Усе навіны

Баскетбольны блогер Уткіна: «У Беларусі на мяне заведзеная «крымінальная справа» за «абразу Лукашэнкі»

29 верасня, 12:09

Баскетбольны блогер Анастасія Уткіна расказала пра тое, як даведалася пра прызнанне рэжымным судом свайго канала «экстрэмісцкім».

– Цяпер аказалася, што «Пляцоўку» назвалі «экстрэмісцкім» каналам.

– Там я, па-мойму, з 2020-га пісала крытычныя матэрыялы пра баскетбол, выкладала свае думкі. Канал быў адкрытым, але цяпер я яго закрыла – не хочацца падстаўляць людзей, якія чытаюць яго і знаходзяцца ў Беларусі (цяпер на канал падпісаны 161 чалавек – Truibuna.com). Не думаю, што яго можна назваць папулярным, але я яго працягвала весці, каб не маўчаць.

Апошні год, напэўна, пісала, каб насаліць Марынінай і Рыжанкову. Таму што мне крыўдна глядзець на тое, што яны робяць. Робяць выгляд, што развіваюць баскетбол, а насамрэч проста яго забіваюць. Якія крытычныя штукі я магла б абазначаць? Ды ніякіх, бо баскетбол у цэлым не развіваецца. Таму мае пасады былі накіраваныя менавіта на кіраўніцтва БФБ.

Пра «экстрэмізм» даведалася зусім выпадкова. Нядаўна да мяне дайшла інфармацыя, што ў Беларусі на мяне заведзеная «крымінальная справа» за «абразу Лукашэнкі», прычым у закрытым твітары. Я потым глядзела на свае запісы і спрабавала зразумець, за які менавіта твіт завялі справу, там ёсць выбар :). Дзеля цікавасці зайшла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і ўбачыла, што, аказваецца, мае сацсеткі рэжым лічыць такімі з сярэдзіны сакавіка. Увяла назву канала – і ён такі ж, толькі з 1 жніўня. Мне пра гэта ніхто не паведамляў, вось сама выпадкова даведалася.

Бліжэйшыя паўгода нічога не буду пасціць у канал, потым – паглядзім. Яшчэ з чэрвеня 2024 года хачу запусціць падкаст, у якім буду расказваць пра жаночы баскетбол, чым жывуць нашы спартсменкі, якія гуляюць не на Радзіме. Хочацца расказваць пра юніёрскія чэмпіянаты свету і Еўропы. Спадзяюся, усё атрымаецца, – распавяла Уткіна.