Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Радзіма нічога не дала: сын алімпійцаў, які адмовіўся выступаць за Беларусь на карысць Расіі, патлумачыў, чаму ён не здраднік

Радзіма нічога не дала: сын алімпійцаў, які адмовіўся выступаць за Беларусь на карысць Расіі, патлумачыў, чаму ён не здраднік

Кажа, у Беларусі яму за гэта да сёння помсцяць.

Аўтар — Pam-pam
30 студзеня, 12:54
Радзіма нічога не дала: сын алімпійцаў, які адмовіўся выступаць за Беларусь на карысць Расіі, патлумачыў, чаму ён не здраднік

Днямі беларускі баскетбаліст ЦСКА Антон Астапковіч пад сваё 30-годдзе (адсвяткаваў 29 студзеня) даў вялікае інтэрв'ю, у якім акрамя іншага паскардзіўся, што на Радзіме яго лічаць здраднікам.

Астапковіч распавёў гісторыю, як у адзін з яго прыездаў нейкі карэспандэнт узяў у яго самаго і яго бацькоў інтэрв'ю, якое ў выніку стала часткай тэлерэпартажу аб «пяці здрадніках краіны». Баскетбаліст не разумее, за што яго так называюць.

«Бацькі вельмі чакалі гэтага выпуску. Паглядзелі – і вы разумееце, якія эмоцыі адчулі… Людзі, якія адстойвалі гонар краіны, заслужаныя майстры спорту, чуюць па тэлевізары, як іх сына называюць здраднікам. За што? Адказ мне невядомы», – кажа былы беларус.

Уладальнік расійскага грамадзянства нарадзіўся ў не самай простай сямʼі. Яго бацька малатабоец Ігар Астапковіч – алімпійскі прызёр Барселоны (срэбра) і Сіднэю (бронза), а маці Ірына Ятчанка брала бронзавыя ўзнагароды на Гульнях у Сіднэі і Афінах у кіданні дыска, праўда, грэцкага медаля яна была пазбаўленая за ўжыванне допінгу. Больш дэталёва пра сямʼю і дзяцінства Астапковіча мы расказвалі некалькі гадоў таму.

Астапковіч у інтэр'ю дэталёва патлумачыў, чаму здраднікам сябе не лічыць. Галоўны аргумент - Радзіма ў яго нічога не ўклала. Толькі бацькі.

Як кажа сённяшні баскетбаліст ЦСКА, яго шлях у спорце пачынаўся нават не ў спартыўнай школе, а ў менш статуснай дзіцяча-юнацкай камандзе (у Астапковіча яна называлася «Аўтазаводзец»). Праз гэта нібыта не было якасных умоў для падрыхтоўкі. Трэнавацца даводзілася ў звычайных школьных залах, на пляцоўках меншага памеру з іншай разметкай і іншымі недахопамі, а ў залу, якая адпавядала стандартам, каманда трапляла раз на тыдзень.

На спаборніцтвы «Аўтазаводзец» ездзіў не спецыяльна арэндаваным аўтобусам, а звычайным плацкартам, жыў - у хостэлах, а не гатэлях.

«Такая карціна: у нас дашырак, трэнер купляе каўбасу, наразае кожнаму таўшчэзныя кавалкі, кладзе на хлеб – гэта наш абед і вячэра. Бацькі клалі з сабой курыцу і ўсё, што не магло сапсавацца за два дні, бо захоўваць прадукты не было дзе».

Самы драматычны ўспамінам з дзяцінства Астапковіча - гэта як ён ночыў у нейкай гомельскай школе. Там каманду завялі ў памяшканне з ледзь не пяцімятровай столлю, дзе стаялі дзесяціярусныя (!) ложкі - сёння канструкцыі такога памеру нават немагчыма нагугліць. Але тое толькі палова бяды. Астапковічу ў гэтым мульціложку не хапіла месца, і яго адпялі ў нейкі кабінет з разбітым акном (усё адбывалася зімой). Там ён рассунуў парты, паклаў матрац і спаў на ім у адзенні.

Чамусьці баскетбольныя школы ў Беларусі, у тым ліку «Мінск», не асабліва звярталі ўвагу на таленавітага хлопца. Ён гуляў, як сам кажа, за «дваравую» каманду. Аднойчы з ёй стаў трэцім на чэмпіянаце сталіцы. Па выніках турніру фармавалася зборная горада для ўдзелу ў спаборніцтвах паміж рэгіёнамі. Астапковіча запрасілі ў каманду, якая складалася ў асноўным з выхаванцаў «Мінска». Трэнер таксама быў з «Мінска» і таму на турніры пераважна выпускаў сваіх гульцоў, хаця Астапковіч кажа, што на той момант ужо лічыўся адным з галоўных талентаў па сваім узросце. Яго выпускалі не на профільнай пазіцыі і давалі мала часу, але па выніках спаборніцтваў менавіта сына легкаатлетаў прызналі найлепшым нападаючым. Трэнер тады нібыта запытаўся ў бацькі хлопца, ці не ён набыў сыну тытул, а амаль адразу пасля гэтага прапанаваў Антону Астапковічу паспрабаваць сябе ў «Мінску».

Але на той момант юнак меў іншы варыянт. Ігар Астапковіч праз сацсетку «Аднакласнікі» адшукаў у Маскве сябра, які дамовіўся аб праглядзе сына ў спартшколе «Ціміразеўская». Туды і паехаў 15-гадовы Антон. Прагляд прайшоў паспяхова, а праз нейкі час ураджэнец Беларусі быў запрошаны на адбор у ЦСКА – і ў выніку атрымаў запрашэнне ў самы моцны клуб Расіі.

Часам пра Антона Астапковіча пішуць, што ён зʼяўляецца выхаванцам «Мінска». Ён і сам калісьці такое напісаў ва ўласнай анкеце, але сёння кажа, што гэта няпраўда – маўляў, з «Мінскам» толькі ездзіў на той самы турнір. Праз колькі год баскетбаліст папрасіў прэс-службу ЦСКА прыбраць згадку беларускага клуба са свайго прафайла.

Трапіўшы ў ЦСКА, малады форвард не хаваў, што яго галоўная мэта – выступаць за зборную Расіі. Адсюль імкненне атрымаць расійскі пашпарт і пастаянныя адмовы прыехаць у трэнавальныя лагеры зборнай Беларусі (што моцна абурала баскетбольную супольнасць у краіне). Даходзіла да дзівацтваў: галоўны трэнер зборнай Беларусі Байдакоў казаў, што выклікаў Астапковіча на зборы, бацька спартсмена гэта адмаўляў, а пазней у сеціве зʼяўляліся цытаты накшталт «не змог прыехаць, таму што зборы супалі з сесіяй у ВНУ».

У 2015-м годзе, праз шэсць гадоў жыцця ў сталіцы Расіі і праз месяц пасля пераходу ў асноўную каманду ЦСКА, Астапковіч атрымаў расійскае грамадзянства, з чым таксама было ўсё няпроста - бюракратычныя працэдуры былі вельмі складанымі і маруднымі, да таго ж як раз у той перыяд Расія анексавала ўкраінскі Крым, а ейныя баевікі захапілі частку Данецкай і Луганскай абласцей.

«Гэта былі 2014-2015 гады, вельмі вялікая колькасць людзей з Данецка і Луганска, хто пайшоў атрымліваць грамадзянства РФ – і глядзелі ў першую чаргу на іх», - згадвае Астапковіч.

Дапамог паскорыць працэдуру Сяргей Іваноў, які тады быў і прэзідэнтам баскетбольнага ЦСКА, і кіраваў пуцінскай адміністрацыяй. Аднойчы Іваноў уразіўся гульнёй маладога беларуса і вырашыў дапамагчы з дакументамі.

Прыкладна тады ж баскетбаліст агучыў свае амбіцыі датычна зборнай:

«Спадзяюся ўбачыць сябе ў колерах расійскай зборнай. Гэта як бы адна з маіх мэт. Я нават скажу па сакрэце, мая самая галоўная мэта – гэта «пераскочыць» бацькоў. Для гэтага трэба патрапіць у зборную».

Праўда, у афіцыйных матчах за зборную Расіі экс-беларус дэбютаваў толькі ў 2021-м - праз шэсць гадоў пасля атрымання новага грамадзянства. У матчы кваліфікацыі на Еўрабаскет-2022 супраць Эстоніі (Расія гарантавала сабе ўдзел у еўрапейскім турніры перамогай над Паўночнай Македоніяй за два дні да таго) Астапковіч правёў амаль 20 хвілін на паркеце, за якія вызначыўся 7 пунктамі, 8 падборамі і 2 асістамі. Пасля гульні баскетбаліст расказваў пра драматычны шлях, які папярэднічаў дэбюту.

«Мне загадзя сказалі, што ў выпадку перамогі ў пятніцу над Македоніяй змагу згуляць у нядзелю. І ўсё роўна хваляванне прысутнічала - я не ведаю, колькі гэтага чакаў. У 2015 годзе атрымаў пашпарт, і потым быў доўгі-доўгі шлях. Быў у Адкрытым лагеры РФБ для маладых гульцоў — парваў перапонку паміж пальцамі. Пасля яшчэ нешта ўвесь час адбывалася. І вось мы дачакаліся».

У джэрсі зборнай Расіі форвард правёў яшчэ два матчы кваліфікацыйнага турніру да Алімпіяды (разам з партнёрамі саступіў Мексіцы і Германіі і не выйшаў з групы) і тры ў кваліфікацыі да чэмпіянату свету-2023, дзе зборная Расіі лідаравала ў сваёй групе, пакуль не здарыўся вераломны напад на Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Так і расійскі баскетбол патрапіў пад санкцыі.

Па словах не здрадніка Астапковіча, на Радзіме яму дагэтуль не даравалі змены грамадзянства. Мужчына мае мару – прыехаць у Беларусь і правесці майстар-клас для дзяцей, трэнераў, каб перадаць свой досвед. Гатовы гэта зладзіць на ўласныя грошы. Але нешта не атрымліваецца: маўляў, на яго самога глядзяць коса, а дзяцей не адпускаюць індывідуальна трэнавацца ў Расію (незразумела, навошта ехаць у Расію, калі майстар-клас мае адбывацца ў Беларусі). Дзяцей нібыта не адпускаюць з такой вось аргументацыяй: «Ага, куды? Каб потым вы зʼехалі і не вярнуліся? Як Астапковіч?»

Пры гэтым сам Астапковіч быццам бы не можа ў Беларусі нават арандаваць спартзалу, каб патрэнавацца летам, калі прыязджае да бацькоў. Маўляў, як толькі ў залах даведваюцца, хто хоча там займацца, адразу ідзе адмова.

Адзін з нямногіх суайчыннікаў, пра каго Астапковіч у вялікім інтэрвʼю кажа з удзячнасцю, – гэта яго першы трэнер Віталь Радзюк. Ён займаўся баскетбольная камандай, паралельна працуючы настаўнікам фізкультуры. На думку Астапковіча, мужчына за сваю баскетбольную актыўнасць мог увогуле не атрымліваць грошы. Сёння Радзюк працуе ахоўнікам на «Мінск-Арэне», хаця «ў яго акрамя мяне ёсць і яшчэ выхаванцы, якія гулялі і сёння яшчэ гуляюць на прафесійным узроўні».

***

Сваю сённяшнюю ідэнтычнасць Астапковіч апісвае наступным чынам:

«Так, я нарадзіўся ў Беларусі, па нацыянальнасці заўсёды буду беларусам. Прыязджаю ў Мінск і адчуваю, што дома. Бо гэта, сапраўды, дом. Але я ўжо расіянін».

Іншыя пасты блога

Усе пасты