Трибуна

Як жаночая зборная па баскетболе апынулася на мяжы расколу

Жаночая зборная праз два з паловай месяцы згуляе на восьмым для сябе чэмпіянаце Еўропы. Для ўсяго жаночага баскетболу Беларусі гэта будзе самым складаным і вырашальным выпрабаваннем.

БлогHOOPS BELARUS
8 апреля 2021, 04:39
0
Як жаночая зборная па баскетболе апынулася на мяжы расколу

Жаночая зборная праз два з паловай месяцы згуляе на восьмым для сябе чэмпіянаце Еўропы. Для ўсяго жаночага баскетболу Беларусі гэта будзе самым складаным і вырашальным выпрабаваннем. Тлумачу, чаму большасць гульцоў дагэтуль маўчаць і чаму ў зборнай няма ніякага расколу.

Пытанне заўзятараў пра падтрымку зборнай лунала ў паветры з лета 2020 года. У чэрвені стужкі сацыяльных сетак беларускіх баскетбалістак была забітыя здымкамі з адпачынку і падрыхтоўкі да новага сезона. Леўчанка актыўна падтрымлівала рух Black Lives Matter – за гэта ёй прылятала ад падпісантаў, маўляў, а як жа радзіма. Сітуацыя пачала змяняцца пасля зняволення і пераследу галоўных апанентаў Лукашэнкі. Самымі яскравымі прыкладамі з баскетбалістак сталі Алена Леўчанка і Кацярына Сныціна.

У нацыянальнай зборнай пакрысе адбывалася натуральнае раздзяленне. Вялікія пытанні з’явіліся да ўсіх гульцоў пасля жнівеньскіх падзей. Іх галасы хацелі пачуць – і не было важна, на якім яны баку. У вачах заўзятараў тыя, хто прамаўчаў, аўтаматычна сталі на бок улады.

Маўклівая пазіцыя баскетбалістак крытыкавалася восенню, але перадузятага стаўлення да іх не выказвалі. Маўчаць – хай маўчаць, але ўжо тады са скепсісам пачалі ставіцца да некаторых фігур у белбаскеце.

Напрыканцы лета Свабоднае аб’яднанне спартсменаў прэзентавала свой ліст. Троіна, Брыч, Масько, Ліхтаровіч, Леўчанка, Марчанка, Сныціна сталі яго падпісантамі. Дарэчы, калі вы ўважліва назіраеце, то пабачыце адну заканамернасць: яго падпісалі гульцы, што скончылі кар’еру ці тыя, хто гуляе за мяжой.

Адказам на ліст Свабоднага аб’яднання спартсменаў быў праўладны ліст, які нібыта напісаў аж сам рэдактар «Спартыўнай панарамы» і зацвярджаў яго на ўсіх узроўнях нашай спартыўнай бюракратыі.

Да праўладнага ліста, які з’явіўся зімой, грамадзянская пазіцыя астатніх баскетбалістак заставалася для большасці невядомай. Яго з’яўленне пакідала месца для манеўру тым, хто і далей працягваў маўчаць і гуляць у баскетбол. Ліст можна было не падпісваць, але важнай умовай было не падпісваць і ліст за сумленныя выбары. Па чутках, калі хтосьці збіраўся выказаць грамадзянскую пазіцыю, таго вельмі настойліва папярэджвалі: спачатку звальняйцеся.

Памятаеце гісторыю баскетбалісткі гродзенскай «Алімпіі» Юліі Васілевіч? Узімку яна публічна заявіла, што праўладны ліст падпісваць не збіралася, і прасіла выкрасліць імя са спісу. Ёй саступілі, прозвішча знікла, а наступстваў не было (гучыць максімальна дзіўна, што нейкія наступствы павінны быць) – паехала нават на кваліфікацыю Еўрабаскета. Акрамя яе ў лісце фігуравалі імёны баскетбалістак і трэнераў гродзенскіх каманд.

Маўчанне зорак зборнай інтрыгавала і абурала адначасова. Амаль усе прамаўчалі пасля арышту Леўчанкі, некаторыя адмаўлялі нават у афіцыйных каментарыях. І вось праўладны ліст быў штуршком для выказвання пазіцыі, сваёй нязгоды ў дачыненні да пратэсту і падтрымкі ўлады адначасова. Першай і пакуль апошняй была Юлія Рыцікава. Чаму яна падпісала той ліст? Гэта можна прасачыць па храналогіі.

