Tribuna/Тэніс/Блогі/Хто ад Беларусі ўжо адабраўся на Гульні (калі пусцяць), а хто яшчэ можа: вы нават не ўяўляеце, як тут усё заблытана

Хто ад Беларусі ўжо адабраўся на Гульні (калі пусцяць), а хто яшчэ можа: вы нават не ўяўляеце, як тут усё заблытана

Некаторыя топы белспорту, здаецца, ужо гарантавана ў пралёце.

Аўтар — bytribuna com
14 снежня, 23:00
Хто ад Беларусі ўжо адабраўся на Гульні (калі пусцяць), а хто яшчэ можа: вы нават не ўяўляеце, як тут усё заблытана

8 снежня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта афіцыйна абʼявіў, што дапусціць на Алімпійскія гульні-2024 у статусе індывідуальных нейтральных атлетаў беларускіх і расійскіх спартсменаў, якія пройдуць кваліфікацыю. Асобна ўдакладнялася, што ніякіх дадатковых спаборніцтваў і іншых шанцаў не будзе – трэба ўпісвацца ў дзейныя сістэмы міжнародных адбораў.

Разбаньваць беларускіх атлетаў у нейтральным статусе ў некаторых відах пачалі раней, таму да моманту заявы МАК ужо налічыў некалькі ліцэнзій у грамадзян Беларусі. Праўда, спачатку іх было нібыта тры, а праз некалькі дзён у прэс-рэліз унеслі праўкі – і колькасць павялічылася да пяці. З якіх відаў спорту гэтыя людзі і колькі ўвогуле пуцёвак на АГ рэальна атрымаць спартсменам з беларускім пашпартам, разбіралася «Трыбуна».

Барацьба

Ванэса Каладзінская

Беларускіх барцоў вярнулі на міжнародную арэну ў нейтральным статусе своечасова для таго, каб на поўную паўдзельнічаць у размеркаванні ліцэнзій. Першы этап – ЧС-2023, дзе пуцёўкі на АГ атрымлівалі людзі з топ-5. Другім этапам стане еўрапейскі кваліфікацыйны турнір у красавіку (ліцэнзіі атрымаюць фіналісты), трэцім – сусветны адбор у траўні (там трэба трапіць у топ-3).

Але двое беларускіх прадстаўнікоў справіліся ўжо на ЧС: Ванэса Каладзінская стала другой у вольнай барацьбе (да 53 кг), а натуралізаваны расіянін Абубакар Хаслаханаў – пятым у грэка-рымскай (да 97 кг). Фармальна ліцэнзіі не імянныя, а для алімпійскага камітэта краіны, але ў беларускім выпадку атлеты могуць патрапіць на АГ толькі наўпрост праз МАК, так што замена бачыцца немагчымай.

Колькі ліцэнзій на АГ: дзве.

Акадэмічнае веславанне

У гэтым відзе алімпійскія ліцэнзіі еўрапейцы могуць узяць на трох спаборніцтвах: ЧС-2023, еўрапейская рэгата ў будучым красавіку і фінальная кваліфікацыя ў траўні. І ўжо на сусветным першынстве, якое прайшло ў верасні, Яўген Залаты скарыстаўся шанцам – у адзіночцы заняў сёмае месца, а пуцёўкамі забяспечваліся топ-9 атлетаў. Праўда, міжнародная федэрацыя заявіла, што ліцэнзію, якую Залаты фармальна ўзяў для алімпійскага камітэта краіны, прытрымае да афіцыйнага рашэння МАК па допуску – але вось яно ёсць, а значыць, атлет можа рыхтаваць дакументы на допуск.

Ёсць віды і на другую пуцёўку – Таццяна Клімовіч на ЧС стала 10-й, то-бок была зусім побач. На еўрарэгаце будуць даступныя яшчэ тры месцы – патрапіць у іх цалкам рэальна.

Колькі ліцэнзій на АГ: адна.

Веласпорт

У шашэйным раздзеле кваліфікацыя ўжо скончылася – і ў Беларусі тут ёсць ліцэнзія. Яна атрыманая за знаходжанне ў межах 21-45-га месца ў жаночым сусветным рэйтынгу да 17 кастрычніка 2023-га (у якім назва Belarus заменена на сем зорачак).

У рэйтынгу міжнароднага звязу раварыстаў (UCI) вышэй за астатнія беларускія шашэйных гоншчыц на сёння Ганна Церах, але прэтэндэнтак на адзіную пуцёўку фармальна пяць (яны маюць 10 і больш пунктаў у рэйтынгу, гэта крытэр допуску).

А вось на трэку ўсё вырашыць сусветны рэйтынг на 14 красавіка 2024 года. Вось толькі там каціруюцца вынікі ўзроўню Кубкаў свету, ЧЕ і ЧС – а беларускія трэкавікі ва ўсім гэтым даўно не ўдзельнічаюць (не трапляюць у спісы дапушчаных у нейтральным статусе), таму і на прахадныя месцы прэтэндаваць не могуць. Карацей, прарэжымны падпісант Яўген Каралёк не паедзе на АГ не таму, што там прымушаюць адмовіцца ад любімай ім дзяржсімволікі.

Маунцінбайк і BMX у Беларусі пакуль не развіты настолькі, каб гаварыць пра АГ і ў звычайных умовах.

Колькі ліцэнзій на АГ: адна.

Плаванне

У гэтым відзе ёсць кваліфікацыйны шлях выканання нарматываў па часе. Аднак міжнародная федэрацыя плавання (World Aquatics) выразна ўказала, што паказваць заліковыя секунды можна толькі на «ухваленых спаборніцтвах» з ейнага календара. Яшчэ адно пытанне – што, па правілах кваліфікацыі, спартсменаў з патрэбным часам (OQT) заяўляюць НАК, а ў беларускім выпадку гэта немагчыма. Зрэшты, і сама World Aquatics запрашае спартсменаў з паказаным «часам разгляду» (OCT, яно яшчэ і на пяць працэнтаў большае за нарматыўнае). Аднак такія запрашэнні рассылаюцца ў апошнюю чаргу – калі засталіся месцы. Іх на ўсе АГ 852, без максімумаў па канкрэтных дыстанцыях.

Доступ на патрэбныя спаборніцтвы ў беларускіх плыўцоў нядаўна аднавіўся. У пачатку кастрычніка чацвёра прадстаўнікоў віду (цяпер такіх ужо сем) атрымалі міжнародныя допускі ў нейтральным статусе. На першым жа дазволеным этапе Кубка свету 20-22 кастрычніка ў Венгрыі OQT паказала Анастасія Шкурдай – на дзвюх дыстанцыях на спіне, 100 м (праплыла за 59,90, на дзевяць сотых хутчэй за нарматыў) і 200 м (паказала 2:09,67, запас ад нарматыву больш за секунду). Ледзь не ўклалася ў OQT Аліна Змушко на 100 м брасам – пры нарматыве ў 1:06,70 праплыла за роўна 1:07 (тым самым упісалася ў OCT). Зрэшты, і ў Змушко, і ў лідара мужчынскай часткі каманды Іллі Шымановіча яшчэ будзе магчымасць выканаць нарматывы – у канцы лютага пачнецца ЧС, куды адабраліся спартоўцы.

Колькі ліцэнзій на АГ: адна, рэальныя яшчэ дзве.

Лёгкая атлетыка

А ў гэтым відзе вынік на алімпійскі нарматыў можна паказваць увогуле на любым афіцыйным спаборніцтве, прызнаным хаця б на ўзроўні федэрацыі краіны. З патрэбнымі вынікамі ўжо справіліся шэсць беларускіх лёгкаатлетаў – праўда, у адным выпадку гэтага не хапае для траплення ў квоту (так раздаецца толькі палова месцаў у кожным відзе, астатнія – па сусветным рэйтынгу). Астатнюю пяцёрку ад АГ фактычна аддзяляе афіцыйная згода МАК – яна павінна быць мацнейшай за нежаданне міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі пускаць на Гульні. Зрэшты, пра ўсё гэта мы ўжо напісалі падрабязны пост (па спасылцы ніжэй).

Колькі ліцэнзій на АГ: фармальна нуль, дэ-факта пяць (і могуць быць яшчэ).

Тэніс

Тут усё проста – права на АГ будуць мець тыя, хто ўвойдзе ў топ-56 адзіночнага рэйтынгу ATP і WTA да 10 чэрвеня 2024 года. І падпісантка за рэжым Арына Сабаленка, якая сёння займае другі радок, не вылеціць за межы патрэбнай мяжы, здаецца, нават калі ўвогуле не будзе гуляць да АГ. Вікторыя Азаранка, якая цяпер на 22-м месцы, таксама вельмі наўрад ці пакіне неабходную зону. У мужчын жа падняцца ў топ шанцаў ні ў кога не відаць – там найлепшы пакуль Ілля Івашка са 182-га месца.

