Tribuna/Хакей/Блогі/На словах – чэмпіёны свету, а пакуль маюць 0:10 ад не самай моцнай Расіі. Супернік расчараваны зборнай Беларусі па хакеі

На словах – чэмпіёны свету, а пакуль маюць 0:10 ад не самай моцнай Расіі. Супернік расчараваны зборнай Беларусі па хакеі

Ну як жа так?!

9 траўня, 14:00
На словах – чэмпіёны свету, а пакуль маюць 0:10 ад не самай моцнай Расіі. Супернік расчараваны зборнай Беларусі па хакеі

Зборная Беларусі па хакеі працягвае адбываць міжнародны бан, які атрымала ў лютым 2022-га ў адказ на падтрымку рэжымам Лукашэнкі поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. У лютым гэтага года Міжнародная федэрацыя (IIHF) падоўжыла адхіленне на сезон 2024/25, што для беларускай каманды азначала немагчымасць удзелу ў жнівеньскай фінальнай кваліфікацыі на Алімпійскія гульні, якія пройдуць у Мілане і Корціна-д'Ампецо. А без кваліфікацыі туды не патрапіць.

Апошнім буйным міжнародным турнірам, у якім удзельнічала беларуская зборная, быў чэмпіянат свету ў Рызе. Той самы, які першапачаткова сталіца Латвіі мусіла прыняць сумесна з Мінскам, аднак IIHF «з меркаванняў бяспекі» беларускую частку згарнула. Тым не менш хакейная зборная Беларусі на ЧС у Рыгу паехала і выступіла там правальна: у сваёй групе заняла апошняе месца, а прапіску ў эліце захавала толькі дзякуючы пандэміі – у тым сезоне матчы ЧС у ніжэйшых дывізіёнах былі скасаваныя.

Пасля адхілення хакеістам беларускай зборнай застаецца здавольваціся толькі таварыскімі матчамі і такімі ж турнірамі, як, напрыклад, Кубка Першага канала ці Qazaqstan Hockey Open.

Пры гэтым, нягледзячы на фіяска на апошнім сусветным першынстве, прадстаўнікі белхакея ўпэўнена заяўляць пра свае амбіцыі. Маўляў, калі б не бан, мы б ім усім паказалі. Тут можна згадаць і словы кіраўніка беларускай федэрацыі хакея Аляксандра Багдановіча, які пасля леташняй серыі таварыскіх матчаў з «Расіяй-25», дзе беларусы змаглі выйграць у двух сустрэчах з васьмі пры агульнай розніцы шайб 17:30 заяўляў, што «на чэмпіянаты свету вернецца моцная зборная, загартаваная ў матчах з сур'ёзным апанентам».

Незразумелыя заявы ад кіраўніка федэрацыі былі і пасля апошняга Кубка Першага канала, дзе беларусы занялі другое месца. Багдановіч тады казаў, што «зборная на турніры паказала добры змястоўны хакей, а «Кубак Першага канала – прэстыжны турнір». Тады мы тлумачылі, чаму гэта не так:

Пра сілу зборнай любяць разважаць і хакеісты. Напрыклад, форвард СКА Уладзімір Алістраў у снежні заявіў, што беларускай камандзе цалкам па сілах заваяваць залатыя медалі чэмпіянату свету. А абаронца «Тарпеда» з Ніжняга Ноўгарада Дзмітрый Бокун казаў, што задача выхаду ў плэй-оф на ЧС была б не павагай да зборнай. На яго думку, яе склад дазваляе разлічваць на самыя высокія мэты. Аднаклубнік Алістрава па СКА брамнік Павел Майсевіч не быў такім адважным ў заявах, як калегі, аднак выказаў упэўненасць, што «калі Беларусь вернуць на міжнародную арэну, яна будзе вельмі баяздольнай», а калі б выступалі сёння, то «змаглі б усіх здзівіць на чэмпіянатах свету па юніёрах, моладзі і дарослых». Салідарны з Майсевічам і форвард мінскага «Дынама» Віталь Пінчук, які казаў, што калі Беларусь дапусцяць, яна «ўсіх здзівіць».

Пра тое, што беларуская зборная магла б упрыгожыць чэмпіянат свету, казаў і былы яе трэнер Анатоль Варывончык, які вельмі негатыўна ўспрыняў у лютым навіну пра падаўжэнне адхілення. А вось былы кіраўнік ФХБ Яўген Ворсін быў упэўнены, што «яны» (здаецца, меў на ўвазе заходнія краіны) прыйдуць да Беларусі з просьбамі, бо, на яго думку, самі не ў стане правесці прыбытковае сусветнае першынство.

Што ж. Убачыць у справе беларускіх хакеістаў на бліжэйшых міжнародных турнірах мы не зможам. Затое пра іх сілу можна меркаваць па травеньскіх гульнях. 3 чысла зборная Дзмітрыя Квартальнава з цяжкасцю справілася з Казахстанам, паходу матча страціўшы перавагу ў тры шайбы, аднак даціснуўшы суперніка ў авертайме. А затым здарыліся дзве паразы ад «Расіі 25», у якіх беларусы не змаглі вызначыцца хаця б закінутай шайбай (0:6 і 0:4). Так, беларусы гулялі гэтыя матчы не ў самым баявым складзе (не далучыліся хакеісты, якія выступаюць за акіянам), аднак і расіяне, нават зыходзячы з назвы, выставілі далёка не аснову.

Апошнія, дарэчы, ужо не саромеюцца выказвацца пра ўзровень беларускай каманды. Напрыклад, расійскі трэнер Фёдар Канарэйкін наўпрост заяўляе, што беларусы ім не супернікі. Хаця ён жа і адзначае, што без Расіі, і ў тым ліку без Беларусі, чэмпіянат свету з'яўляецца «непаўнавартасным».

Здзівіўся ўзроўню гульні падапечных Квартальнава і расійскі экс-хакеіст Вячаслаў Фяцісаў:

«Чамусьці думаю, што ў беларусаў не вельмі моцная каманда. Але нават успомніць калі чэмпіянат свету-2008 у Квебеку, калі мы ледзь-ледзь адышлі ад паражэння ў чвэрцьфінале… Не ведаю, чамусьці ўвесь час беларусы на нас настройваюцца. Заўсёды ў нас цяжкія гульні з беларусамі», – сказаў двухразовы алімпійскі чэмпіён.

Не ў захапленні ад узроўню гульні беларусаў і расійскі каментатар Дзмітрый Губерніеў, які прызнаў, што матчы з беларусамі – не замена чэмпіянату свету, але «гуляць трэба хоць з кімсьці».

Падапечныя Квартальнава ў бліжэйшы час яшчэ двойчы згуляюць з «Расіяй 25» – 9 і 11 траўня ў Туле і Мінску. Можа, у гэтых сустрэчах яны змогуць хоць нешта паказаць?

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты