Tribuna/Валейбол/Блогі/О духе времени/У спорце першымі вярнулі Беларусь у статус савецкай рэспублікі. Вось што гэта за матч і хто ў ім гуляў

У спорце першымі вярнулі Беларусь у статус савецкай рэспублікі. Вось што гэта за матч і хто ў ім гуляў

Арганізатары заклікаюць дапамагчы акупантам ва Украіне, удзельніцы гатовыя выступаць з Z на форме.

Аўтар — bytribuna com
13 жніўня, 10:16
У спорце першымі вярнулі Беларусь у статус савецкай рэспублікі. Вось што гэта за матч і хто ў ім гуляў

10 жніўня ў Маскве адбыўся чарговы матч валейбольных зборных Беларусі і Расіі – дзвюх каманд, якія адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Не сказаць, што беларускім валейбалісткам няма з кім гуляць – у пачатку жніўня яны былі ў Азербайджане, дзе прайгралі тры з трох матчаў гаспадарскай зборнай, узяўшы ў суме толькі адзін сэт з 12 (па дамоўленасці ўсе матчы гулялі па чатыры сэты).

9 жніўня беларускія валейбалісткі ўсухую саступілі расінянкам па звыклых для валейбола правілах (20:25, 21:25, 20:25), а на наступны дзень зноў адышлі ад іх, толькі цяпер кардынальна. Справа ў тым, што ў Расіі адзначаюць стагоддзе свайго валейбола – 28 ліпеня 1923-га адбыўся першы прызнаны афіцыйным матч. 12 красавіка цяперашняга года кіраўнік расійскага рэжыму Уладзімір Пуцін загадаў праводзіць у гонар гэтага святочныя мерапрыемствы, усклаўшы фінансавы бок пытання на свой урад.

Распрацоўку плана мерапрыемстваў пакінулі за Усерасійскай федэрацыяй валейбола. Гэтая арганізацыя падтрымлівае вайну ва Украіне проста на сваім сайце – у асобным раздзеле прапануецца грашыма падтрымаць вайсковыя закупкі для аднаго з падраздзяленняў акупантаў. Арганізавана гэта палітычным аб'яднаннем, якое калісьці «папрасіў» стварыць Пуцін, а куратарам збору прызначаны «амбасадар» УФВ Тарас Хцей – ён нарадзіўся ў Заходняй Украіне і да 15 гадоў жыў там, а потым з'ехаў у Расію, пабудаваў там валейбольную кар'еру і яшчэ па яе ходзе ўступіў у пуцінскую партыю «Адзіная Расія», ад якой цяпер «дэпутацтвуе» на абласным узроўні і распавядае пра «украінскіх нацыстаў».

Ну а ў рамках святкавання 100-годдзя свайго валейбола УФВ прыдумала зладзіць «рэтраматч» – узнавіць часы СССР (чамусьці 1980-х гадоў). Такі і прайшоў 10 жніўня. На ўваходзе заўзятараў сустракалі «піянеры» і «дружыннікі».

У буфеце «па-савецку» разлівалі газіроўку.

Таксама на ўваходзе гледачам раздавалі плакаты, што ўслаўлялi савецкі спорт, якімі некаторыя выхваляліся на трыбунах.

Сам матч праводзілі па правілах 1980-х гадоў – каманды гулялі да трох пераможных партый па 15 ачкоў, якія можна было набраць толькі на сваёй падачы, былі і іншыя адрозненні ад сучаснасці. Усё гэта, калі што, ніяк не дапамагло беларускім валейбалісткам – яшчэ адна параза без шанцаў у трох сэтах (4:15, 7:15, 6:15).

Але галоўнай «фішкай» была форма. Каманды прадстаўлялі не як Расію і Беларусь, а па-савецку – РСФСР супраць БССР. Вось такое беларускае вяртанне ў каланіяльны статус – пакуль пра гэта мараць некаторыя расійскія палітыкі, яно адбылося ў спорце. На форме савецкая абрэвіятура была нанесеная вялікімі літарамі разам з гербам тых часоў – хаця тут амаль нічога не змянілася: як вядома, цяперашні рэжымны герб ад БССРаўскага мае касметычныя адрозненні.