Адзінае «але» – у правілах міжнароднай федэрацыі тэніса (ITF) прапісана, што тэнісіст, які сабраўся на АГ, мусіць згуляць хаця б пару матчаў за зборную ў 2023-24 гадах, а беларускія каманды ад міжнародных матчаў адхіленыя. Але следам адразу ідзе ўдакладненне, што камісія ITF можа зацвердзіць спартсмена і без гэтага – раптам ён толькі ўвайшоў у тэнісную эліту, прайграў у зборнай канкурэнцыю або «гістарычна ўдзельнічаў» у камандных спаборніцтвах. Апошні пункт якраз больш чым пасуе Сабаленка і Азаранка – праблем узнікнуць не павінна.

Колькі ліцэнзій на АГ: павінна быць дзве.

Цяжкая атлетыка

У гэтым відзе кваліфікацыя з выгляду простая: галоўнае – паказаць на адным з патрэбных турніраў адзін вынік, які ўвойдзе ў зводны топ-10 найлепшых з усіх такіх турніраў. Але ёсць і другі крытэрый – паўдзельнічаць мінімум у пяці абавязковых спаборніцтвах у 2023-24 гадах. Зрэшты, беларускіх цяжкаатлетаў вярнулі на міжнародныя турніры акурат да моманту, калі гэтых спаборніцтваў засталося роўна пяць (пасля іх і будзе складзены выніковы рэйтынг).

На свежым кваліфікацыйным турніры ў Катары адзначыліся і захавалі шанцы на Парыж Пётр Асаёнак (12-ы ў рэйтынгу да 89 кг), Яўген Ціханцоў (5-ы, да 102 кг) і Эдуард Зязюлін (8-ы, 102+ кг). Выступіла і Сюзана Валадзько, але, у адрозненне ад суперніц, няўдала – і зʼехала з 7-га на 11-е месца ў рэйтынгу.

Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі (IWF) таксама пакідае за сабой права зрэзаць квоты для суайчыннікаў тых, хто пасля АГ-2020 падвяргаўся допінг-бану. А паколькі ў беларускіх цяжкаатлетаў за гэты тэрмін пачаліся ўжо тры дыскваліфікацыі, то і тут могуць узнікнуць варыянты. Увогуле, калі да Гульняў дабяруцца Ціханцоў ды Зязюлін – будзе ўжо паспяховая кваліфікацыя, але як бы не давялося выбіраць аднаго з іх.

Колькі ліцэнзій на АГ: пакуль нуль, рэальныя адна-дзве.

Гімнастыка

Падпісант за рэжым Іван Літвіновіч даведваецца, што стаў чэмпіёнам АГ-2020

Прадстаўнікі віду, па-за якім беларускія спартсмены на АГ апошні раз бралі золата ў 2012-м, маюць сумныя перспектывы, каб патрапіць у Парыж. Для гэтага трэба спачатку атрымаць допуск на спаборніцтвы міжнароднай федэрацыі гімнастыкі (FIG), які нібыта абяцаны з пачатку 2024 года.

У спартыўнай гімнастыцы для еўрапейцаў засталося 12 індывідуальных квот, якія разыграюць на Кубку свету і ЧЕ, а таксама два «месцы ўніверсальнасці» – для спартсменаў з НАК са звычайна маленькімі дэлегацыямі на АГ. Наўрад ці беларускія прадстаўнікі тут нешта зачэпяць – зрэшты, на АГ-2020 было 77-е месца, так што, па сутнасці, нічога не страчана, у адрозненне ад наступных падвідаў.

У мастацкай гімнастыцы, апроч адзінага «месца ўніверсальнасці», засталося яшчэ роўна адно месца – на чэмпіянаце Еўропы, дзе можна саступаць толькі прадстаўніцам тых краін, у якіх дзякуючы ЧС-2022 і 2023 пуцёўкі на АГ ужо ёсць. Гэта значыць, што нават у тэорыі трэба неяк абганяць расійскіх канкурэнтак. Але галоўная праблема – у практыцы, дзе 1 снежня еўрапейская федэрацыя гімнастыкі заявіла, што адмаўляецца слухаць FIG і галасуе супраць допуску беларускіх і расійскіх спартсменак. У FIG ёсць права зрабіць кваліфікацыйным замест ЧЕ якое-небудзь іншае спаборніцтва – але ўявіць гэта пакуль складана.

У скачках на батуце месцаў засталося болей – да 12 (у залежнасці ад вынікаў) як у мужчын, так і ў жанчын. І іх заваяваць цалкам рэальна – яны разыгрываюцца на Кубку свету-2023/24 (гэта значыць пад эгідай FIG), у лютым-сакавіку 2024-га пройдзе тры з пяці этапаў, а агульны залік будзе складзены па ўсяго двух найлепшых выніках кожнага атлета. Адна бяда – ліцэнзіі не імянныя, і фармальна атлеты могуць атрымаць толькі адну для свайго НАК, што для беларускіх спартоўцаў неактуальна. Зрэшты, можна паверыць, што FIG дасць пуцёўку найлепшаму батутысту і батутыстцы з нашай краіны, калі яны патрапяць у выніковы топ (на што ў мужчын шанцы выглядаюць значна больш пераважна).

Колькі ліцэнзій на АГ: нуль, магчымая адна ў батутыстаў.

Іншыя віды

З відаў, дзе беларускія прадстаўнікі былі на АГ-2020, нават тэарэтычных шанцаў на Парыж ужо няма хіба што ў конным спорце – усе турніры прайшлі, сусветны рэйтынг глядзяць на 31 снежня 2023-га, а беларускіх вершнікаў там няма.

У боксе, дзе кваліфікацыяй займаецца непасрэдна МАК праз скандал з міжнароднай федэрацыяй, у 2024-м пройдзе два адборачныя турніры, дзе сумарна размяркуюць 6-9 месцаў для кожнай вагавой катэгорыі. Ці змогуць адабрацца беларускія баксёры – застаецца толькі здагадвацца, на адным канкрэтным турніры можа адбыцца і нечаканы поспех, і раптоўны правал.

У веславанні на байдарках і каноэ беларускіх весляроў на ЧС-2023 пры наяўнасці «нейтральнага» допуску не пусціла нямецкая федэрацыя, якая праводзіла турнір. Без яго застаецца зусім няшмат ліцэнзій, якія разыграюць у траўні ў Венгрыі – па дзве на розных дыстанцыях для адзіночак і па адной для двоек. Медальнай на апошніх АГ беларускай чацвёркі ўжо дакладна не будзе ў Парыжы.

У дзюдо для кваліфікацыі на АГ трэба быць высока ў сусветным рэйтынгу, чаго беларускія прадстаўнікі не дабіліся. У тхэквандо, акрамя пазіцыі ў топе, можна прабіцца непасрэдна на еўрапейскай кваліфікацыі ў сакавіку – але трэба трапляць у фінал сваёй катэгорыі. Думаецца, два беларускія медалісты ЧС-2023 здольныя на гэта.

У пентатлоне таксама ёсць пуцёўкі па сусветным рэйтынгу, але праз бан там няма беларускіх пяціборцаў. Застаецца фактычна адзін шанец – узяць медаль на чэрвеньскім ЧС-2024, але і туды спачатку яшчэ трэба атрымаць допуск.

У стральбе, што кулявой, што з лука, яшчэ будуць кваліфікацыйныя спаборніцтвы ў 2024-м. Пытанне ў допуску – пакуль беларускія федэрацыі толькі пішуць лісты, дэ-факта застаючыся ў бане.

У яхтынгу ў 2024-м пройдзе пяць адборачных спаборніцтваў для розных класаў. Пытанне ў тым, ці трапіць туды нехта з Беларусі, дзе пакуль «калупаюцца ў сваёй кашы на возеры». Ды і патрапіць на АГ нятанна – ва ўмовах допуску патрабуюць страхоўку аж на 2 мільёны еўра.

На гэтым, уласна, «беларускія» віды з мінулых АГ заканчваюцца. На з'яўленне новых разлічваць таксама не выпадае – у тых жа настольным тэнісе і фехтаванні працягваецца заняпад.

Што ў выніку?

Атрымліваецца, на сёння ёсць якраз пяць ліцэнзій, якія з другой спробы і налічыў МАК: дзве ў барацьбе, па адной у акадэмічным веславанні, веласпорце і плаванні. У галаве яшчэ дзве ў тэнісе (там федэрацыя напэўна будзе толькі за) і 5+ у лёгкай атлетыцы (дзе трэба пераадолець супраціў функцыянераў). Яшчэ некалькі можа быць у тых жа барацьбе, веславанні і плаванні, хоць нешта ды павінна быць у цяжкай атлетыцы, пры добразычлівасці сусветнай гімнастыкі можа атрымацца адна квота ў батуце. Іншыя віды спорту сумарна наўрад ці дадуць больш за пару пуцёвак – і тое будзе ўжо поспех.

Агулам можна прагназаваць 15-20 ліцэнзій. Сурʼёзна паменшыць іх колькасць могуць агульны нядопуск лёгкаатлетаў і стоп-сігнал праз прыналежнасць да беларускіх «сілавікоў», якую на пачатак 2023-га мелі як мінімум барчыха Каладзінская, вясляр Залаты, цяжкаатлет Зязюлін, а таксама ўладальнікі «нарматыўных» вынікаў Алена Дубіцкая (штурханне ядра) і Аляксей Каткавец (кіданне кап'я).

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты