Tribuna/Футбол/Блоги/Звязда/Ксенія Мірная: «Навучыла жонку Федэрэра гатаваць боршч»

Ксенія Мірная: «Навучыла жонку Федэрэра гатаваць боршч»

Смачныя бабуліны блінцы, захапленне Сальвадорам Далі, квіткі на тэніс, якія раздаваліся вучням у вучылішчы, і кнігі, што так любяць чытаць дзеці. Аб гэтым і не толькі распавяла Ксенія Мірная, жонка самага знакамітага беларускага тэнісіста, шчаслівая маці чатырох дзетак.

Блог — Звязда
Автор — Звязда
17 октября 2015, 11:29
4
Ксенія Мірная: «Навучыла жонку Федэрэра гатаваць боршч»

Смачныя бабуліны блінцы, захапленне Сальвадорам Далі, квіткі на тэніс, якія раздаваліся вучням у вучылішчы, і кнігі, што так любяць чытаць дзеці. Аб гэтым і не толькі распавяла Ксенія Мірная, жонка самага знакамітага беларускага тэнісіста, шчаслівая маці чатырох дзетак.

«Я — настаўнік. І гэта маё прызначэнне»

— Ксенія, як праходзяць вашы амерыканскія будні?

— А даліся вам гэтыя амерыканскія будні (смяецца). У нас самае актыўнае і цікавае жыццё праходзіць якраз у Беларусі, дзе нашы дзеці таксама ходзяць у дзіцячы садок, школу. У іх ёсць сябры і іншыя мінскія інтарэсы: тэніс, тэатр, гурткі, дадатковыя заняткі…Шмат увагі наша сям’я надае яшчэ аднаму дзецішчу – спартыўнаму цэнтру імя Максіма Мірнага. Безумоўна, пакуль Максім лётае па свеце і ўдзельнічае ў спаборніцтвах, а маё жыццё круціцца вакол нашых дзяцей, асноўную нагрузку па кіраванні цэнтрам усклаў на сябе Мікалай Мікалаевіч, тата Макса, але ён заўжды раіцца з намі, вучыцца сам і вучыць нас, як весці падобны бізнес.

— Цытата з аднаго вашага інтэрв’ю: “Усе падзеі і майго, і яго жыцця складваліся так, што мы рана ці позна, калі сустрэліся ў адным месцы, павінны былі зразумець, Максім шукаў мяне, а я шукала яго”. Вы верыце ў прадвызначанасць жыццёвых падзей?

—Калі ў цябе чацвёра дзяцей, ты хочаш не хочаш, але паверыш у тое, што гэта было наканавана, за што я празмерна ўдзячна Богу. Але калі б мы самі да гэтага не імкнуліся, нічога б не было. Ёсць добрая прымаўка: “На Бога спадзявайся, але сам не агінайся”. Аднак часта людзі самі не ведаюць, чаго хочуць. І як у такім выпадку лёсу справіцца з падобнай задачай?

— За знаёмства з Максімам вы ўдзячны мадэльнаму бізнесу?

— Мне наогул здаецца, што я ніколі не была ў мадэльным бізнесе. Гэта, як вы гаворыце, сам лёс падкінуў мне лесвічку. Я – настаўнік, і гэта маё прызначэнне, прафесія. Але я не хацела абмяжоўваць сябе. Пастаянна імкнулася развівацца і ў другіх напрамках: мастацтва, тэатр, музыка, касметалогія і, нарэшце, свет моды. З’явілася магчымасць бясплатна прайсці курсы ў мадэльным агенцтве. Чаму б і не? Гэта ж цікава – даведацца, як правільна хадзіць, апранацца, фарбавацца. Мяркую, кожнай дзяўчыне падобныя ўрокі былі б даспадобы. Не скажу, што я разлічвала на поспех. У 23 гады рэдка пачынаюць кар’еру мадэлі. Проста хацелася паспрабаваць сябе ў гэтай дзейнасці і ў мяне атрымалася. У конкурсе “Твар новага веку” мне прысвоілі тытул “Міс Фота”. З’явіліся праекты, пайшла рэклама, паказы моднага адзення. На адным з іх я і сустрэла Макса. Так, за гэта я ўдзячная. Толькі не мадэльнаму бізнесу, а Богу, бо прасіла падказаць мне, хто ён, мой лёс. Ну а калі «апусціцца» на зямлю, хачу падзякаваць Тамару Ганчарову, гаспадыню мадэльнага агенцтва. Калі яна заўважыла ў Макса сапраўдны інтарэс да мяне, усяляк спрабавала запэўніць яго, што мяне не заваяваць. Маўляў, яна вельмі сур’ёзная і занятая, каб з ёй фліртаваць. Праўда, я тады сапраўды была занятая: вучылася ва ўніверсітэце, які пасля скончыла з чырвоным дыпломам, выкладала маляванне ў адной са сталічных гімназій, іграла ў аркестры народных інструментаў (скончыла музычную школу па класе домры), у кампаніі “Мэры Кэй” падпрацоўвала кансультантам па прыгажосці. Часам задумваюся, як усё гэта паспявала? Макс, напэўна, таксама так думаў і прапанаваў сябраваць  — без умоў, без прэтэнзій, неяк чыста, прыгожа і па-добраму.

— Стасункі з тэнісістам, напэўна, зрабілі з вас сапраўднага спартыўнага заўзятара?

— Яшчэ якога! Перажывала за яго падчас усіх матчаў. Асабліва, калі гуляў за Беларусь у розыгрышы Кубка Дэвіса. Калі матчы праходзілі ў Мінску, я прасіла сяброў, калег па працы прыйсці, падтрымаць, “пахварэць”, раздавала квіткі сваім вучням, а пасля зрывала голас: “Макс, давай! Наперад, я разам з табой!” Скакала ад радасці, калі перамагаў, шкадавала, калі мокры і стомлены пакідаў корт. Усё было! Пра сам тэніс я даведалася ад Максіма і яго бацькі, які цярпліва тлумачыў мне тое, што трэба ведаць і ў чым неабходна разбірацца. Дарэчы, спортам я захаплялася яшчэ да знаёмства з Максам: займалася фітнесам. Была нават такая тэлевізійная перадача, дзе разам з другімі дзяўчатамі мы паказвалі комплекс практыкаванняў. Але ж гэта ўсё балаўство ў параўнанні з тэнісам, з якім мне давялося пазнаёміцца.

— Некаторыя сваякі спартсменаў ад хвалявання выключаюць тэлевізар, не глядзяць спаборніцтвы. А вы пастаянна сочыце за матчамі Максіма? Хто ў доме галоўны заўзятар?

— Дзеці! Яны актыўна «хварэюць» за тату. А я крыху паастыла ў сваіх эмоцыях. Безумоўна, хачу, каб ён і надалей перамагаў. Праўда, у той жа час думаю аб тым, каб ён больш часу праводзіў дома, быў здаровы… Але я ніколі не забудуся, калі Макс у пары з Вікай Азаранкай перамог на Алімпіядзе ў Лондане, і мы з дзецьмі шчаслівыя стаялі перад тэлевізарам, глядзелі, як беларускі сцяг узвышаецца над астатнімі. Пасля ўручэння залатога медаля, дзеці павыскоквалі ў двор, пачалі танцаваць і крычаць: “Ура! Тата перамог! Бе-ла-русь! Ура-а-а-а!”.

— Дарэчы, ці часта бавіце час разам з сем’ямі іншых тэнісістаў?

— Сем’ямі мы сустракаемся толькі тады, калі прыязджаем на турніры. Дзеці гуляюць, а мы,  мамы, можам пагутарыць. Пэўны час сябравалі з сям’ёй Роджэрам Федэрэра, іх пара старэйшая за нашу на паўгода. Неяк нават гасцілі ў іх доме ў Швейцарыі. Пакуль Макс з Роджэрам трэніраваліся, мы з яго жонкай абменьваліся кулінарным досведам. Я навучыла Мірку гатаваць боршч, сырнікі, а яна мяне – пасту і фруктовыя кактэйлі. У іх, як і ў нас, чацвёра дзетак – 2 дзяўчынкі і 2 хлопчыкі.

«Дома свята, калі Макс вяртаецца са спаборніцтваў»

— Сына Дзяміда вы назвалі ў гонар прадзеда Максіма. А ў гонар каго вы далі імёны Маланні, Пётры і Трафіму?

— Малання… Мы доўга шукалі імя для першага дзіцяці. Мне хацелася, каб яно было прыгожым і абавязкова праваслаўным. Усе імёны, што прапаноўваліся ў сям’і, па нейкіх прычынах кагосьці не задавальнялі. А нам хацелася, каб яно было мілым сэрцу кожнага. Макс мяне называе мілай. Пачалі прымяраць Мілана, Міла, аднак усё роўна было нешта не тое. Імя хоць і прыгожае, але не нашае. Аднак у царкве нам аднойчы падказалі, што ёсць праваслаўнае імя Малання. І гэта было для нас сапраўдным адкрыццём! На той час маім любімым літаратурным персанажам была Мелані з рамана “Знесеныя ветрам” Маргарэт Мітчэл. Вось тут пазл і сышоўся.

Імя Пётра чамусьці некаторым здаецца дзіўным. Нават пытаюцца, дзе мы такое знайшлі? А ўсё насамрэч вельмі проста. Мой дзядуля быў Пятром, у сям’і Максіма таксама былі мужчыны з гэтым імем і па матчынай лініі, і па бацькавай. Добрае імя. Толькі ў нас яно гучыць крыху на замежны лад, бо ў нашай традыцыі не мае жаночага канчатку, але мы знайшлі яго ў царкоўным календары і з бласлаўлення духоўнага айца ахрысцілі дачку Пятроніяй. Зрэшты, ніхто ж цяпер не здзіўляецца, калі дзяўчынак называюць Аляксандрай, Валерыяй, а калісьці гэтыя імёны былі выключна мужчынскімі. Дома дачушку ласкава называем Пятрушай. Дзякуючы цвёрдаму імя, у яе моцны характар. Я нават сказала б, што ён спартыўны, аднак у той жа час яна ласкавая, трапяткая і шчодрая дзяўчынка.

Так, Трафім Максімавіч… Была ў Макса прабабця Ксенія Трафімаўна. Вось у гонар яе таты яго і назвалі. Ніхто, праўда, не памятае, якім чалавекам быў той Трафім, але, мяркуем,  добрым, а калі не, дык у нашага Трафімушкі ёсць шанц даць гэтаму радавому імя новы подых. У перакладзе на англійскую мову яно гучыць як трафей. Таму ён проста абавязаны старацца быць годным чалавекам.

— Дарэчы, Максім неяк прызнаўся, што Малання марыць прадставіць Беларусь на Еўрабачанні. 

— Пра тое, што дачка “марыць” выступіць на гэтым конкурсе, самі даведаліся з газет. Любіць ваш брат-журналіст фантазіраваць. Мы толькі сказалі, што заўжды глядзім Еўрабачанне, падтрымліваем нашых выканаўцаў, а нашы дочкі любяць спяваць. Так, яны займаюцца вакалам. Між іншым, нашай першай выкладчыцай, з якой пазнаёміліся ў Амерыцы, была Святлана Стрэзава з Малдовы. Яна напачатку 1980-х стала лаўрэаткай першай прэміі на Усесаюзным конкурсе вакалістаў імя Глінкі ў Мінску. Менавіта ёй мы ўдзячныя за тое, што разгледзела ў нашых дочках здольнасці і дала добры старт для далейшага развіцця. Дзяўчаты таксама займаюцца танцамі і іграюць на фартэпіяна, а Малання яшчэ авалодала флейтай і выступае ў складзе аркестра. Дзямід таксама не адстае і нядаўна пачаў вывучаць музычную грамату. Усе дзеці любяць маляваць. Нават малодшы Трафім ужо не расстаецца з фламастарамі і выкарыстоўвае іх як руль для хады. Пра тое, кім у будучыні хочуць стаць дзеці, раскажу, цытуючы нядаўнюю іх размову. Пётра пытаецца ў Маланні:

— Ты ў якім узросце хочаш стаць мамай?

Малання кажа з важным выглядам:

— Спачатку я хачу добра скончыць школу, атрымаць адукацыю, працу, а пасля буду пра гэта думаць.

— А я ў 27. Толькі пакуль не ведаю, кім мне лепш быць: ветэрынарам, плыўчыхай ці акрабаткай… — сказала Пётра.

Тут у размову ўмяшаўся Дзямідка:

— А я хачу быць “усіхняй” прафесіяй!

— То бок, кім ты хочаш быць? — звярнулася да яго Малання.

— Я хачу быць, каб усё ўмець!

— На якіх сямейных святах вы стараецеся за сталом сабраць усю сям’ю?

— Сямейнае свята для нас – гэта калі Макс вяртаецца дадому. Тады ўсе збіраюцца за вялікім сталом, на якім шмат розных прысмакаў і любімых страў. Дзеці звычайна просяць прыгатаваць плоў альбо дранікі. На традыцыйныя святы Маланка і Дзямідка “замаўляюць” мой салат “аліўе з сакрэтам”, а на дэсерт мы разам майструем пірожнае “бульбачку”. Дзядуля Мікалай у нас недасяжны майстар па піражках. Мы таксама любім ягоныя шашлыкі. Бабулі балуюць нас блінцамі. Мая маці – пышнымі аладкамі на дражджах, а маці Макса – хрусткімі макароннымі аладкамі, якія ён любіць з самага дзяцінства. У доме адразу робіцца шумна і весела. Пасля Макс дастае прыхаваныя падарункі-сувеніры, прывезеныя з розных краін, трафеі. Ну а дзеці закідваюць тату сваімі вырабамі і малюнкамі. Наступны дзень у нас спартыўна-забаўляльны. Дзеці любяць гуляць у футбол разам татам і дзядулем. Прычым дзяўчаты не адстаюць ад “хлопчыкаў”. Бабуля Таня, маці Максіма, — таксама вельмі спартыўная – садзіцца на шпагат, стаіць на галаве, а таму дзеці пастаянна робяць “колы” і ходзяць на руках. Макс пастаянна прыдумвае розныя вясёлыя і цікавыя практыкаванні. Мы таксама любім усёй сям’ёй катацца на роварах. Адным словам, з намі не засумуеш. Я толькі і паспяваю ўсё фіксаваць на камеру.

— Хто з дзетак ваш галоўны памочнік па доме?

— У нас у кожнага дзіцяці ёсць свае абавязкі. Робяць і тое, што ім больш падабаецца. Ну вось, напрыклад, сачыць за тым, каб у папугаяў была ежа і парадак у клетцы – абавязак Пятрушы. Яна таксама любіць раскладваць посуд, відэльцы, лыжкі пасля мыйкі. Дапамагаць прыбіраць у лазні – любімая справа Дзяміда, а вось збіраць цацкі – яго абавязак. Малання, старэйшая дачка, безумоўна, мой галоўны памочнік ва ўсім. Яна ў нас адказная, самастойная, патрабавальная. Аднак дзеці ёсць дзеці, і яны часам, безумоўна, лянуюцца і сваволяць.

— Якія кнігі чытаеце ім перад сном?

— Літаральна на днях зачытвала дзецям цікавыя ўрыўкі з дарослай кнігі Паўла Санаева “Пахавайце мяне за плінтусам”. Пра тое, як хлопчык чакаў маці і як марыў аб магнітафоне. Дзеці цяпер растуць дапытлівыя і здольныя разумець часам больш, чым мы думаем. Безумоўна, такія рэчы трэба чытаць з перыядычным тлумачэннем і  асаблівай інтанацыяй. Мялаша вельмі зацікавілася, прасіла не спыняцца. Дзямід таксама паплакаў некалькі разоў, а Пётра спрабавала зразумець, чаму хлопчык так хацеў магнітафон. Дзяўчаты, безумоўна, чытаюць самі. У Пётры зараз любімая кніга англамоўная “How to be the best everything” (“Як быць лепшай ва ўсім”), аднак любіць чытаць і на рускай мове. Маланні падабаюцца кнігі пра падарожжы. Любіць казкі, прычым кожны раз захапляецца тым, як іх шмат у нашай культуры. Пры гэтым сястрычкі заўжды будуць з асалодай слухаць, калі я альбо тата чытаем Дзяміду, які ў захапленні ад розных пазнавальных кніг і энцыклапедый. Яго цікавіць увесь свет: дзе жыве Бог, як уладкаваны чалавек, якімі былі дыназаўры. Ён наогул любіць пафіласофстваваць. Я абажаю падобныя хвіліны.

