Tribuna/Іншыя/Блогі/Аб'ядноўваў свабодных атлетаў – цяпер яго могуць выдаць лукашыстам. Вы дакладна бачылі яго рэкламу пра хрэн і «Сочны»

Аб'ядноўваў свабодных атлетаў – цяпер яго могуць выдаць лукашыстам. Вы дакладна бачылі яго рэкламу пра хрэн і «Сочны»

А яшчэ з голасам Навіцкага.

Аўтар — bytribuna com
21 лютага, 19:43
Аб'ядноўваў свабодных атлетаў – цяпер яго могуць выдаць лукашыстам. Вы дакладна бачылі яго рэкламу пра хрэн і «Сочны»

19 лютага стала вядома, што ў Бялградзе прайшоў суд (прычым разглядалі ўжо апеляцыю) аб магчымай экстрадыцыі ў Беларусь рэжысёра Андрэя Гнёта. Ён знаходзіцца за кратамі ў сталіцы Сербіі з 30 кастрычніка 2023 года – тады быў затрыманы проста ў аэрапорце пасля прылёту. Аказалася, беларускі рэжым унёс звесткі Гнёта ў базу Інтэрпола з абвінавачаннем у нібыта ўхіленні ад сплаты падаткаў – вядомай нагодай для затрымання палітвязняў. Ужо 3 лістапада юрыст Гнёта падаў у Інтэрпол запыт на выдаленне звестак, а 20 снежня просьбу ўказаць Сербіі не экстрадаваць Гнёта ў Беларусь падалі ў Еўрапейскі суд па правах чалавека.

На цяперашнім судзе Гнёт заявіў, што пакінуў Беларусь у чэрвені 2021-га, калі даведаўся, што рэжыму вядома пра ягоны «ўдзел у апазіцыйнай дзейнасці» – якраз тады быў разгар «зачысткі» непажаданых медыя і грамадскіх арганізацый. Гэтая дзейнасць складалася ў стварэнні Свабоднага абʼяднання спартоўцаў (SOS BY) – Гнёт стаў сузаснавальнікам арганізацыі. Цяпер толькі за гэты факт у рэжымнай Беларусі яго могуць пасадзіць на сем гадоў – з-за выдадзенага ў кастрычніку 2022-га статусу «экстрэмісцкага фармавання».

Рэжысёра падтрымала баскетбалістка Кацярына Сныціна, а баец Іван Ганін сказаў, што Гнёт «у жніўні 2020-га з хаосу зрабіў групу спартсменаў, структуру». Паводле інфармацыі «Трыбуны», пра ўклад Гнёта ў стварэнне SOS BY было добра вядома сярод удзельнікаў абʼяднання, проста без вынасу на публіку. Тое, што ён патрапіў у спартыўную «тусоўку», лёгка растлумачыць шматгадовым сяброўствам з баскетбалісткай Аленай Леўчанкай (на фота ніжэй Гнёт і спартсменка справа па кадры разам сустракаюць 2014 год). Сам рэжысёр казаў, што займаецца спортам «па меры магчымасці», але гэта яму «вельмі дапамагае».

У Сербіі Гнёт расказаў, што стварыў старонку SOS BY у Instagram і лагатып абʼяднання, якое ў жніўні 2023-га прыпыніла сваю актыўнасць.

Зрэшты, відэа ў першыя месяцы існавання ў SOS BY таксама выходзілі магутныя. Пачыналася ўсё з прадстаўлення ўдзельнікаў – вось як гэта выглядала ў выпадку Леўчанкі.

А вось відэа з цыклу «Мы гуляем шчыра» – на ім дзесяціборац Андрэй Краўчанка перамагае зборнага «сілавіка», нягледзячы на ўдар дручком.

Гнёту 41 год. У 2004-м ён скончыў журфак БДУ па тэлевізійнай спецыялізацыі, паспеў папрацаваць карэспандэнтам на першым канале БТРК, рэпартажнікам на «Міры», а потым стаў вядоўцам на Першым музычным канале.

– З кожным годам я ўсё больш апускаўся ў здымачна-вытворчы працэс, быў аўтарам і рэжысёрам праграм. Здымаў, аналізаваў, рос, мяняўся. І ў рэшце намацаў у сабе тое, да чаго я больш за ўсё схільны, – казаў Гнёт.

У сярэдзіне 2000-х Гнёт стаў супрацоўнікам беларускай кампаніі Irreal Pictures Уладзіміра Янкоўскага (сын вядомага ў СССР актора Расціслава Янкоўскага і пляменнік яшчэ больш вядомага Алега Янкоўскага, Уладзімір папрацаваў над сотнямі рэкламных ролікаў і кліпаў, у 2010-х стаў рэжысёрам серыялаў, а ў 2019-м зняў фільм «Купала»). У 2003-м Гнёт зняў сваю першую рэкламу, а ў 2005-м упершыню стаў рэжысёрам кліпа – на трэк «Красавік» расійскага гурта «Сэнсавыя галюцынацыі», здымалі яго на «Беларусьфільме».

Улетку таго ж года як арт-дырэктар Гнёт паўдзельнічаў у здымцы кліпа Янкоўскага на кампазіцыю «Я тут» расійскіх рокераў з гурта «Кіпелаў» – у прамзоне пад Салігорскам (праўда, Валерыю Кіпелаву спадабаліся пейзажы, а кліп – не).

У 2006-м Гнёт з прадзюсарам Аляксеем Сатоліным адкрыў кампанію Partizan, якая пачала вырабляць беларускую рэкламу для найбуйнейшых мясцовых брэндаў. Сярод памятных рэжысёрскіх работ Гнёта – напрыклад, рэклама соку «Сочны», у якой дзіця ставіла дарослых у няёмкае становішча.

Гнёт расказваў, што галоўны актор выконваў заданні толькі «пасля таго, як дзядзька рэжысёр дурніўся разам з ім, гуляў у машынкі і іншыя гульні». Выклікала ў свой час дыскусіі і прадавачка з дэкальтэ і пытаннем «А вам якога хрэна?» – таксама ў гнётавай рэкламе ABC.

Гнёт казаў, што часцей за ўсё незадаволены сваёй працай, таму што заўсёды можна зрабіць нешта лепшей, але звычайна на гэта «не хапае бюджэту». Таксама рэжысёр наракаў, што акторы для рэкламы дэфіцытныя, а кампаніі не хочуць браць тых, хто ўжо засвяціўся ў канкурэнтаў. Зрэшты, неяк ён скарыстаўся сітуацыяй: калі з рэжысёрам расстаўся мабільны аператар МТС, акторы са здымак для кампаніі зʼявіліся ў роліку Гнёт для life з пытаннем «А можна мы з вамі?».

Здымаў Гнёт і кліпы – напрыклад, для сольнага праекта лідара «Лепрыконсаў» Іллі Міцько на трэк «Get down, my baby!». Займальная гісторыя была ў 2009-м з кліпамі для спявачкі Ірыны Ітэйры. Пасля відэа на кампазіцыю «Неўзаемнае каханне» Гнёт заявіў, што адтуль «ушчэнт узялі стыль дэкарацый, драматургію» ў кліп украінкі Наталлі Бучынскай. А калі ўжо ў роліку Гнёта на трэк Ітэйры «Падаем» убачылі капіяванне відэа Лэдзі Гагі, то рэжысёр сказаў, што гэта «падобна, але не наўпрост, проста праца ў той жа стылістыцы». Таксама Гнёт казаў, што за 10-15 тысяч долараў «зняць добры кліп немагчыма», дзяліўся, што адмовіўся ад відэа для Аляксея Хлястова, таму што спявак можа не акупіць гэтую працу, а для Ірыны Дарафеевай у яго «не атрымаецца зняць кліп ні за якія грошы», таму што яму «незразумелая яе музыка, увогуле шмат у чым з ёй не згодны».

Але ўсё ж асноўная дзейнасць Гнёта па карʼеры – здымкі рэкламы. Яшчэ ў пачатку 2010-х ён пачаў здымаць і для вялікіх кампаній, у тым ліку заходніх, з прысутнасцю на рынках Расіі і Украіны, не забываючыся і пра беларускія брэнды. Фактычна Гнёт увайшоў у топ самых запатрабаваных беларускіх рэжысёраў. Пра работу з буйнымі замоўшчыкамі ён расказваў, што праз «каласальныя бюджэты заўсёды існуюць вялізныя рызыкі, таму кожны крок суправаджаецца тлумачэннем літаральна да коскі, і гэта адымае 90% усіх тваіх сіл», а таксама раіў «не падпускаць блізка да сябе дрэнных і шкодных людзей, якіх нямала вакол».

Нярэдка Гнёт здымаў ролікі і ў Заходняй Еўропе, але ў асноўным гэта ўсё роўна былі ролікі для расійскай і ўкраінскай аўдыторыі. Рэклама для заходняга спажыўца ў партфоліа рэжысёра знаходзіцца толькі адна – дзіцячага харчавання ў Францыі.

Перасячэнняў са спартыўнай тэматыкай у карʼеры рэжысёра таксама няшмат. Аднойчы ў рэкламе Гнёта эфект абязбольнага быў паказаны з дапамогай фехтавання.

А ў рэкламе расійскай букмекерскай канторы ад Гнёта не толькі паказваліся віды спорту, але і гучаў каментар Уладзіміра Навіцкага.

У 2022-м рэклама Гнёта выйграла гран-пры (а ў дадатак золата і срэбра намінацыі «Тэлекамунікацыі і інтэрнэт») Effie Awards Russia (міжнародная прэмія з тых часоў паставіла вызначэнне найлепшых у Расіі на паўзу). Гэта была праца для расійскага мабільнага аператара пад шведскім брэндам Tele2, сам рэжысёр называў яе «вельмі важным праектам» для сябе. Пасля пачатку вайны ва Украіне шведскі бок заяўляў, што адкліча правы на выкарыстанне брэнда ў Расіі – аднак жа мясцовая кампанія дагэтуль працуе пад ранейшым імем.

Мяркуючы па партфоліа Гнёта, апошнюю рэкламу ў Беларусі ён зняў у 2020-м (і, здаецца, да жніўня), у Расіі – у 2021-м, а сваім горадам рэжысёр называе сталіцу Чэхіі Прагу. Выказванняў пра падзеі ў Беларусі ў акаўнтах Гнёта ў сацсетках не знаходзілася да 2022-га. Ужо пасля пачатку вайны ва Украіне ён напісаў, што «ў гэтыя цёмныя дні важна не забыцца, якія мы ўнутры», і дадаў, што ў Беларусі «жахлівая статыстыка» па адʼездах з краіны, але ён «праўда верыць, што нас шмат і мы абавязкова вернемся».

Але яму дакладна не хочацца вяртацца так, як цяпер прапануе Сербія. Гнёт нагадаў суду, што ў Беларусі супернікаў рэжыму «саджаюць у турму, катуюць і зневажаюць». «Дыктатура ў Беларусі па локаць у крыві, і маё жыццё ў вашых руках», – звярнуўся рэжысёр да суда.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты