Tribuna/Футбол/Блогі/10 выпадкаў да Сныцінай, калі легіянеры з Беларусі бралі еўракубкі: вырашалі ў фіналах, процьма тытулаў у гандболе (не ўсе ў Рутэнкі)

10 выпадкаў да Сныцінай, калі легіянеры з Беларусі бралі еўракубкі: вырашалі ў фіналах, процьма тытулаў у гандболе (не ўсе ў Рутэнкі)

Нават у 2020-х далёка не першы трафей.

Аўтар — bytribuna com
15 красавіка, 06:46
10 выпадкаў да Сныцінай, калі легіянеры з Беларусі бралі еўракубкі: вырашалі ў фіналах, процьма тытулаў у гандболе (не ўсе ў Рутэнкі)

На мінулым тыдні Кацярына Сныціна ўпершыню ў карʼеры ўзяла еўрапейскі трафей – другі па сіле на кантыненце ў жаночым баскетболе з няхітрай назвай Еўракубак. У «Лондан Лаянс» беларускі было два фінальныя матчы з «Бешыкташам»: у першым Сныціна згуляла амаль паўгадзіны, аформіла 10 пунктаў, але яе каманда саступіла, а ў другім выйшла ўсяго на сем з невялікім хвілін, не закінула ніводнага мяча, затое клуб выйграў з патрэбным лікам.

Сныціна – не першы легіянер з Беларусі з еўракубкам у актыве. Расказваем пра яркія выпадкі з мінулага.

Сяргей Алейнікаў

Легенда мінскага «Дынама» 1980-х стаў віцэ-чэмпіёнам Еўропы-1988 у складзе зборнай СССР, а ў 1989-м за прыкладна 4 мільёны долараў быў набыты італьянскім «Ювентусам». Алейнікаў адразу замацаваўся ў абойме, а клуб у сезоне-1989/90 узяў два трафеі – Кубак Італіі і Кубак УЕФА. У апошнім тады было два фінальныя матчы – трафей у любым выпадку дастаўся б італьянцам, бо турынцы выйшлі на «Фіярэнціну». «Ювентус» выйграў першы матч 3:1, а другі скончыўся 0:0, што клуб цалкам задаволіла. Алейнікаў правёў абедзве сустрэчы цалкам, але галявых дзеянняў не зрабіў.

Як вядома, у 2009-м Лігу чэмпіёнаў выйграла «Барселона» з Аляксандрам Глебам у заяўцы на сезон – але цяперашні рэжымнік амаль не гуляў у плэй-оф і наогул не трапіў у пратакол фіналу.

Васіль Панкоў

Самы звыклы хакейны еўракубак для Беларусі – Кантынентальны кубак, які не раз выйгравалі каманды з ЧБ. Але гэты турнір лічыўся не мацнейшым. А на месца галоўнага еўракубка міжнародная федэрацыя (ІІХФ) чаго толькі не прыдумляла. У 1990-я дажываў сваё Еўрапейскі кубак ІІХФ – турнір, дзе для шыраты размаху ўсё пачыналася з кваліфікацыйных раўндаў з клубамі з зусім не хакейных краін, праз што здараліся разгромы і ў 30 шайб. Зрэшты, да канчатковых стадый змаганне было адэкватным.

У 1980-я абсалютна ўсе розыгрышы трафея пакінуў за сабой ЦСКА з Масквы, але з развалам СССР дамінаванне перайшло да шведскіх і фінскіх клубаў. Аднак у апошнім розыгрышы, у 1996-м, тытул адправіўся ў Расію – яго ўзяла «Лада» з Тальяці, адзін з лідараў Міжнацыянальнай хакейнай лігі (дэ-факта чэмпіянату Расіі з парай клубаў з Беларусі, Украіны і Казахстана).

У фінальным этапе Еўрапейскага кубка «Лада» спачатку ў групе абыграла славацкі «Кошыцэ» (5:0) і нямецкі «Дзюсельдорф» (7:2), а ў вырашальным матчы адолела шведскі «МоДо» у матчы-трылеры: пасля першага перыяду скандынавы вялі 3:0, але «Лада» зраўняла лік, у авертайме не прапусціла, хаця шайба патрапіла ў перакладзіну і штангу брамы расіян, а затым вырвала перамогу дзякуючы голу беларускага форварда Васіля Панкова. Пасля гэтага Панкоў сказаў, што «нездарма папрасіў маму свечку паставіць у Мінску».

Таксама за «Ладу» ў тым фінале гулялі беларускія абаронцы Алег Хмыль і Алег Раманаў – праўда, калі ўнёсак Панкова ў клубных артыкулах-успамінах відавочна вылучаюць, то яго суайчыннікаў не згадваюць наогул.

Алег Мікульчык

На змену Еўрапейскаму кубку ў 1996-м прыйшла Еўраліга ІІХФ. Яна пратрымалася чатыры сезоны. А ў 1999-м здарыўся расійскі фінал – у Маскве магнітагорскі «Металург» з абаронцам Алегам Мікульчыкам фармальна прымаў маскоўскае «Дынама» з форвардам Аляксеем Калюжным. «Дынама» прайграла два першыя фіналы турніру, прайгравала 0:1 у трэцім – але за 12 секунд да канца асноўнага часу абаронца Андрэй Маркаў проста наўздагад пульнуў наперад ад лініі сваіх варот, а шайба неверагодным чынам заляцела ў браму магнітагорцаў (адзнака 0:43).

Але гэтая гісторыя не пра цуд – у авертайме «Металург» хутка забіў яшчэ, і трафей дастаўся Мікульчыку з таварышамі. Выйгралі яны і на наступны год – у апошнім у гісторыі фінале адолелі 2:0 чэшскую «Спарту».

Калюжны ж узяў еўракубак у пачатку 2005-га – праўда, даволі своеасаблівы: ІІХФ проста запрасіла чэмпіёнаў шасці вядучых ліг кантынента за 2004 год і правяло кароткі турнір паміж імі, назваўшы гэта Кубкам чэмпіёнаў. Выйграў расійскі «Авангард» – у фінале супраць фінскага «Карпята» (2:1 АТ) закінулі Калюжны і легендарны чэх Ярамір Ягр.

Усе чатыры розыгрышы (кожны праходзіў у расійскім Санкт-Пецярбургу) выйгравалі расійскія каманды – і ў двух іншых таксама не абышлося без прысутнасці беларускіх хакеістаў: у фінале 2006-га адолець той жа «Кярпят» (5:4 ПБ) маскоўскаму «Дынама» дапамаглі 1+1 ад цяперашняга рэжымніка Міхаіла Грабоўскага, а ў 2007-м Андрэй Мезін, выйшаўшы на булітную серыю, дапамог магнітагорскаму «Металургу» адолець славацкі «Слован» і выйсці ў фінал (там была перамога над «Спартай» 5:2, а Мезін сядзеў на лаўцы).

Міхаіл Якімовіч

Левы паўсярэдні легендарнага СКА 1980-х тройчы браў з клубам Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў, які ў 1993-м ператварыўся ў Лігу чэмпіёнаў. Якімовіч да таго моманту выйграў АГ-1992 і пераехаў у іспанскую «Кантабрыю», з якой і выйграў першы розыгрыш турніру пад новай шыльдай. У першым матчы фіналу з партугальскай «Брагай» была нічыя 22:22, а ў другім «Кантабрыя» перамагла 23:21. Якімовіч стаў найлепшым бамбардзірам фінальнай стадыі (13 мячоў) і трэцім – усяго турніру.

У 34 гады гандбаліст ізноў выйграў ЛЧ – у 1999-м перайшоў у «Сан-Антоніа», а гэтыя іспанцы ў 2001-м дайшлі да фіналу з «Барселонай»: у першым матчы выйгралі 30:24, у другім саступілі 22:25, але забралі трафей. І зноў Якімовіч стаў найлепшым па галах у фінале – 15 штук.

А былі ў беларускага гульца і меншыя еўракубкі – у 1993-м выйграў з «Кантабрыяй» другі па сіле трафей, Кубак ЕГФ, а ў 1998-м з гэтым клубам плюс з «Сан-Антоніа» ў 2000-м і 2004-м заваёўваў гандбольны Кубак уладальнікаў кубкаў. Дарэчы, гэты трафей у 2001-м браў і нямецкі «Фленсбург» з тады гульцом зборнай Беларусі Андрэем Клімаўцом, які пазней змяніў каманду і стаў чэмпіёнам свету за Нямеччыну ў 2007-м.

Сяргей Рутэнка

Сёння Рутэнка – заўзяты рэжымнік і кіраўнік чамусьці беларускай федэрацыі тэніса. А калісьці быў у ліку найлепшых гандбалістаў свету, на якім афармлялі рэкорд па трансферным кошце. Праўда, прыстойную частку карʼеры Рутэнка правёў грамадзянінам іншых краін, які гуляў зусім не пад такім любімым ім цяпер чырвона-зялёным сцягам.

За сваю рэальна крутую карʼеру ў гандболе Рутэнка выйграваў Лігу чэмпіёнаў цэлых шэсць разоў. Самы яркі выпадак – мабыць, першы, у 2004-м годзе са славенскім «Цэле». Па-першае, у 1/8 фіналу клуб прайграў іспанскаму «Адэмару» у 13 мячоў – але ўдома столькі ж выйграў і па гасцявых галах прайшоў далей. Па-другое, сам 22-гадовы Рутэнка яшчэ не лічыўся топам сусветнага ўзроўню – але ў тым розыгрышы стаў з адрывам найлепшым бамбардзірам, закінуўшы аж 86 мячоў (другім стаў яго партнёр па камандзе, цяперашні галоўны трэнер «Мяшкова» расіянін Эдуард Какшараў). У двух фінальных матчах «Цэле» гуляў з «Фленсбургам» – дома ўпэўнена выйграў 34:28, а ў гасцях прайграў 28:30, але гэтага хапіла для трафея. Рутэнка за два матчы закінуў 24 з 62 мячоў сваёй каманды.

У 2006-м, 2008-м і 2009-м Рутэнка браў ЛЧ з іспанскім гегемонам «Сьюдад-Рэалам», а летам 2009-га за самыя вялікія для гандбола 1,2 млн еўра перайшоў у «Барселону», з якой выйграў яшчэ і ў 2011-м і ў 2015-м. У апошнім выпадку іспанцы абгулялі «Веспрэм» (28:23) – а Рутэнка ў фінале не закінуў.

Таццяна Сіліч

У 25 гадоў Сіліч зʼездзіла за Беларусь на ЧЕ-2002 – стала апошняй і абʼявіла пра завяршэнне карʼеры ў зборнай. А вось у клубе гуляла яшчэ доўга, захоўваючы вернасць дацкаму «Рандэрсу». З ім лінейная ў 2010-м узяла Кубак ЕГФ – у фінале першы матч з іспанскай «Эльдай» быў прайграны 20:22, але ўдома «Рандэрс» пераканаўча перамог 30:24. Праўда, Сіліч за дзве сустрэчы закінула толькі адзін мяч.

А ў 2011-м і 2012-м беларуская гандбалістка брала Кубак уладальнікаў кубкаў – гэта была брамніца Алена Абрамовіч, якая выступала за венгерскі «Феранцвараш».

Уладзімір Верамеенка

Шэсць разоў найлепшы баскетбаліст Беларусі ў 2006-м быў абраны на драфце НБА, але з Расіі не зʼяжджаў да 2014-га. Еўракубкавыя поспехі гульца таксама звязаны з суседняй краінай. Сезон-2004/05 быў другім у еўрапейскім баскетболе, калі існавала Ліга Еўропы ФІБА – трэці па сіле еўратурнір. Яго выйграла «Дынама» з Санкт-Пецярбурга – прычым ідэальна: 20 перамог у 20 матчах. У фінале «Дынама» выйграла ва ўкраінскага «Кіева» 85:74. Верамеенка правёў 19 сустрэч з сярэднім часам на пляцоўцы больш за 25 хвілін і набіраў 12,6 пункты за гульню – уклад значны, трэці паказнік па камандзе.

А ў сезоне-2010/11 Верамеенка ў складзе УНІКСа выйграў другі па сіле еўракубак – як і ў Сныцінай цяпер, пад назвай Еўракубак. У фінале расіяне абгулялі іспанскі «Кахасоль» 92:77. Верамеенка правёў усе 16 матчаў турніру, у сярэднім набіраў 7,8 бала (пяты ў камандзе) за 20,7 хвіліны, а яшчэ быў найлепшым па статыстычным індэксе на стадыі чвэрцьфіналаў.

Сёлета ўзяць Еўракубак мог іншы беларускі баскетбаліст – Максім Салаш. Праўда, ягоны французскі «Бур» у фінальнай серыі да дзвюх перамог двойчы саступіў «Парыжу». Затое ёсць такі трафей у Алены Леўчанкі – у сезоне-2016/17, калі ў паўфіналы выйшлі выключна турэцкія каманды. У фінале «Якін Дагу» абыграў «Кайсеры» (73:69, 63:58), а Леўчанка, якая падключылася да пераможцаў на стадыі плэй-оф, набрала ў апошнім матчы 13 ачкоў.

Ганна і Уладзіслаў Давыскібы

У 2019-м юныя надзеі беларускага валейбола сталі мужам і жонкай, а ў 2020-м пераехалі ў італьянскую «Монцу». І абодва па чарзе ўзялі са сваімі камандамі ўзялі Кубак ЕКВ – другі па сіле еўракубак у валейболе. Ганне Давыскібе гэта ўдалося ў 2021-м – за восем матчаў «Монца» аддала толькі адзін сэт, а ў фінале двойчы па 3:0 абгуляла «Галатасарай». Менавіта беларуская валейбалістка прынесла камандзе апошні пункт апошняй сустрэчы.

Мужчынская «Монца» ўзяла трафей у 2022-м, хоць да гэтага наогул не ішло – у паўфінале каманда прайграла першы матч «Зеніту» з Казані 1:3. Вось толькі гульня праходзіла 24 лютага 2022-га – у дзень пачатку вайны, якую працягвае Расія ва Украіне пры падтрымцы рэжыма Лукашэнкі. У адказ на гэта ў валейболе забанілі расійскія і беларускія каманды – так «Монца» атрымала пуцёўку ў фінал, дзе чакаў французскі «Тур».

Першы матч італьянцы выйгралі 3:0, але ўсё роўна баяліся гасцявой атмасферы, і таму нават праводзілі трэнінгі з запісаным шумам. І пачалі гульню ў адказ французы сапраўды бадзёра – але патушыў іх імпэт Давыскіба: блок, мяч у атацы, эйс – і лік у партыі зраўняўся, а пры 24:23 гулец аформіў і пераможны пункт. На гэтым трафей быў выйграны (французы апусцілі рукі і прайгралі матч 0:3), а Давыскіба рэалізаваў 12 з 19 атак і быў прызнаны MVP матча.

Барыс Пухоўскі

Самы свежы да поспеху Сныцінай еўракубак быў узяты беларускім гульцом у гандболе. Вопытны Пухоўскі выйграваў Кубак выкліку ЕГФ, трэці па сіле трафей, яшчэ ў 2013-м з мінскім СКА. А ў 2023-м ізноў заваяваў тытул за сербскую «Вайводзіну» – ужо пад назвай Еўрапейскі кубак ЕГФ. Для сербскіх клубаў гэта быў першы еўракубак з пачатку стагоддзя. У фінале «Вайводзіна» двойчы абгуляла нарвежскі «Нерба» – 30:23 і 25:23. Пухоўскі ў 36 стаў чацвёртым бамбардзірам усяго турніру і найлепшым у сваёй камандзе, закінуўшы 57 разоў у дзесяці сустрэчах – 10 мячоў прыпалі на фінал, у другім матчы якога беларускага гандбаліста прызналі найлепшым у «Вайводзіне».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты