Усе навіны

«Галоўнага паляўнічага» Нясвіжа абвінавацілі ў крадзяжы амаль 17 тысяч рублёў, якія ён траціў на стаўкі

25 ліпеня, 10:33

У Нясвіжы кіраўнік раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбалоў і браў без касавага апарата і тэрмінала плату ад паляўнічых наяўнымі. У выніку скраў больш за 16,8 тысячы рублёў, распавялі ў пракуратуры рэжыму Лукашэнкі па Мінскай вобласці. Грошы выдаткоўваў у тым ліку на стаўкі.

Экс-кіраўнік аддзялення БТПР прызнаў, што выдаткоўваў выкрадзеныя грошы на папаўненне карткі растэрміноўкі, куплю аўтазапчастак, частку грошай паклаў на рахунак у банку, а яшчэ «іншай часткай рабіў стаўкі на афіцыйным сайце букмекерскай канторы».

«Усяго абвінавачаны зрабіў ставак на 15 тысяч рублёў», — распавялі ў пракуратуры рэжыму Лукашэнкі.

Пракуратура рэжыму Лукашэнкі накіравала ў суд справу па ч. 3 арт. 210 КК аб крадзяжы ў буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Мужчыну пагражае ад трох да дзесяці гадоў калоніі.

Былы кіраўнік раённай арганізацыі БТПР знаходзіцца на волі пад асабістае даручальніцтва.