Восенню стала вядома, што муж Рыцікавай працуе ў міліцыі. Гэта было вядома і раней тым, хто доўгі час сочыць за беларускім баскетболам і чытаў інтэрв’ю Юліі. Аднак грамадскасць быццам бы ў другі раз адкрыла Амерыку. Храналогія падпісання ліста Рыцікавай была такой: дадзеныя яе мужа і яе самой трапілі ў інтэрнэт, па чутках баскетбалістцы пачалі прыходзіць не вельмі добразычлівыя паведамленні, а затым яна стала падпісантам праўладнага ліста.

Пытанні да галоўнага трэнера нацзборнай Наталлі Трафімавай з’явіліся яшчэ летам. Яе твар разам з паплечнікам дырэктарам «Гарызонту» Львовічам з’явіўся ў допісе ў суполках «Гарызонту», дзе клуб так прадбачліва падтрымлівае «дзеючую ўладу». Рэакцыя на гэты допіс ускаланула інтэрнэт, а пасля майго паста на «Трыбуне» чамусьці пачало палаць ужо ў федэрацыі.

«Доверяем нынешним органам». «Горизонт», прости, но это просто стыдно

 

Трафімава засвяцілася на лукашэнкаўскіх мерапрыемствах крыху пазней. Зімой яна ўжо сядзела сярод тысячы неабыякавых членаў працоўных калектываў на так званым Усебеларускім народных сходзе, а затым прысутнічала на сходзе НАК, дзе на самых сумленных выбарах абіралі новага прэзідэнта са старым прозвішчам. Трафімава кіруе «Гарызонтам», дзе заснавальнікам значацца дзяржаўныя канторы. Выказванне свайго меркавання, напэўна, абазначала б звальненне, наступствы для клуба і, магчыма, для зборнай.

Вясной Леўчанка нарэшце назвала імя экс-калегі, якая папярэдзіла яе пра магчымае затрыманне. Ёй аказалася Настасся Верамеенка. Па словах Леўчанкі, Верамеенка выказалася супраць пратэсту. Сама Верамеенка ніяк не каментуе сітуацыю, што адбылася, ды і інтэрв’ю баскетбалісткі апошнім часам не з’яўляюцца ў СМІ. Яна не падпісала ні ліст за сумленныя выбары, ні праўладны. Па сутнасці, Верамеенка абрала пазіцыю маўклівага назіральніка.

Безумоўна, баскетбалісткі ідуць на здзелку з сумленнем. Большасць не можа сказаць нічога публічна па некалькіх прычынах:

– таму што яны падтрымліваюць уладу, а лішняе інтэрв’ю падорыць масу негатыву;

– таму што яны, як і даволі вялікая частка насельніцтва, яшчэ думаюць, што нічога не зменіцца;

– таму што яны баяцца страціць працу.

Галоўнае пытанне: ці ёсць раскол у зборнай? Яго няма, бо нацыянальная каманда без Сныцінай засталася цяпер маўклівым сімвалам беларускага баскетболу. І вось яшчэ такое адкрыццё. Баскетбалісткі супраць гвалту, толькі яны занятыя гульнёй. Яны супраць збіцця суайчыннікаў, але трэба вывучаць камбінацыі перад Еўрабаскетам. Паверце, што выказванні экс-гульцоў ніякім чынам не ўплываюць на тое, як зборная будзе гуляць на чэмпіянаце Еўропы. А як яна згуляе, гэта ўжо іншае пытанне.

Камандная «хімія» і згуртаванасць дзеля перамогі – гэта другаснае. Цяпер зборная, яе члены, трэнерскі штаб сутыкнуліся з іншым пытаннем: як выжыць падчас рэвалюцыі і дыктатуры, каб не пацярпець.

У мяне ёсць адказ, ці выжывуць яны. Усё будзе добра, але давер шматлікіх заўзятараў, якіх вы страцілі, больш не вернецца. І многія баскетбалісткі ўжо абралі свой шлях, на якім выжыванне важней, чым сумленне і свабода. Нам усім няма за што крытыкаваць такі выбар, бо ўсе, хто змагаецца за Новую Беларусь, вераць у свабоду выбару.

Другие посты блога