«Неяк размалявала лесвічную пляцоўку героямі мультфільмаў, і іх не зафарбавалі»

— Ксенія, вы неяк сказалі, што сцены вашага дома ўпрыгожваюць вашы мастацкія працы. Адкуль такі творчы інтарэс?

— Свае мастацкія здольнасці я атрымала ў спадчыну ад бацькі. Я і цяпер памятаю, як ён падпісваў прачытаныя кнігі сваім каліграфічным аўтографам і маляваў сябе ў выглядзе мушкецёра. Мяне гэта захапляла. А мае задаткі выявіліся толькі ў педагагічным каледжы, калі выкладчык па методыцы малявання Васіль Сцежкін звярнуў увагу на характар маіх прац і не толькі настаяў развіваць здольнасці, але і паспрабаваць паступіць у педагагічны ўніверсітэт на факультэт пачатковых класаў і выяўленчага мастацтва. На завочнае не прайшла – не хапіла аднаго бала. Са мной паступалі хлопцы і дзяўчаты з мастацкіх школ, на фоне якіх я была дылетантам. Маці верыла ў мяне і хацела, каб паспрабавала яшчэ раз. У выніку я паступіла на дзённае аддзяленне. Там мне пашанцавала вучыцца ў таленавітага мастака і выкладчыка Віктара Данілава. Ён цудоўны чалавек. Мы вельмі любілі ягоныя пленэры. Колькі пейзажаў мы намалявалі, колькі замкаў і палёў абышлі! Ён улюбіў нас у прыроду Беларусі! Гэтым летам я пазнаёміла з ім сваіх дзетак. Яны ў захапленні і просяцца да яго на ўрокі. Што я люблю маляваць? Нейкі час “бамбіла” ў стылі “гумарыстычны арт”. Падсадзіў мяне на яго бацька Максіма. Прывёў на выставу мастакоў, паказаў стыль, які яму больш за ўсё падабаецца, і азадачыў: “А табе слабо?» Ну я і завялася. У стылі Уладзіміра Стэльмахава ў нашай кватэры шмат прац. Аднойчы я размалявала нашу лесвічную пляцоўку персанажамі савецкіх мультфільмаў, і іх гадоў 10 ужо ніхто не замалёўвае. Пасля мяне накрыў Сальвадор Далі. Капіявала яго для сябе і сяброў. У яго працах мне спадабаліся яркія фарбы і філасофія. Аднак найбольш мне падабаюцца партрэты алоўкам. Малявала акцёраў, Максіма, бацькоў, сяброў.

Мой любімы мастак Валянцін Сяроў, майстар, які ўзвёў звычайны накід у ранг твораў мастацтва. З сучаснікаў мне падабаецца Вікторыя Кірдзій. Я вельмі люблю дарыць паштоўкі з яе творамі, насычанымі сэнсам.

— 6 гадоў, якія вы адпрацавалі ў сувораўскім вучылішчы выкладчыкам, напэўна, пакінулі шмат успамінаў?

— Сувораўскае вучылішча – мая любоў на ўсё жыццё. Калі сыходзіла адтуль, плакала. Там я адбылася як выкладчык, як псіхолаг, нават як сцэнарыст, касцюмер і рэжысёр. Мы з кадэтамі паставілі тры спектаклі. Прычым шмат касцюмаў да іх рабілі самі. Са скрынак стваралі дэкарацыі. Памятаю, як гарэлі ў хлопцаў вочы, як яны перажывалі, каб усё атрымалася. Як я захаплялася выкладчыкамі нашай кафедры. Дзякуючы маім калегам у мяне склалася мадэль сямейных узаемаадносінаў. Я шмат чаму навучылася ў гэтых сценах, якія, на дзіва, і сёння ўпрыгожваюць працы, зробленыя маімі вучнямі. Я сачу за лёсамі многіх хлопцаў. Кантактую з іх жонкамі, ведаю, як завуць іх дзетак. Яны дзеляцца са мной сваімі думкамі, горам і радасцю. Сёлета я была на сустрэчы з першым сваім выпускам. 15 гадоў прайшло, як яны скончылі вучылішча. За гэты час столькі ўсяго змянілася. Сваё працоўнае месца паказала і сваім дзецям. Было неверагодна чулліва. аланні:

— Кожны год вы праводзіце пэўны час у ЗША. Ці хутка адаптаваліся да заакіянскага жыцця?

— Упершыню прыляцела ў Амерыку ў 2001 годзе. Максу тады споўнілася 24 гады, і мы адзначылі дзень народзінаў непасрэдна ў самалёце. Ён запрасіў мяне на месяц, а пасля прылятала на зімовыя канікулы, на летнія, а потым ён папрасіў мяне звольніцца з працы і забраў замуж. Адаптавалася я паступова. Спачатку да клімату (у Фларыдзе надта вільготна і горача), пасля да людзей, другой культуры, да мовы. Памятаю, як я баялася зняць слухаўку, калі звінеў тэлефон — амерыканская мова адрозніваецца ад англійскай, якую нам выкладалі ў школах і інстытутах. Але Макс цярпліва вучыў: «Кажы, хэлоў», калі не зразумела, выбачайся і прасі паўтарыць больш павольна, «пліз»… Але, шчыра кажучы, мне падаецца, што я цалкам так і не адаптавалася. Не, лепш сказаць так. Мы адаптавалі акалічнасці пад сябе. Усё ў нас там па-нашаму: і сябры, і мова, і фільмы, і бібліятэка. А цяпер нават і лазня.

— А якія якасці вам найбольш імпануюць у амерыканцах?

— Мне падабаецца іх бязмежная ветлівасць. На кожным кроку ты чуеш «прабачце», «калі ласка», «дзякуй»… І ўсё гэта з усмешкай, незалежна ад настрою, у якім ты іх заспеў. Але здзіўляе і прамалінейнасць мыслення. Усё ж такі розум нашага чалавека, як мне падаецца, больш спрытны.

— А мадэль выхавання дзяцей здзівіла? 

— Безумоўна, я шмат адкрыла для сябе, нават запазычыла ў амерыканцаў. Напрыклад, на нашай дзіцячай пляцоўцы лунаюць два сцягі – беларускі і мінскі. Мне падабаецца, як у амерыканскіх дзецях выхоўваюць патрыятызм. У Беларусі часам саромеюцца гэтага. Аднак у апошнія гады і ў нас надаюць шмат увагі выхаванню гэтай якасці. Сёлета, калі былі ў Мінску, нашы дзеці самі папрасілі мяне размаўляць з імі па-беларуску і падмячалі шмат разоў, што гэта вельмі меладычная і ласкавая мова. А для мяне яна проста шчырая.

У той жа час, я часта сустракаюся ў амерыканскіх бацькоў з больш спакойным стаўленнем да дзяцей, чым у нас. Ну не дазволіць наша мама сядзець дзіцяці на падлозе ў аэрапорце, альбо хадзіць з саплівым носам. Калі ўваходзіш у дом, у нас прынята здымаць абутак, а там не. Мы з Максімам выхоўваліся ў іншым грамадстве. Магчыма, былі і перагібы, але мы ад гэтага горшымі не сталі.

— Ксенія, мне падаецца, што многія з вашых мар ужо ажыццявіліся. Але якія з іх чакаюць сваёй чаргі?

— Я заўжды марыла аб вялікай, шчаслівай і дружнай сям’і. Для мяне гэта ўсё, дзеля чаго я жыву. Ну а аб чым яшчэ можа марыць маці чатырох дзетак? Каб мір быў на зямлі. Каб дзеці былі выхаванымі, здаровымі і ўдзячнымі. Прычым зычу гэтага ўсім дзецям на зямлі!

Другие посты блога

Все посты