Сныціна пра пагрозу выдачы сузаснавальніка SOS BY Гнёта ў Беларусь: «Ведаю: у судзе Бялграда з ім яго сіла і спакой»
Баскетбалістка Кацярына Сныціна пракаментавала пагрозу экстрадыцыi з Сербii ў Беларусь сузаснавальніка Свабоднага абʼяднання спартсменаў (SOS BY) Андрэя Гнёта.
«Рэжым працягвае пераследаваць беларусаў нават па-за межамі краіны.
З Андрэем я ніколі не сустракалася асабіста, але вельмі цёпла размаўляла па тэлефоне, калі толькі пачаліся пратэсты ў 2020-м.
Ён зʼяўляецца адным з заснавальнікаў SOS BY. Калі я толькі падключылася да ініцыятывы і мне трэба было даваць мае першыя інтэрвʼю наконт маёй грамадзянскай пазіцыі і сітуацыі ў краіне, я вельмі хвалявалася. Андрэй прапанаваў стэлефанавацца. І я памятаю нашу першую размову вельмі выразна, таму што яго словы аказаліся суперважнымі, і яны актуальныя да гэтага часу і будуць актуальныя заўсёды.
«Каця, заўсёды кажы праўду, – сказаў Андрэй. – У любой сітуацыі, што б у цябе ні пыталіся, проста адказвай так, як ёсць, тое, як ты адчуваеш, і ў любы момант падзей заставайся сабой».
Гэтая парада дапамагла перастаць хвалявацца пра тое, што я скажу нешта няправільна ці дзесьці наблытаю, бо калі казаць праўду і тое, што я рэальна думаю і адчуваю, то і запамінаць, што я там у мінулы раз казала, не трэба будзе . Голас Андрэя, яго спакойная разважлівая гаворка, яго ўпэўненасць у нашых сілах – усё гэта перадалося і мне тады. І застаецца са мной цяпер.
Я чую яго голас, як ён гадзіну выступае ў судзе Бялграда ў сваю абарону. І я ведаю: яго сіла і спакой нікуды не дзеліся. Таму што Андрэй кажа праўду - такой, якая яна ёсць», – напісала Сныціна.
Нагадаем, Гнёт утрымліваецца ў турме Бялграда з 30 кастрычніка 2023 года. Ён быў затрыманы пасля прылёту ў сталіцу Сербіі ў аэрапорце з-за таго, што беларускі рэжым унёс у базу Інтэрпола ордэр на Гнёта па абвінавачанні ў нібыта ўхіленні ад выплаты падаткаў. Падобныя абвінавачванні неаднаразова станавіліся фармальнай нагодай для памяшчэння за краты да «суда» беларускіх палітвязняў.
Гнёт – беларускі журналіст, рэжысёр, палітычны актывіст. Ягоная дзейнасьць у SOS BY не афішавалася публічна, аднак у чэрвені 2021-га Гнёт атрымаў сыгнал, што беларускаму рэжыму вядома пра яе і іншую пратэстную актыўнасьць, пасьля чаго пакінуў Беларусь. З-за таго, што SOS BY абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем», Гнёту ў Беларусі за сам факт стварэння абʼяднання пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.