Трэнер жаночай зборнай Беларусі Малуха: «Усе ў добрай форме і гатовыя паказваць свае найлепшыя вынікі»
Старшы трэнер жаночай зборнай па біятлоне Раман Малуха расказаў пра падрыхтоўку да этапа Кубка Садружнасці ў Раўбічах, які пачнецца 5 студзеня.
– У нас на трэцім этапе Кубка Садружнасці прымуць удзел: Ганна Сола, Ірына Лешчанка, Адэліна Сабітава, Дар'я Кудаева, а таксама будзе юніёрка Алена Кулак. Яна сябе добра зарэкамендавала на юніёрскіх стартах і мы бачым яе высокую хуткасць перамяшчэння па трасе.
Яшчэ будзе Наталля Карніцкая.
Быў нядаўна трэніровачны старт для тых, хто можа праявіць сябе і патэнцыйна прыняць удзел у Кубку Садружнасці.
– Зараз маразы. Ніякіх скарг ад спартсменак няма?
– Не. За ноч усе ўмовы надвор'я памяняліся. У нас зараз прыгажосць на трасе, ды яшчэ і снег выпаў. І калі недзе было бачна, што снег пачынаў падтаваць, то гэтыя пытанні хутка вырашаліся. У гэтым пляне ніякіх праблем не было.
– Ці ўсе здаровыя?
– Так, усе здаровыя. Усе ў добрай форме і гатовы паказваць свае найлепшыя вынікі.
– Усе дзяўчаты пражываюць зараз тут, у Раўбічах?
– Так, цяпер мы жывем тут, у трэцім гатэлі.
– Быў Новы год. Ці давалі вы паслабленне камандзе?
– Не. 31-га чысла была трэніроўка, але пасля яе ўсе раз'ехаліся адзначаць Новы год. 1-га студзеня мы ўжо выйшлі на трасу, бо святы не павінны даваць паслабленняў. У нас стаяць задачы, якія трэба выконваць, – сказаў Малуха.