АБФФ пад «міністэрства» паклаў Рыжанкоў, чыёй жонцы абыякава тое, што родную дачку могуць пасадзіць за палітыку
Норавы лукашыстаў.
Беларускія дэмакратычныя сілы рыхтуюць выбары ў Каардынацыйную раду – свой аналаг парламента. Галасаванне пройдзе анлайн, выбіраць можна будзе розныя рухі, якія прадставілі спісы кандыдатаў. Сярод апошніх ёсць і спартсмены – напрыклад, бягунка Крысціна Ціманоўская.
Ёсць на выбарах і блок былога «міністра культуры» Лукашэнкі, а сёння кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. У спіс увайшла і яго дачка Яна Латушка, для якой гэта першы палітычны досвед. «Люстэрка» паразмаўляла з дзяўчынай – і даведалася, напрыклад, што ў яе тры вышэйшыя адукацыі, яна магістр юрыспрудэнцыі і кіравання. А наконт вылучэння Латушка сказала, што да яе «палітыка прыйшла сама», таму што дзяўчына, «па-першае, дачка свайго бацькі», з якім «засталася, калі было восем гадоў, і ён фактычна адзін выгадаваў».
Такое дзяцінства ў яе было праз тое, што яе маці Наталля ў пачатку 2000-х сышшла ад Паўла Латушкі. Жанчына аддала перавагу тагачаснаму падпарадкаванаму мужу па рэжымнай «дыпмісіі» ў Польшчы Максіму Рыжанкову. Юнай Яне Латушке далі выбар – яна захацела застацца з бацькам, а з Рыжанковым у выніку проста пазнаёмілася, не завёўшы блізкіх зносін. Больш падрабязна пра даўнюю гісторыю сыходу жонкі Латушкі да Рыжанкова мы расказвалі ў пасце пра сувязь цяперашняга кіраўніка НАУ са спортам.
Прозвішча Рыжанкова добра вядомае ў белспорце – ён з 2014-га кіруе беларускай федэрацыяй баскетбола, у якім за гэты час былі і «чысткі», і іншыя рэпрэсіі. Асноўная пасада Рыжанкова пры гэтым – першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі (у якой цяпер няма кіраўніка). На гэтай пасадзе чынуша зусім нядаўна паўплываў на беларускі футбол – выклікаў да сябе прадстаўнікоў АБФФ і загадаў падпарадкавацца рэжымнаму «мінспорту» ў пытанні фармату другой лігі. У федэрацыі не адважыліся пярэчыць.
Наталля Рыжанкова, маці Яны Латушкі, паводле слоў апошняй, таксама застаецца на рэжымных пазіцыях. Як цяпер кажа дзяўчына, нават калі на яе ў пачатку 2022-га ў Беларусі завялі «завочную» крымінальную справу, маці сказала дачцэ, што гэта яе праблемы.
– Яна неяк пасля 2020 года мне прапаноўвала прыехаць у Беларусь. Я ў яе спытала: «Мяне не пасадзяць?» На што яна мне адказала, што калі я не рабіла нічога супраць закона, то не пасадзяць. На гэта нічога не скажаш, усё зразумела. Мы з мамай не камунікуем ужо больш за год. На свой дзень нараджэння я атрымала эсэмэску: «З днём нараджэння, здароўя, шчасця». Прычына некамунікацыі, думаю, у тым, што ў нас розныя палітычныя погляды. Мне здаецца, гэта пацвярджае і той факт, наколькі блізкі яе муж да Лукашэнкі, – падзялілася ў свежым інтэрвʼю Яна Латушка.
Яна Латушка з бацькам і маці ў 2015 годзе
Чым займаецца цяпер яе маці Наталля Рыжанкова? Яна скончыла біялагічны, а потым юрыдычны факультэты БДУ, але з 2005-га, як пазначана ёй самой, руліць у IT-кампаніях. Паралельна з 2015-га па 2020-й Рыжанкова была – раптоўна – вядоўцай на дзяржТБ, дзе была занятая ў ранішнім шоў «Дзень у вялікім горадзе» і перадачы са своеасаблівай назвай «Кулінарная дыпламатыя», куды прыходзілі рыхтаваць розныя замежнікі (але не толькі). Жанчына казала, што Рыжанкоў яе «падтрымлівае ва ўсіх пачынаннях, з вялікай павагай ставіцца [да працы], перажывае, каб усё атрымалася».
Што тычыцца IT, з 2014-га Рыжанкова была намеснікам дырэктара, а з 2019-га – кіраўніком мінскага падраздзялення паўднёвакарэйскай кампаніі SK Hynix, аднаго з лідараў на сусветным рынку паўправаднікоў (патрэбныя, напрыклад, каб у кампʼютара была аператыўная памяць). У Беларусі на кампанію працавала больш за дзве сотні супрацоўнікаў. Рыжанкова як дырэктарка згадвалася ў дзяржСМІ, удзельнічаючы ў розных падкантрольных рэжыму дабрачынных праектах.
Сацсеткі падраздзялення SK Hynix перасталі абнаўляцца з пачаткам вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Як паведамляла выданне «Беларусы і рынак», па бізнесе ўдарылі санкцыі, якія многія краіны наклалі на Беларусь у адказ на вайну. У 2022-м галаўная кампанія перавезла ў раёне 100 чалавек у новы офіс у Польшчы, а летам 2023-га абʼявіла пра сыход з Беларусі.
Рыжанкова да таго моманту ўжо стала дырэктаркай створанага вясной таго ж года беларускага падраздзялення расійскай тэлекамунікацыйнай кампаніі «Ядро». Яна ўваходзіць у расійскі «ІКС Холдынг», якому належыць і «Цытадэль», кампанія-вытворца СОРМ, сістэмы для сачэння расійскіх сілавікоў за абанентамі мабільнай сувязі і інтэрнэту (абавязковая для ўсталявання любым аператарам або правайдарам Расіі). У лютым 2023-га ЗША наклалі блок-санкцыі на «ІКС Холдынг» і яго аднаасобнага ўласніка Антона Чарапеннікава. Той у ліпені ва ўзросце 40 гадоў раптоўна памёр, і цяпер холдынг пераходзіць яго топ-менеджарам.