняў у «Віцязя» 14 паразаў і ўсяго адна перамога. У чэмпіянаце Беларусі каманда ідзе на апошняй пазіцыі.

Дырэктар клуба Аляксандр Апейкін распавёў пра ўсе цяжкасці перахода ў эліту.

Пра рашэнне ісці ў вышэйшы дывізіён

Увесну быў драйв ад выступу ў другім дывізіёне, дзе давялося гуляць з фарм-клубамі, за якія выступалі зусім маладыя гульцы. У большасці выпадкаў ніякага супраціўлення на пляцоўцы мы не адчувалі. Вядома, ад такіх вынікаў з’явілася эйфарыя. Нягледзячы нават на тое, што на другім этапе супернікі былі больш сур’ёзнымі («Машэка», БГК-2, СКА-РДВАР), мы ўсё роўна гулялі вельмі добра. Было адчуванне, што можам зрабіць крок наперад.

Канчаткова рашэнне гуляць у вышэйшай лізе сфарміравалася пасля перамог над «Машэкай» – клубам з прафесійным статусам, стабільным фінансаваннем, выбудаваным трэніровачным працэсам. Мы іх перамаглі двойчы: гэта не выпадковасць, а заканамерны вынік. Таму вырашылі паспрабаваць свае сілы на ўзроўні «Гомеля», «Кронана» і «Машэкі». Сёння бачым, што іх трэнеры настройваюцца на барацьбу з намі, усе ставяцца сур’ёзна да гэтых сустрэч, ведаюць, што мы можам даць бой.

Пра важнасць супрацьстаяння з мацнейшымі

Нам варта было зрабіць наступны крок. У гэты момант мы глядзелі толькі на бліжэйшую перспектыву, вялікіх планаў не было. Мы былі рэалістамі, разумелі, што будзе цяжка, але рашэнне гуляць з наймацнейшымі не было памылкай.

Шмат чаго мы зрабілі правільна, але дзесьці недапрацавалі. Сказаць, што мы не адпавядаем узроўню вышэйшай лігі – няправільна. Так, за 15 матчаў мы атрымалі ўсяго адну перамогу, але праваліліся мы толькі некалькі разоў, астатнія гульні прайшлі ва ўпартай барацьбе, двойчы прайгравалі толькі адзін мяч.

Зараз у беларускім чэмпіянаце фактычна два дывізіёны, у кожным з якіх гуляюць па шэсць каманд. У абодвух шасцёрках сітуацыя аднолькавая: ёсць два безумоўных лідара і чатыры каманды іншага ўзроўню. У другім дывізіёне нам было б не цікава. Дарэчы, як і яго лідарам (БГК-2 і СКА-РДВАР). Хутчэй мае сэнс даць ім шанец гуляць у першым дывізіёне.

Пра рэзкі пераход

Мы не шкадуем, што не засталіся ў Д2, дзе была б магчымасць рэгулярна перамагаць. Так, усе жадаюць перамагаць, атрымліваць станоўчыя эмоцыі, ніхто не рады прайграваць з розніцай -32. Але нам трэба рушыць наперад, развівацца. Ёсць просты спартыўны закон: для таго, каб стаць мацней, трэба гуляць з больш моцнымі супернікамі.

На ўзроўні другой шасцёркі нам было вельмі камфортна. Дарэчы, гэта заклала негатыўны эфект: некаторыя гульцы не змаглі ментальна перайсці на іншы ўзровень, з больш вялікімі хуткасцямі, іншай фізічнай і псіхалагічнай нагрузкай. Шэраг гульцоў дастаткова балюча перажывае тое, што яны церпяць столькі паразаў. Мы трапілі ў псіхалагічную пастку. Пераход не быў плаўным, але выбара ў нас не было. Лепш быць горшым сярод лепшых, чым лепшым сярод горшых.

Пра ідэальны фармат чэмпіянату

Чэмпіянат можа быць іншым. Ідэальна было б, калі б мы мелі у Д1 як мінімум 8 каманд. Да асноўнай шасцёркі можна з лёгкасцю дадаць БГК-2 і СКА-РДВАР.  Таксама ў кулуарах абмяркоўваецца стварэнне каманд у Віцебску і на базе БДУФК.

З дзесяці клубаў можна будаваць сапраўдную вышэйшую лігу. Упэўнены, нават калі не ўсе будуць моцнымі з самага пачатку, канкурэнцыя будзе ствараць умовы для росту, будуць з’яўляцца новыя лідары. І галоўнае: павінна узрасці цікавасць глядачоў да спаборніцтва.

Пра памылкі ў міжсезонні

Мы памылкова лічылі, што можам адпрацаваць увесь сезон тым складам, які ў нас застаўся пасля мінулага чэмпіянату, без прыцягнення «свежай крыві». Таму зусім праігнаравалі ўзаемадзеянні з мінскімі і рэгіянальнымі гандбольными школамі. Калі б мы пачалі шукаць маладых гульцоў у траўні, то ў кастрычніку ўжо б мелі падрыхтаваны рэзерв. Зараз мы робім гэта, але час згублены.

Таксама мы пераацанілі наш фізічны стан. Мы правялі стандартную для нас «прадсезонку», і нам здавалася, што гэтага дастаткова. Але ўжо ў пачатку сезона мы зразумелі, што гэта не так. Наступным летам мы будзем будаваць падрыхтоўку па-іншаму. Тут трэба ўлічваць больш напружаны графік вышэйшай лігі, іншыя патрабаванні да «фізікі».

Пра страту першых нумароў

Наша першая перамога прынесла не толькі пазітыўныя эмоцыі. Быў траўмаваны Арцём Красуцкі – наш лепшы бамбардзір (у мінулым сезоне на яго рахунку 187 галоў, за 6 матчаў гэтага сезону ён закінуў 37 мячэй). На жаль, але ў гэтым сезоне мы ўжо не ўбачым яго на пляцоўцы. Хутка мы таксама страцілі і нашага надзейнага кіпера Вадзіма Котава. Ён вырашыў працягнуць кар’еру ў іншым месцы, мы не сталі перашкаджаць яго выбару.

Абодва гульцы рабілі вялікі ўнёсак у якасць нашай гульні. Красуцкі – гэта мінімум 5-6 галоў у кожным матчы, Котаў – як мінімум 30 адсоткаў надзейнасці і некалькі выратаванняў звыш магчымасцяў сярэднестатыстычнага варатара. Цалкам замяніць іх у нас пакуль не атрымалася.

Пра рэзерв для узмацнення

Мы дастаткова хутка сарыентаваліся ў сітуацыі і вызначылі свае праблемы. Па-першае, нам не хапае хуткасці, свежыні. Без гэтых кампанентаў вопыт нашых гульцоў абесцэньваецца. Па-другое, нам не хапае глыбіні складу на некаторых пазіцыях. Па-трэцяе, мы жадаем, каб у нашых гульцоў было больш амбіцый, здаровай злосці.

Мы пільна сочым за маладымі гульцамі, займаемся пошукам тых, хто змог бы нас узмацніць. Трэба адзначыць вялікую дапамогу нашага трэнера Аляксандра Жыркевіча. Ён здолеў знайсці групу маладых цікавых гульцоў. Мы іх праглядзелі і адабралі тых, хто нам падыходзіць. Гэта добрая інвестыцыя ў будучыню. Няхай зараз ім будзе складана, але праз 2-3 гады яны маюць шанец стаць ключавымі адзінкамі нашай каманды.

Яшчэ адной добрай навіной для нашых заўзятараў стане заяўка Ігара Янчанкі. Гэта вопытны гандбаліст, які выступаў за моладзевую зборную і мае багаты вопыт выступу на клубным узроўні. Яму яшчэ ёсць што сказаць у гандболе і варыянт узаемадзеяння з ім абсалютна ўзаемавыгадны. Верым, што ён узмацніць нас.

Пра мэты на другую палову сезона

Адразу ж пасля Новага году маладыя гульцы будуць унесены ў заяўку. Калі сітуацыя ў матчах будзе дазваляць, яны будуць атрымліваць час на пляцоўцы. Пасля першага этапу мы будзем гуляць у другой чацвёрцы, там будзе крыху прасцей. Прасцей для нас і каляндар з туравай сістэмай, часу на падрыхтоўку будзе больш.