Сярод валейбалістак, якія ўзялі на сябе ролю прадстаўнікоў падпарадкаванага Маскве рэгіёна, былі тыя, каго гэта відавочна не здольна збянтэжыць. Напрыклад, гулец асновы Вера Касцючык выступае за калінінградскі «Лакаматыў» (віцэ-чэмпіён Расіі), які апекуецца падсанкцыйным для Еўрасаюза РЖД. А на хатняй арэне клуба пастаянна размешчаны вялікі банэр з заменай рускай «З» на лацінскую Z – сімвал падтрымкі вайны ва Украіне.

Яшчэ адна валейбалістка зборнай «БССР» Ксенія Лябёдкіна летам перайшла з «Мінчанкі» ў расійскую «Туліцу». Прэзідэнт гэтага клуба Мікалай Церахаў узначальвае адміністрацыю аднаго з раёнаў Тульскай вобласці – як тыповы расійскі чыноўнік цалкам падтрымлівае вайну, а аднойчы, выступаючы на адкрыцці помніка забітаму ва Украіне салдату акупацыйнай арміі, з шырокай усмешкай заявіў, што і астатнім «праз гэта трэба прайсці». Вядома, і «Туліца» гуляе ў зале з Z-банерамі – Церахаў фатаграфаваўся на іх фоне разам з сынам.

Гульцы «БССР» Вікторыя Ганіева і Алена Лазюк змянілі ўлетку ўсё тую ж «Мінчанку» на «Зарэчча-Адзінцова» – гэты расійскі клуб уваходзіць у склад дзяржустановы, кантраляванай уладамі Маскоўскай вобласці. Канешне, яны таксама за вайну – у выніку ў іх клуба Z не тое што ў зале, а проста на рукавах формы, што ніяк не адвярнула беларускіх зборніц ад пераходу.

Больш за тое – Ганіева і Лазюк вярнуліся ў СССР яшчэ да «рэтраматча», прыняўшы ўдзел у асобнай здымцы «Зарэчча-Адзінцова». І як нiчога нiякага выклалі фота ў сацсеткi – з указаннем, што лічаць савецкі/расiйскi валейбол «айчынным» (а Ганіева яшчэ і паставіла Z-хэштэг). Што ж, незалежнасць наўрад ці з'яўляецца для іх вялікай каштоўнасцю.

Абедзьве выклалі ў акаўнтах і фота ў форме «БССР». Адзін з падпісантаў Ганіевай напісаў ёй, што не хоча туды вяртацца, але яго выказванне валейбалістка праігнаравала.

Астатнія сем гульцоў «БССР» – Любоў Светнік, Лізавета Багаева, Надзея Столяр, Надзея Уладыка, Вікторыя Галадухіна, Дар'я Вакулка і Таццяна Маркевіч – валейбалісткі «Мінчанкі» (у спісе падпісантаў за Лукашэнку яны не знаходзяцца, як і вышэйпералічаныя калегі). І Столяр у акаўнце клуба рэкламавала «рэтраматч» – усміхаючыся, паказвала «савецкую» форму.

А пасля гульні выклала фота з яе з эмодзі рэжымнага сцяга ў подпісы.

А вось Вакулка наўпрост склала дзве каманды ў «СССР» і заявіла пра «бясцэнныя ўспаміны» – дакладна не пра савецкія часы, валейбалістка нарадзілася ў 2002 годзе.

Засвяцілася на некаторых пасляматчавых фота прарэжымніца – генсак Беларускай федэрацыi валейбола Ала Цяцерына, якая ў міжнародным бане бачыла «сітуацыю на нашу карысць», а ў магчымасці гуляць з Расіяй – «грандыёзны поспех».

А ўзнагароджваў медалямі (давалі ўсім) пасля паражэння «БССР» ураджэнец Пружанскага раёна, галоўны трэнер «Уралачкі» Мікалай Карполь. Вядомы валейбольны спецыяліст у 2020-м падпісаўся за Лукашэнку, а ў маі 2023-га ў сувязі з 85-гадовым юбілеем атрымаў ад Пуціна віншавальную тэлеграму.

На гэтым праграма «назад у СССР» для беларускага валейбола не заканчваецца – 30 жніўня ў Маскве аналагічную форму павінная надзець і мужчынская зборная.

Іншыя пасты блога

Усе пасты