Tribuna/Футбол/Блогі/Пасля вясны правалаў i скандалаў Шпілеўскаму час заўзець за тых, хто пазбавiў яго медалёў i Кубка – iнакш у Еўропе не згуляць

Пасля вясны правалаў i скандалаў Шпілеўскаму час заўзець за тых, хто пазбавiў яго медалёў i Кубка – iнакш у Еўропе не згуляць

У iншага беларуса «Арыса» 2024-ы таксама iдзе не вельмi.

17 траўня, 06:00
Пасля вясны правалаў i скандалаў Шпілеўскаму час заўзець за тых, хто пазбавiў яго медалёў i Кубка – iнакш у Еўропе не згуляць

Сезон-2023/24 стаў няўдалым для, здаецца, самага беларускага клуба ў Еўропе. «Арыс» не змог абаранiць узяты ў 2023-м тытул чэмпiёнаў Кiпра.

У лютым пасля заканчэння першай часткі здавалася, што каманда беларускага трэнера Аляксея Шпiлеўскага хаця б возьме медалi: «Арыс» ішоў на другім месцы з адставаннем у тры бала ад АПАЭЛ, аднак меў адрыў у 4 ачкі ад АЕК на трэцiм месцы.

Затым турнiр падзялiўcя на групы: каманды, якія занялі месцы з 14-е па 7-е, адправіліся змагацца за выжыванне, а топ-6 перайшлi гуляць памiж сабою за медалi. Праблемы ў «Арыса» пачалiся яшчэ да старта другога этапа: тады адразу ў 20 гульцоў каманды і некаторых членаў трэнерскага штаба здарылася харчовае атручванне пасля каманднага мерапрыемства. У клубе казалi, што з гэтым здарэннем будзе разбірацца паліцыя, аднак пра вынiкi не паведамлялася.

А пасля «Арыс» правалiўся на футбольным полі. За 10 матчаў другой часткі каманда Шпілеўскага здолела атрымаць усяго дзве перамогі: дома выйгралi ў будучых чэмпіёнаў «АПАЭЛ» (2:1), а ў апошнім туры на выездзе разграмілі «Анартосіс» (4:0). Але гэта пасля яшчэ трох нiчыiх i пяцi паражэнняў ужо нi на што не ўплывала – яшчэ да заключнага тура «Арыс» пазбавiўся шансаў на тройку, у вынiку стаўшы толькi чацвёртым. Па ходзе вясны з улiкам кубкавых сустрэч серыя «Арыса» без перамог дасягала васьмi матчаў.

Асаблiва балюча «Арыс» атрымаў ад «Амонii», якая ўзяла бронзавыя медалi. 6 красавiка тая дома разграмiла каманду Шпiлеўскага 3:0 у чэмпiянаце, а ўжо 10 красавiка такi ж лiк аформiла ў гасцях у рамках паўфiнала Кубка Кiпра. У абодвух матчах у «Амонii» на замену выходзiў экс-гулец мiнскага «Дынама» Душан Бакiч, але ён не адзначаўся вынiковымi дзеяннямi. А ў Кубку выдатным шансам забiць пасля памылкi кiпера не скарыстаўся беларускi гулец «Арыса» Арцём Шуманскi (адзнака 6:49).

Цяпер ад «Амонii» залежыць лёс «Арыса» ў пытаннi ўдзела ў еўракубках. Калi каманда Бакiча выйграе ў «Пафаса» ў фiнале Кубка Кiпра 18 траўня, то клуб Шпiлеўскага атрымае месца ў адборы Лiгi канферэнцый. Калi ж трафей возьме «Пафас», то ён i пойдзе ў еўракубкi, а «Арыс» застанецца без iх.

Шпілеўскi за няўдалы адрэзак чэмпiянату не раз трапляў у скандалы. 16 сакавіка «Арыс» прайграў 0:1 усё таму ж «Пафасу» праз гол с пенальцi на 81-й хвіліне. Пасля прызначэння 11-метровага трэнер учыніў канфлікт, быў выдалены і пасля атрымаў дыскваліфікацыю на адзін матч.

Наступны паядынак з «Анартосісам» (1:1) Шпілеўскі быў вымушаны глядзець з трыбун – а там пачуў, што кажуць пра яго каманду каментатары матча, абурыўся i крыкнуў iм нешта непрывабнае. Голас трэнера (словы разабраць было складана) трапiў у эфiр, каментатары паведамiлi гледачам, што тыя пачулi эмоцыi Шпiлеўскага – атрымаўся новы скандал. Трэнер атрымаў штраф i прынёс супрацоўнiкам ТБ публiчныя выбачэннi.

А яшчэ ў красавіку Шпілеўскі даў інтэрв’ю расійскаму выданню «РБ Спорт», у якім быў шэраг неадназначных выказванняў. Напрыклад, трэнер заявiў, што на групавым этапе Лігі Еўропы яго «Арыс» ва ўсіх шасці матчах «глядзеўся фантастычна», хоць лімасольцы там здолелі набраць усяго чатыры ачкі (выйгралi ў «Рэйнджэрс» ды з iмi ж згулялi ўнiчыю). Хаця, канешне, трэнер мог мець на ўвазе нейкiя часавыя адрэзкi – у 2018-м у брэсцкiм «Дынама», напрыклад, Шпiлеўскi папракаў журналiстаў, што яны падрабязна асвяцiлi правальную канцоўку аднаго з матчаў, але нiхто не напicау пра «першыя фантастычныя 70 хвiлiн».

Таксама цяпер Шпілеўскі заявіў, што яму ўсё роўна, калі Беларусь называюць «Белоруссия». Такая заява трэнера выклікала бурную рэакцыю ў інстастаграме «Трыбуны» – відэа са словамі Шпілеўскага сабрала больш за трыста каментарыяў. Канешне, успомнiлi i тое, што калiсьцi Сяргей Палiцевiч сведчыў пра азначэнне Шпiлеўскiм беларусаў як «паскуднай нацыi». Цяпер жа за тое, што падняў тэму, выбачыўся расiйскi iнтэрвʼюер.

У адзiнага беларускага гульца «Арыса», згаданага Шуманскага, атрымаўся няпросты сезон. На яго пачатку 19-гадовы форвард стабільна зʼяўляўся на поле, хай і на замены, і нават адзначаўся важнымі галамi – «Доксе» (2:1) і АПАЭЛ (1:0). Да пачатку цяперашняга года ён згуляў у 11 матчах сезона (418 хвілін), забіўшы сумарна тры мячы і аддаўшы дзве галявыя перадачы. Але ў 2024-м Шуманскі стаў радзей зʼяўляцца на полі – выходзiў усяго ў пяцi матчах чэмпіянату (89 хвілін) і выніковымі дзеяннямі не вызначыўся. Затое ў сакавіку форвад упершыню атрымаў выклік у зборную Беларусі, за якую дэбютаваў у таварыскай гульні з Мальтай (0:0), правёўшы на полі 59 хвілін.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты