Tribuna/Гандбол/Блоги/Беларускія віцязі/Андрэй Барвіюк: «Немагчыма ў двух словах апісаць, наколькі важна было перамагчы для нашай каманды»

Андрэй Барвіюк: «Немагчыма ў двух словах апісаць, наколькі важна было перамагчы для нашай каманды»

В.а. галоўнага трэнера “Віцязя” Андрэй Барвіюк даў сваю адзнаку дзеянням каманды ў трэцім туры чэмпіянату Беларусі ў групе “Б” і падзяліўся сваімі назіраннямі пра змены ў гульні каманды.

Автор — Ivan Sapeha
3 мая 2018, 14:30
Андрэй Барвіюк: «Немагчыма ў двух словах апісаць, наколькі важна было перамагчы для нашай каманды»

В.а. галоўнага трэнера “Віцязя” Андрэй Барвіюк даў сваю адзнаку дзеянням каманды ў трэцім туры чэмпіянату Беларусі ў групе “Б” і падзяліўся сваімі назіраннямі пра змены ў гульні каманды. 

Пра аптымальны склад

Мінулы тур даў нам больш падстаў для асэнсавання станоўчых змен, якія адбыліся цягам апошніх некалькіх тыдняў.

З улікам траўмаваных гульцоў наш склад на гэтым туры быў максімальна блізкі да аптымальнага. Пасля няўдалага першага матчу са зборнай 2000 г.н. на наступны дзень у нас атрымалася сабраць фактычна ўсіх мацнейшых гульцоў. Мы не былі вымушаныя гуляць знясільваючыя 15 хвілін у меншасці ў першай палове, і як вынік каманда ўваходзіла ў гульню хутчэй і атрымлівала перавагу ў ліку. Так было ў матчах супраць БГК-2 і "Кронана".

Пра абарону

Пасля доўгай адсутнасці хутка ўліўся ў гульнявы рытм Ілля Дударонак і ва ўзаемадзеяннях з Дзімай Бабічавым і Яўгенам Кавальчуком яны значна ўзмацнілі абарону.

На мой погляд, вялікая колькасць прапушчаных галоў - не падстава для турбот. На гэтым туры мы гулялі крыху хутчэй, чым раней. Менш вязаліся ў атацы. Такім чынам, час, які мы праводзілі ў атацы, быў значна меншы, чым раней. А гэта значыць, было больш кідкоў у выкананні абедзьвюх каманд.

Для нас такі гульнявы рытм пакуль вельмі затратны. Менавіта гэтым тлумачацца правалы ў ліку са зборнай 2000 г.н. у другой палове бліжэй да канца і ў гульні з "Кронанам" у сярэдзіне другога тайма. Наша фізічная падрыхтоўка пакуль не дазваляе адыграць 60 хвілін у аднолькавым тэмпе без правалаў, нажаль, часам вырашальных для нас.

Пра якасныя змены ў атацы

Парадавала тое, што мы робім больш абдуманых, якасных дзеянняў у атацы, стала менш страт, а значыць сталі менш прапускаць з адрываў.

Пачалі абараняцца вышэй, нашыя краі пачалі часцей ўцякаць у адрыў і актыўна ўдзельнічаюць у пазіцыйных атаках, часценька рашуча закідваюць з актыўных уваходаў (вызначу Васілевіча і братоў Юркевічаў) і з васьмі-дзевяці метраў праз "вялікіх" абаронцаў суперніка (тут добра дзейнічае Іван Юркевіч).

Трэба адзначыць нашых ляўшэй, вельмі добра разнастаіўшых нашую атаку ў суботнім і нядзельным матчах. Ілля Дударонак, Іван Юркевіч, Аляксей Баклажэц сваімі нестандартнымі ўпэўненымі дзеяннямі зрабілі вельмі вялікі ўнёсак у вынік гэтых матчаў.

Пра важнасць перамогі

Мы ўпершыню пасля доўгага перапынку змаглі перамагчы. Немагчыма ў двух словах апісаць, наколькі гэта было важна для нашай каманды. Па ходу сезону мы праходзім цяжкі перыяд адаптацыі да ўзроўню чэмпіяната Беларусі. Не ўсё гладка тут, мы сутыкнуліся з цяжкасцямі, якія не пераадольваюцца за месяц ці два.

Пасля кастрычніка мы рэдка мелі магчымасць сабраць аптымальны склад. У такіх абставінах на фоне пастаянных параз не кожны здолее знайсці ў сябе моц для таго, каб прайсці гэты шлях. Нашы шматгадовыя лідары Глеб Ваявода, Дзмітрый Бабічаў у гэтых гульнях, як і заўжды, павялі каманду за сабою. Галкіперы Ланін і Грыбаў сваім тандэмам гналі партнёраў наперад, а Яўген Кавальчук браў на сябе ільвіную долю мужчынскай барацьбы ў лініі і ў абароне.

Каманда дадае. Нажаль, мы па-ранейшаму недапрацоўваем у некаторых аспектах, што не дазваляе часцей дабівацца перамог. Рушым далей і працуем!

Другие посты блога

Все посты