Звязда
Блог

Намеснік міністра ўнутраных спраў: «Футбольныя клубы павінны арганізавана займацца сваімі заўзятарамі»

Аб гэтым  Мікалай Мельчанка паведаміў падчас прамой лініі ў рэдакцыі “Звязды”.

18-49

- Я не буду раскрываць аператыўныя напрацоўкі, але некаторых з кіраўнікоў клубаў балельшчыкаў мы ведаем, кантактуем з імі, — кажа Мікалай Мельчанка. — Што да сустрэч з футбольнымі аматарамі, яны часцяком адбываюцца напрыканцы ці на пачатку сезона. Міліцыянераў таксама запрашаюць. Знайсці адказы на набалелыя пытанні стараюцца ў нармальных, спакойных умовах. Мы толькі станоўча адгукаемся на падобныя прапановы. Дарэчы, усе падобныя пытанні мы агаворваем у прысутнасці Сяргея Румаса, кіраўніка футбольнай федэрацыі Беларусі, Ігара Шуневіча, міністра ўнутраных спраў. Працу з фанатамі заўжды трымаем на кантролі. Найбольш актыўныя з іх, хто быў заўважаны ў правапарушэннях, стаяць на нашым уліку, кантролі.

Гэта вельмі важная праца. І тыя футбольныя клубы, якія сябе паважаюць, павінны арганізавана займацца сваімі заўзятарамі. Усё павінна быць цывілізавана. Што тычыцца сёлетніх інцыдэнтаў, яны, на маю думку, раздуваюцца. Там вельмі шмат неправераных фактаў, а з боку балельшчыкаў за праўду выдаецца суб’ектыўнае меркаванне. А канфлікт, магчыма, не цягне на гэта, яго можна вырашыць непасрэдна на месцах. Так, згодны, у некаторых рашэннях праваахоўнікаў прысутнічае чалавечы фактар. Але паверце мне, на кожных інструктажах мы папярэджваем міліцыянераў, каб ніякага хамства, пагарды ў дачыненні да балельшчыкаў не было. Мне падаецца, што з заўзятарамі больш павінны працаваць непасрэдна клубы, федэрацыя, каб на трыбунах не было лаянкі, ганебных лозунгаў. І каб больш да нас не ўзнікала падобных пытанняў, мы хочам хадайнічаць аб вывядзенні супрацоўнікаў міліцыі непасрэдна з чашы стадыёна, дзе працаваць павінны падрыхтаваныя сцюарды. Ну, а ахову правапарадку мы будзем ажыццяўляць на подступах да спартыўных арэн. І ў выпадку ўскладненняў акажам дапамогу адміністрацыі стадыёнаў. А пакуль законам вызначана, што непасрэдна мы павінны несці службу на трыбунах.

— Сярод гледачоў хапае тых, хто прыходзіць на футбол сем’ямі. Але ёсць эмацыйныя балельшчыкі, якія пры падтрымцы каманды могуць перайсці і на лаянку. Як мне падаецца, зразумець тут можна ўсіх. Адны бароняць ад пахабшчыны дзяцей, лічаць, што за гэта трэба штрафаваць, а другія проста вельмі любяць сваю каманду…

— Там, дзе дзеянні адных грамадзян парушаюць спакой іншых, падобнае трэба спыняць. Тут усё залежыць ад культуры чалавека. Я пільна сачу за развіццём спартыўнага заўзятарства. Вы ж памятаеце, што раней было ў Англіі? Там фанаты біліся паміж сабой. А цяпер падобнага амаль няма. З трыбун прыбралі агароджы. І гэтага дасягнулі таксама дзякуючы заканадаўчым рашэнням. Чалавеку, які ў Вялікабрытаніі сваімі паводзінамі трапляе пад увагу праваахоўных органаў, забаронена наведваць футбол.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья