Tribuna/Веславанне/Блогі/Лукашыстка з веславання плакала на камеру ў дзень адбору на Гульні, але не таму, што яе туды не пусцілі, а змена правалілася

Лукашыстка з веславання плакала на камеру ў дзень адбору на Гульні, але не таму, што яе туды не пусцілі, а змена правалілася

Кранальныя фантазіі Марыны Літвінчук.

Аўтар — bytribuna com
10 траўня, 13:07
Лукашыстка з веславання плакала на камеру ў дзень адбору на Гульні, але не таму, што яе туды не пусцілі, а змена правалілася

8 траўня 1945 года гітлераўская Нямеччына падпісала акт аб безумоўнай капітуляцыі ў Другой сусветнай вайне. У Маскве на той момант было ўжо 9 траўня – таму менавіта гэтая дата застаецца памятнай на шматлікіх былых тэрыторыях СССР. Праўда, у рэжымнай Беларусі з дня, у які добра было б расказваць пра жах вайны, даўно зрабілі чарговую нагоду для прапаганды. Актыўна ў ёй удзельнічае і сістэмны спорт – і 8 траўня, і 9 траўня яго рэжымныя прадстаўнікі свяціліся на розных лукашысцкіх мерапрыемствах.

Сярод іншых адзначылася і вяслярка Марына Літвінчук. Рэжымніца давала інтэрвʼю – і ледзь не ліла слёзы. «Не магу іх стрымаць, бо дзякуючы нашым дзядам, прадзедам мы цяпер можам жыць у спакойнай краіне пад мірным небам, хадзіць спакойна па зямлі. І нашая краіна толькі квітнее» (адзнака 10:34).

У гэтай пары сказаў вельмі шмат звыклай для рэжыму хлусні. «Спакойнай краінай» Літвінчук назвала Беларусь, у якой праз помслівасць лукашыстаў кожны дзень кагосьці кідаюць за краты за ўдзел у мірных пратэстах, крытыку на адрас рэжымнікаў ці яшчэ што-небудзь, у чым у адэкватнай дзяржаве немагчыма знайсці склад злачынства, а за кратамі пры гэтым квітнеюць катаванні ўсіх масцяў.

«Мірным» вяслярка называе неба, праз якое праляцела мноства ракет у бок Украіны, дзе з 24 лютага 2022 года Расія працягвае вайну з выкарыстаннем як тэрыторыі, так і паветранай прасторы Беларусі. З роднага для лукашысткі Петрыкаўскага раёна да беларуска-ўкраінскай мяжы – рукой падаць.

Яшчэ адна нахабная хлусня – што Беларусь нібыта «толькі квітнее». Ужо хаця б таму, што праз пераслед рэжымам і па фінансавых прычынах краіну за апошнія гады пакінула, па свежай незалежнай ацэнцы, больш за 500 тысяч чалавек. На гэтым фоне розным кампаніям у Беларусі не хапае больш за 140 тысяч працаўнікоў – але амаль па палове вакансій абяцаюць заробак у раёне 300 долараў і менш. А рэжым тым часам ускладняе атрыманне і так мізэрнай дапамогі па беспрацоўі і іншымі спосабамі ўразае «сацпакет».

Сёння рэжым абʼяўляе «афіцыйны» сярэдні заробак па краіне крыху вышэй за 500 долараў, на якія ў Беларусі таксама складана пражыць. Пры гэтым «афіцыйны» медыяны заробак (50% работнікаў краіны атрымліваюць менш, а 50% – больш) у мінулым лістападзе склаў 450 долараў. З мінімальным заробкам усё яшчэ горш – у раёне 170 долараў. У пачатку года бізнесмен Аляксандр Кныровіч параўнаў сітуацыю са становішчам у Літве і Польшчы – там «чыстая» «мінімалка» складае 750-800 долараў. Палічыўшы непазбежныя выдаткі, прадпрымальнік прыйшоў да высновы, што ў беларуса пасля іх застанецца каля 30 долараў з мінімальнага заробку, а ў літоўца і паляка – у раёне 400.

Ёсць у Беларусі і праблема з інфляцыяй – яна складае 5,6%, але гэта праз дзяржрэгуляванне коштаў, без якога была б у два разы большай. Але аналітыкі нагадваюць, што адваротны бок такога стрымлівання – залішні попыт і дэфіцыт тавараў. Пры гэтым прадукты ў Беларусі, паводле ацэнкі Кныровіча, толькі на 30% таннейшыя, чым Польшчы і Літве (дзе з зарплатамі сітуацыя лепшая ў разы).

Сябра «парламента» Лукашэнкі Вольга Жук праводзіць «маніторынг коштаў» у Бабруйску, 6 траўня 2024 года

Ну а калі вярнуцца да Літвінчук, то без дзяржТБ мы б падумалі, што яе слёзы 8 траўня льюцца зусім з іншай нагоды. У гэты дзень у Вугоршчыне стартаваў адзіны даступны для беларускіх весляроў адбор на АГ-2024 – а рэжымніца туды не паехала, як і яе шматгадовая напарніца і «аднадумніца» Вольга Худзенка. Прычына спачатку была незразумелая, але пазней трэнер зборнай Уладзімір Шантаровіч заявіў, што абедзве вясляркі «не дапушчаныя па нейкіх крытэрыях, якія выставіў МАК». Так у Літвінчук «згарэла» надзея выступіць на яшчэ адных АГ.

Лагічна выказаць здагадку, што «міжнароднікі» не дапусцілі Літвінчук і Худзенку праз наведванне мерапрыемстваў Лукашэнкі і сяброўства ў «сілавым» БФСТ «Дынама». З іншага боку, на адбор паехалі і нават прайшлі яго такі ж «дынамавец» Алег Юрэня (1000 м на байдарцы) і пара са спартклуба УС Лукашэнкі Ангеліна Барданоўская – Вольга Клімава (500 м на каноэ). Яшчэ адну ліцэнзію на АГ ўзяла Юлія Трушкіна (200 м на каноэ).

А вось неадвольныя «зменшчыцы» Літвінчук і Худзенкі паказаць патрэбны вынік не змаглі. У адзіночцы 500 м на байдарцы веславала Аліна Світа – і стала пятай у фінальным заездзе, дзе пуцёўкі на АГ бралі два лідары. Ну а ў двойках на той жа дыстанцыі выступалі Вераніка Леанюк і Марыя Каваленка – пры адзінай ліцэнзіі ў Парыж у розыгрышы аказаліся ў фінале восьмымі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты