Звязда
Блог

Аляксандр Куль: «Пра нас загаварылі тыя, хто баскетболам нават не цікавіўся»

Як беларуская мова і міфалогія стала фішкай «Цмокаў».

Флагман айчыннага баскетбола, самы тытулаваны клуб краіны, сёння вылучаецца не толькі сваімі спартыўнымі перамогамі, але і паспяховым маркетынгам. Перш за ўсё, пра гэта сведчыць колькасць заўзятараў, якія прыходзяць на гульні каманды, і атмасфера, якая пануе на баскетбольных паядынках. Сёння можна казаць, што «Цмокі» — адзін з самых беларускіх спартыўных клубаў краіны, бо яго талісманам з’яўляецца герой беларускіх паданняў. Новая назва з’явілася тры гады таму, але не ўсе ведаюць, адкуль яна і хто такі менавіта баскетбольны цмок. Пра тое, як прыйшла ідэя перайменаваць клуб і якая рэакцыя была ў заўзятараў, расказаў былы гулец, аўтар ідэі, а сёння ўжо дырэктар цэнтра эканамічнага развіцця і спартыўнага маркетынгу Аляксандр Куль.

18-20

Аляк­сандр Куль — экс-цэнт­ра­вы збор­най Бе­ла­ру­сі па бас­кет­бо­ле, пе­ра­мож­ца ма­ла­дзёж­на­га чэм­пі­я­на­ту Еў­ро­пы-1994, за­вяр­шыў пра­фе­сій­ную кар’­е­ру спарт­сме­на ў клу­бе «Мінск-2006».

— Аляксандр, як атрымалася, што з гульца вы сталі дырэктарам ды яшчэ такога творчага аддзела?

— Пасля таго, як скончыў гуляць у баскетбол, некалькі месяцаў шукаў працу, а потым прапанавалі вярнуцца ў клуб, толькі ўжо ў іншай якасці. Гэта вяртанне да справы майго жыцця. Не ведаў, як можа скласціся з маркетынгам, але аказалася, тут апетыт прыходзіць падчас яды, энтузіязму з года ў год усё больш. Да таго ж я заўсёды лічыў сябе творчай асобай і атрымаў адукацыю ў амерыканскім універсітэце па спецыяльнасці спартыўны менеджмент і маркетынг.

А тое, што я ведаю баскетбол знутры, дапамагае мне быць пасярэднікам паміж унутраным баскетбольным светам і вонкавым. Я спрабую зводзіць іх разам, знаходзіць рэчы ўнутры баскетбола, якія маглі б быць цікавыя заўзятару.

— Вам прыйшла ідэя перайменаваць клуб?

— Калі я быў дзейным спартсменам, нават не задумваўся, чаму менавіта так называлася мая каманда (Мінск-2006). На той момант галоўным быў вынік матчаў, усё астатняе пустое. А калі пачаў працаваць над прасоўваннем клуба, то паглядзеў на гэта зусім з іншага боку. На той момант у аддзеле маркетынгу працаваў я адзін: сам сабе і начальнік і падначалены. Я зразумеў: такі брэнд прасоўваць будзе нялёгка — старая назва, вядома, простая, зразумелая, лёгка запамінаецца, але не выклікае ніякіх пытанняў, а значыць, і цікавасці. Патрэбна была новая ідэя.

Неяк выпадкова наткнуўся на прэзентацыйны ролік новага праекта арганізацыі, якая прапагандуе культуру Беларусі, яе гісторыю ў свеце. Іх ідэя складалася ў тым, што асацыяцыі нашай краіны з зубрамі і бусламі ўжо заезджаныя, а Беларусь — краіна цмокаў. Мне здалося гэта вельмі цікавым. Я пагаварыў з людзьмі з гэтай кампаніі, і яны былі не супраць, калі мы часткова скарыстаемся іх прыдумкай. Я быў упэўнены, што цмок — гэта ўнікальны харызматычны характар у міфалогіі і культуры, які можа стаць брэндам.

Спачатку ўспомніў усё, што сам ведаў з дзяцінства пра такога персанажа, «пералапаціў» у інтэрнэце многія крыніцы, сустрэўся з «цмокаведамі», каб даведацца як мага больш. Пасля ўсіх гэтых пошукаў зразумеў, наколькі глыбокі характар цмока, там шмат і філасофіі і тэалогіі. У некаторых аспектах цмока лічылі негатыўным героем, але на самой справе нічога злога ў ім няма.

— Што ён з сябе ўяўляе?

— Наш цмок унікальны, таму што аб’яднаў у сабе ўсе чатыры стыхіі: ваду, зямлю, паветра і агонь. Яго характар, а значыць, і клуба, мы добра выказалі ў слогане: «Вада — эмоцыі, агонь — адвага, паветра — спрытнасць, зямля — упэўненасць».

Баскетбол — гульня вельмі эмацыйная, з сітуацыямі, якія хутка змяняюцца. Кажуць, баязлівец не гуляе ў хакей, але забываюць, што баязлівец не гуляе і ў баскетбол; каб выходзіць і перамагаць, патрэбна адвага. Баскетбалісты, вядома, не спрынтары, але спрытнасць нам неабходна, як фізічная, так і ў мысленні. Без упэўненасці ў сабе няма чаго і выходзіць на пляцоўку.

— Як успрыняла гэтую ідэю кіраўніцтва клуба?

— Спачатку пра гэта я расказаў нашаму намесніку дырэктара (цяпер гэта генеральны дырэктар клуба Юрый Шакола). Ён наогул не ўспрыняў гэта сур’ёзна. Прайшло некалькі дзён, і Юрый Іванавіч кажа мне: «А ты ў курсе, што ў беларускай гісторыі цмок — гэта наогул змей, а не дракон?» Ага, падумаў я, значыць, усё ж гэтая ідэя зацікавіла. Я растлумачыў, што ў некаторых паданнях гэта насамрэч не дракон, а нешта сярэдняе, падобнае на хатняга змея, у іншых — гэта цар вужоў. У выніку, ён сказаў, што гэта цікава і трэба спрабаваць. Так з’явіўся беларускі баскетбольны цмок.

18-19

— Як на перайменаванне адрэагавалі аматары баскетбола?

— Такі рэбрэндынг выклікаў шмат і станоўчых, і адмоўных водгукаў. Пра нас загаварылі тыя, хто баскетболам нават не цікавіўся. Хапала і крытыкі, некаторыя людзі нават не разумелі значэння гэтага слова, звязвалі назву з пацалункамі. Казалі, што гэта занадта жаночае імя для баскетбола…

А вось за мяжой адразу добра паставіліся да гэтага, вядома, большасць не ведаюць значэння слова цмок, але калі я расказваю, усе згаджаюцца, што гучыць назва цікава.

— Сёння, думаю, не толькі рэбрэндынг можна назваць паспяховым, але і ў цэлым вашу працу, бо наведвальнасці мужчынскай каманды «Цмокаў» пазайздросціць любы беларускі клуб.

— Гэта заканамерна, бо мы гуляем матчы на «Мінск-Арэне»; ніякі іншы клуб нашай краіны, на жаль, не мае такой магчымасці. У асноўным баскетбольныя залы, у якіх праходзяць матчы чэмпіянату рэспублікі, маюць 200-300 пасадачных месцаў.

Да «Цмокаў» зусім іншы інтарэс, мы гуляем у міжнародных турнірах. У нас розныя бюджэты, мэты і задачы, рэкламныя магчымасці, тэлевізійныя трансляцыі. Таму я б нават не параўноўваў гэтыя рэчы. Мы сёння, хутчэй ужо, раўняемся на клубы Адзінай лігі ВТБ або каманды, якія выступаюць у еўракубках.

Сезон таму Адзіная ліга ВТБ вяла статыстыку па сярэдняй наведвальнасці, і мы былі там на першым месцы па выніках сезона. Няхай нават «Цмокі» не запаўняюць усю арэну, але ў нас у сярэднім каля 3-4 тысяч заўзятараў. Летась быў не вельмі ўдалы сезон, таму наведвальнасць трохі знізілася, сёлетні пачаўся нядрэнна — на першай жа гульні ў нас было каля 5 тысяч чалавек.

— Чаму наведвальнасць жаночай каманды «Цмокаў» у чэмпіянаце Беларусі зусім невялікая?

— У цэлым, дзякуючы нацыянальнай зборнай, жаночы баскетбол у краіне больш папулярны, чым мужчынскі. Але ў нас у клубе асноўныя сілы ідуць на мужчынскую каманду, там зусім іншы бюджэт і рэклама. Мы спрабуем працаваць са спонсарамі, прыцягваць іх і да гульні дзяўчат, але ў людзей свае інтарэсы, у іх жа галоўнае — ахоп аўдыторыі, гэта можна зразумець.

— Якія сюрпрызы чакаюць балельшчыкаў у гэтым сезоне?

— Калі я раскажу — будзе ўжо не сюрпрыз (смяецца). Мы спрабуем зацікавіць людзей, каб яны прыходзілі не толькі паглядзець баскетбол, але таксама добра правесці час, у тым ліку ўсёй сям’ёй. Дзеці — гэта наша ўсё. Калі пачынаць прывучваць іх да баскетбола: гэта не толькі папаўненне дзіцячых секцый, а ў далейшым і дарослых камандаў, але і папаўненне базы заўзятараў.

— Ці адрозніваецца баскетбольны заўзятар ад іншых аматараў спорту?

— Так, у кожнага свая спецыфічная аўдыторыя. У нас гэта не эліта, наша аўдыторыя — звычайныя людзі, многія прыходзяць сем’ямі. Прыемна, што аматараў баскетбола становіцца ўсё больш, бо гэта вельмі даступны від спорту. У першую чаргу аўдыторыя расце за кошт таго, што ў хлопцаў ёсць перамогі, а калі няма выніку, ніякімі спосабамі не завабіш людзей на гульні.

— Ці ёсць у беларусаў культура фанацтва?

— Пакуль у нас яе замала, але не ў тым сэнсе, што нашы людзі «хварэюць» бескультурна, проста пакуль у нас яшчэ няма традыцый і звычак у баскетболе. Калі браць тую ж блізкую Літву, то там уся краіна хворая на баскетбол, там шматгадовая гісторыя гэтага спорту. Культура заключаецца ў разуменні гульні; калі можна крычаць і што, ім ужо не трэба тлумачыць.

У НБА наогул усё па-іншаму, там ты калі зможаш дастаць квіток на апошні рад (і то ён будзе каштаваць дорага), гульню можна ўбачыць толькі на відэакубе, які вісіць пад столлю, таму што іх залы велізарныя. Людзі прыходзяць туды за гадзіну, за дзве да пачатку матча, там ёсць куды пайсці, дзе паесці, паглядзець шоу. Там выдатная атмасфера, і таму людзі ідуць. Гэта добрая магчымасць адпачыць. Наша задача — стварыць нешта падобнае.

Дар’я Лабажэвіч

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья