Усе навіны

Шарль Лінгле пра бан зборнай Беларусі: «У курсе, што расiйскія войскі былі ў Беларусі. Але ведаю недастаткова»

24 студзеня, 14:17

Канадзец з беларускім пашпартам Шарль Лінгле ў інтэрв'ю парталу «Зеркало» падзяліўся меркаваннем пра адхіленне беларускай зборнай ад міжнародных спаборніцтваў.

Лінгле прыняў беларускае грамадзянства ў 2012 годзе і выступаў за зборную Беларусі.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Што думаеце пра адхіленне хакейнай зборнай Беларусі ад міжнародных матчаў?

– Не люблю даваць ацэначныя меркаванні. Мне здаецца, што найлепшыя атлеты хочуць спаборнічаць з найлепшымі ў любым відзе спорту.

Мы ведаем, што Расія і Беларусь могуць даць хакею шмат, таму, спадзяюся, хутка сітуацыя зменіцца. Чэмпіянатам свету не хапае дзвюх каманд.

– Але вы разумееце, чаму было прынята такое рашэнне?

– Вядома, я ў курсе, што Расiя ўварвалася ва Украіну з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, што расiйскія войскі былі ў Беларусі. Але ведаю недастаткова, – сказаў Лінгле.