Усе навіны

Ботнікаў пра паўфінал «пляжнага» ЧС: «Нехта можа сказаць, маўляў, беларусам шанцавала – перакладзіны, штангі. Але тым і цудоўны футбол!»

1 сакавіка, 23:44

Старшыня беларускай федэрацыі пляжнага футбола Міхаіл Ботнікаў падвёў вынікі чэмпіянату міру, на якім зборная Беларусі заняла 4-е месца.

– Лічу, наша зборная паказала цудоўны вынік – найлепшы ў яе гісторыі. Мы чацвёртыя ў свеце! І занялі гэтую высокую пазіцыю абсалютна заслужана. Каманда паспяхова прайшла адборачны турнір. Выйграла групавы этап, прычым у трох турах набрала максімальную колькасць ачкоў – адзіная сярод усіх пераможцаў квартэтаў. Нават у бразільцаў, якія заваявалі залатыя ўзнагароды, было на два менш. Упершыню прабілася ў чвэрцьфінал і там разабралася з трохразовымі чэмпіёнамі свету партугальцамі.

Тое, што хлопцы паказалі, гэта космас! Разумею заўзятараў: чым вышэй уздымаешся, тым большага жадаецца. Але паўфінал з італьянцамі, у якім справа дайшла да серыі пасляматчавых пенальці, адабраў у хлопцаў зашмат сіл. Яны былі эмацыйна спустошаны.

Да таго ж у сустрэчы з іранцамі мы адчувалі сур'ёзны кадравы дэфіцыт. Толе Рабко пасля бітвы з італьянцамі наклалі на разбітую галаву шэсць швоў. Мікіта Чайкоўскі атрымаў страсенне мазгоў. Юра Пятроўскі парваў звязкі. Алег Гапон быў дыскваліфікаваны з-за чырвонай карткі. Гэта значыць каманда страціла пяцьдзесят адсоткаў палявых гульцоў. Так, Рабко выйшаў на пляцоўку з павязкай, але проста так падобныя ўдары не праходзяць, галавой гуляць ён не мог. Усё гэта негатыўна адбілася ў «бронзавым» матчы. Аднак параза ад іранцаў ні ў якім разе не перакрэслівае нашы дасягненні. Мы па праве займаем месца ў топ-кампаніі.

– Каляндар выглядаў жорсткім, асабліва ў плэй-оф: за чатыры дні прыйшлося згуляць тройчы.

– І гэта пры тым, што кожны матч быў вельмі напружаным, нагрузка каласальная. У чвэрцьфінале сышліся са зборнай Партугаліі. У нас з ёй даўняе супрацьстаянне. Апошні раз змагаліся ў Еўралізе – выйгралі ў барацьбе за трэцяе месца. Адолелі і на гэты раз.

Асобна, вядома, стаіць бітва з камандай Італіі. Заўзятары бачылі ў тэлетрансляцыі, што тварылі нашы хлопцы. Так, нехта можа сказаць: маўляў, вам, беларусы, пашанцавала – былі штангі, перакладзіны, крыжавіны. Але тым і цудоўны футбол! Дарэчы, менавіта трапленне ў штангу і вырашыла зыход пасляматчавай латарэі. Нажаль, не ў нашу карысць.

Калі б мы мелі хаця б дзень на аднаўленне, у гульні за бронзавыя медалі каманда выглядала б інакш. Іранцы аказаліся ў больш выгадным становішчы. Неяк не пайшло ў нас з самага пачатку – шмат што вырашылі два хуткія галы. Разбіралі гульню іранцаў, ведалі, як выдатна яны могуць выконваць «бісіклеты», але яны стралялі з фантастычнай трапнасцю.

– Як Альварада ўспрыняў паразу?

– Ён разрыдаўся. Бо рэальна маглі браць медалі. Усе на іх настройваліся, прагнулі гэтага, рабілі ўсё, каб казка стала яўнай. Вельмі крыўдна. У распранальні нехта плакаў, нехта не мог слова вымавіць – сілы пакінулі. Па дарозе ў гатэль у аўтобусе стаяла трунная цішыня. Поўнае спусташэнне… – распавёў Ботнікаў.