Адной з галоўных мэтаў на другую палову сезону будзе інтэграцыя моладзі і фармаванне устойлівай каманды. На гэта ў нас ёсць 19 якасных матчаў чэмпіяната і кубка. За гэты час новыя гульцы змогуць адаптавацца, прызвычаіцца да патрабаванняў, зразумець, што іх чакае ў будучыні.

Пра змены ў трэніровачным працэсе

У нас змяніўся працэс падрыхтоўкі. Мы перайшлі на інтэнсіўныя трэніроўкі. Гэта сістэма выкарыстоўваецца ў Германіі. Яе галоўная асаблівасць у зніжэнні колькасці і павышэнні эфектыўнасці заняткаў. За дзве гадзіны каманда паспявае працаваць як з фізічным станам, так і з адпрацоўкай неабходных элементаў гульні.

У апошніх матчах мы ўжо змаглі бачыць плён ад гэтай сістэмы. Палепшылася якасць паса, узраслі хуткасць гульні ў атацы, розыгрыша камбінацый, палепшыліся ўзаемадзеянні паміж гульцамі. Паціху складваецца цэласны малюнак гульні каманды.

 

Пра інфармацыную працу

Зараз мы прыкладваем шмат намаганняў у плане пазіцыянавання і інфармацыйнага прасоўвання клуба. У нас усё пастаўлена на высокім ўзроўні. Па падачы, ахопу, аператыўнасці, падрыхтоўцы матча, публікацыі вынікаў мы знаходзімся на больш высокім узроўні, чым большасць спартовых клубаў.

Інфармацыйны накірунак вельмі важны. Каманда можа паказваць добрыя вынікі, мець цікавых гульцоў, але калі клуб аб гэтым нічога не распавядае шырокай аўдыторыі, сэнса ў гэтым вельмі мала.

Пра ўзаемадзеянне са спонсарам

Інфармацыйная праца ўплывае і на ўзаемадзеянне са спонсарамі. Мы рушымся да пэўнага ахопу аўдыторыі. У нас ёсць свой невялікі, але адданы пул заўзятараў. У нас ёсць пэўныя рэкламаныя магчымасці.

Той фармат узаемадзеяння са спонсарамі, які ёсць на сённяшні дзень, лічу аптымальным. Галоўны спонсар у нас адзін – гэта лізінгавая кампанія «Адкрытая лінія». Спонсарскую дапамогу мы выкарыстоўваем, каб вырашыць базавыя пытанні ў працы клуба.

Калі мы зробім наступны крок у развіцці клуба і каманды, тады будзем разважаць пра новых спонсараў, альбо, што для нас было б лепей, пашырэнне супрацоўніцтва з існуючым. Асабіста я лічу ідэальнай сітуацыю, калі клуб і спонсар супрацоўнічаюць доўгі час і ствараюць асацыятыўную пару. Напрыклад, нямецкая страхавая кампанія «Provinzial» стала атаясамляецца са знакамітым гандбольным клубам «THW Kiel» за кошт шматгадовага супрацоўніцтва з клубам.

Пра беларускую мову

Пытанне пра выкарыстанне мовы мы доўга не абмяркоўвалі. Большасць з нас выказалася за тое, каб нашыя сацсеткі і сайт былі на беларускай мове. Гэта каштоўнасны выбар, тут не можа быць нейкіх кампрамісаў ці выключэнняў.

Дарэчы, шмат хто з нашых калег з іншых беларускіх клубаў казаў, што гэта надта смела, што мы можам згубіць частку аўдыторыі і ператварыцца ў паўмаргінальную структуру, маўляў, беларускую мову ў маркетынгавым сэнсе ніхто не ўспрымае. Мы не толькі нікога не згубілі, але і памножылі колькасць нашых заўзятараў. Тут няма чаго баяцца. Лічу, што ў беларускім клубе беларуская мова мусіць быць стандартам.

Другие посты блога

Все посты