Усе навіны

Трэнер «Нью-Джэрсі» Брылін: «Пакуль усе сядзелі дома, Шаранговіч гуляў за мiнскае «Дынама» – потым на фоне іншых выглядаў добра»

2 красавіка, 08:07

Расiйскі трэнер сістэмы «Нью-Джэрсі» Сяргей Брылін распавёў пра беларускага форварда галоўнай каманды «Калгары» Ягора Шаранговіча.

– Успомніце, як пачыналася ваша супрацоўніцтва. Чым увогуле Шаранговіч зацікавіў сістэму «Нью-Джэрсі»?

– Тым, што ён паказваў не па гадах разумную гульню на лёдзе. Мы сачылі за ім, бачылі ЧС. Быць цэнтральным нападаючым і ў [амаль] 20 гадоў гуляць на дарослым чэмпіянаце свету [2018 года] – патрэбны пэўныя таленты і навыкі. Шаранговіч імі валодаў.

Чаканні нашы апраўдаліся. Ягор адразу паказаў, што ён думаючы, разумее хакей. Першыя гады, калі ён гуляў у фарм-клубе [з АХЛ «Бінгемтон Дэвілс»], то рос, станавіўся на дарослы ўзровень хакея.

У кавідны 2020 год паехаў гуляць за мінскае «Дынама», і, лічу, пасля гэтага яго кар'ера пайшла ўгару. Пасля Беларусі прыехаў у асноўны лагер «Нью-Джэрсі» і зрабіў вельмі добрае ўражанне. Было відаць, што ён стаў хутчэй, памужнеў, стаў больш упэўненым у сабе, у барацьбе з супернікам, ногі рухаліся хутчэй. Кідок у яго заўсёды быў выдатны, але ўсё роўна Ягор працягваў яго паляпшаць, ведаю, што індывідуальна працаваў над гэтым.

– Гэта значыць «Дынама» дало яму нядрэнны штуршок, каб ён патрапіў у асноўную каманду «Нью-Джэрсі»?

– Вядома. Пакуль усе сядзелі дома і не гулялі, у Ягора была магчымасць гуляць на высокім узроўні, трэніравацца – ідэальны варыянт, каб набраць форму перад вяртаннем у ЗША.

Таму зразумела, што ён прыехаў у добрай форме. На фоне іншых хлопцаў ён выглядаў добра, таму змог атрымаць месца ў асноўнай камандзе, – сказаў Брылін.