Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/Недасекаў прапусціў год, усё яшчэ з траўмай і далёкі ад топу, але рэжымны трэнер бадзёра чакае ад яго алімпійскі медаль

Недасекаў прапусціў год, усё яшчэ з траўмай і далёкі ад топу, але рэжымны трэнер бадзёра чакае ад яго алімпійскі медаль

І не толькі тут у менеджара праблемы з аптымізмам.

Аўтар — bytribuna com
8 лютага, 12:00
Недасекаў прапусціў год, усё яшчэ з траўмай і далёкі ад топу, але рэжымны трэнер бадзёра чакае ад яго алімпійскі медаль

Беларуская лёгкая атлетыка працягвае здзіўляць сваімі інтэрвʼю. Мы толькі асэнсавалі спробу патрапіць на несумяшчальныя турніры скакухі Карыны Дзямідзік (і нібыта яе словы пра «фінансавы дабрабыт» на расійскіх спаборніцтвах, пасля адрэдагаваныя ў арыгінале).

А тут падаспелі выказванні Ігара Сівадзедава. Былы коўч паспяховага дзесяціборца Андрэя Краўчанкі з 2014-га па 2018-ы займаў пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі (цяпер яе скасавалі), а на сёння ўжо другі год зʼяўляецца пры камандзе дзяржаўным трэнерам (такая пасада ад рэжымнага «мінспорту» ёсць у многіх зборных). Але, здаецца, у некаторых прадстаўнікоў сваёй каманды Сівадзедаў забыўся ўдакладніць важную інфармацыю.

Але спачатку разбяромся са смелым выказваннем рэжымнага трэнера пра АГ. Ён запэўніў, што ў зборнай «рыхтуюцца да таго, што могуць аказацца на Гульнях, не выключаюць, што могуць запрасіць у самы апошні момант» – і дадаў, што «на цяперашні момант шэсць ліцэнзій ёсць, але плануем давесці гэтую колькасць хаця б да 15».

Нагадаем, што праз «антываенны» бан ад міжнароднай федэрацыі беларускія лёгкаатлеты, па сутнасці, могуць адабрацца ў Парыж адным спосабам – выканаць кваліфікацыйны нарматыў. Аднак тут ёсць сусветны максімум месцаў, таму, акрамя самога дасягнення выніку, трэба, каб яго перасягнулі не надта шмат канкурэнтаў. І тут першая праблема – у нарматыў упісаліся і праўда шэсць беларускіх атлетаў, але барʼерыстку Эльвіру Грабарэнку ўжо абагналі 20 чалавек пры роўна такой квоце на Гульні, таму дэ-факта ў спартсменкі няма ліцэнзіі.

Па-другое, Сівадзедаў у якасці «перадумоў» да атрымання 15 ліцэнзій назваў роўна тры прозвішчы. Потым прагучала яшчэ пару – але гэта ўсё роўна ніяк не дацягвала да заяўленага ліку. Мяркуючы па выніках 2023-га, сумарна дзясятак атлетаў з выкананым нарматывам – такі вынік ужо будзе выдатным. Але больш за ўсё здзіўлення выклікала згадка Сівададзевым таго, што нарматыў яшчэ не выканаў рэжымнік Максім Недасекаў.

«Думаю, што кожны спартовец хоча паехаць на Алімпіяду, а асабліва той, хто можа пазмагацца за медаль. У нас такія прадстаўнікі ёсць – гэта і Недасекаў. Ён у 2021-м казаў, што ў Парыжы выйграе золата? Значыць, выйграе, раз казаў», – заявіў трэнер.

Тут можа быць толькі адна выснова: Сівадзедаў не сочыць за карʼерай Недасекава. У 2021-м той мог дазволіць сабе смелыя заявы – паказаў аднолькавы вынік у 2,37 метра з пераможцамі Гульняў (два канкурэнта падзялілі золата), бронза дасталася праз няўдалыя спробы на ніжэйшых вышынях. Аднак летам 2022-га на ЧБ Недасекаў траўмаваў галёнку – і год аднаўляўся. Да таго ж у траўні 2023-га памерла асабісты трэнер скакуна Таццяна Нарэйка, пасля чаго і так не цвярознік Недасекаў запіў. На ЧБ-2023 скакун змог выступіць, але пераадолеў толькі планку 2,20 метра.

У студзені Недасекаў перанёс усе свае алімпійскія планы на 2028 год. Таксама рэжымнік заявіў, што нага ўсё яшчэ не дае рыхтавацца напоўніцу – праз пашкоджанне нават прыйшлося памяняць разбег. У зімовым сезоне Недасекаў не чакае ад сябе больш, чым 2,25, што будзе лічыць «цудоўным вынікам» (пакуль змог 2,24), летам замахваецца максімум на 2,30 – і тое без гарантый. Нарматыў на АГ-2024 складае 2,33 метра – то-бок нават на ўдзел у Парыжы скакун не прэтэндуе. Усё гэта відавочна прайшло міма Сівадзедава.

Яшчэ адна цікавая фраза трэнера – пра Аліну Юшчанка са спартыўнай хадзьбы: «Калі параўноўваць яе вынікі з часам на чэмпіянатах свету, то ў яе дзесьці другое месца было б. Мы разлічваем, што яна трапіць на Алімпійскія гульні і пазмагаецца там за медалі».

Мабыць, Сівадзедаў механічна падставіў у пратакол ЧС-2023 час Юшчанка з травеньскага Кубка Беларусі – там спартсменка прайшла 20 км за сапраўды выдатныя для віду 1:26,58. Аднак, па-першае, ЧС прайшоў у жніўні – а ўжо ў ліпені Юшчанка на ЧБ паказала 1:27.55, што аналагічнай падстаноўкай у вынікі з «свету» прынесла б ужо толькі сёмае месца.

А па-другое, вынікаў лёгкаатлеткі (роўна як і яе суперніц па тым удалым старце ў траўні-2023) няма ў сістэме міжнароднай федэрацыі – хаця ў іншых дысцыплінах беларускія турніры без праблем індэксуюцца ў агульную базу, ды і ў спартыўнай хадзьбе адлюстроўваюцца вынікі Юшчанкі на ўнутраных турнірах з 2022-га (тады яе час быў прыкметна горшы). Лагічна выказаць здагадку, што ў 2023-м нешта не так было з умовамі правядзення – таму спартсменка і не лічыцца «ўпісанай» у алімпійскі нарматыў, хаця па беларускіх пратаколах двойчы паказала патрэбны час.

Да ўсіх сваіх спрэчных заяваў Сівадзедаў таксама дадаў, што як «рэалісты» у зборнай разумеюць, што «для большасці рабят галоўны старт» – гэта расійскія Гульні дружбы. Супраць удзелу ў іх адназначна выступае МАК, але ліцэнзій на АГ у беларускіх лёгкаатлетаў пакуль усяго шэсць, а астатнім наогул нічога не перашкаджае паахвоціцца на вельмі шчодрыя прызавыя ад расіян. Не хавае гэтага і трэнер – згадаўшы задачы на расійскі турнір («прынесці ў скарбонку зборнай як мага больш медалёў») заявіў, што «ў выпадку поспеху там можна атрымаць фінансавыя надбаўкі», то-бок стыпендыю ад Лукашэнкі. Ды і сам Сівадзедаў, здаецца, разлічвае ў такім раскладзе на нейкія бонусы, мяркуючы па яго словах, што калі яго падапечныя добра выступяць на Гульнях дружбы, то «і нам усім будзе добра».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты