Усе навіны

Крысціна Ціманоўская: «Як можна дапускаць у нейтральным статусе такіх, як Недасекаў і Мірончык-Іванава, якія падтрымліваюць вайну?»

10 кастрычніка, 12:45

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская ў інтэрв'ю «Зеркалу» выказала стаўленне да праўладных беларускіх спартсменаў.

– Вас хвалюе, што сёння кажуць прапагандысты, праўладныя спартсмены ў Беларусі? Скакуха ў даўжыню Анастасія Мірончык-Іванова вось 7 кастрычніка назвала вас «здрадніцай» і «нягодніцай».

– Мне гэта не цікава. Звяртаю ўвагу толькі на тых людзей, якія матывуюць, з якіх магу ўзяць прыклад. Да такіх асоб я бы прыслухалася, а не да тых, у каго вельмі сумнае ўласнае жыццё. Мабыць, гэта банальная зайздрасць: чалавеку няма чым заняцца, і ён пачынае вучыць іншых.

– Вам шкада беларускіх атлетаў, якія пазбаўленыя міжнародных стартаў?

– Гледзячы якіх. Тым, хто выступаў супраць рэжыму, але ім заткнулі раты, прэсавалі – так, спачуваю. А Мірончык-Іванова або [Максім] Недасекаў пажынаюць плады за сваю пазіцыю. Увогуле не ўяўляю, як можна нават заводзіць гаворку пра допуск у нейтральным статусе такіх людзей, якія падтрымліваюць ці нечым апраўдваюць вайну, смерці нявінных людзей. Ім не месца ў спорце, – падзялілася Ціманоўская.

Нагадаем, што Мірончык-Іванава і Недасекаў з'яўляюцца падпісантамі рэжымнага ліста спартсменаў.