Tribuna/вид спорта не определен/Блогі/Футбол 2.0/Што не так з заявай Драгуна: ці сапраўды цяпер ён за гвалт?

Што не так з заявай Драгуна: ці сапраўды цяпер ён за гвалт?

Максім Беразінскі разбірае па пунктах.

Блог — Футбол 2.0
17 ліпеня, 16:34
3
Што не так з заявай Драгуна: ці сапраўды цяпер ён за гвалт?

Калі трэба крычаць, футбалісты маўчалі. Калі трэба маўчаць, пачынаюць гаварыць.

Вось і Стас Драгун загаварыў. Той самы капітан зборнай Беларусі, якому забаранілі гуляць у футбол праз тое, што ў 2020 годзе выказаўся пра гвалт, які стаяў у краіне. З дапамогай чорнага спісу яго фактычна пакінулі без прафесіі.

Здаецца, трэба было б раззлавацца. Але – не. Замест гэтага Драгун з дазволу так званага міністэрства спорту адкрыў новы фармат – пакаянная прэс-канферэнцыя. Нешта падобнае было з Пратасевічам, але ён быў занадта відавочным закладнікам на той момант і не вельмі распараджаўся сабой. Прынамсі, быў пад арыштам і адказваў на пытанні пад наглядам носьбітаў формы.

Застаючыся ў Беларусі, ты не можаш сёння крычаць, што ты супраць. Гэта зразумела. Але калі цябе вымушаюць адмовіцца ад сваёй пазіцыі і ты вымушаны несці ўсё тое, што было сказана на прэсавай канферэнцыі Драгуна, то гэты ўжо крышку іншая гісторыя. Тут гаворка ідзе не пра адценні шэрага. Ты падтрымліваеш суцэльнае зло, становішся на самы цёмны бок, які толькі можа быць.

Так, гэта пытанне выбару, але ён ёсць заўжды. Нават у калоніях. Мы бачым, што Пратасевічаў – адзінкі, а Пальчысаў, Севярынцаў, Статкевічаў, Бабарыкаў, Калеснікавых, Лосікаў – сотні. На жаль, палітычных зняволеных – тысячы. І гонар, што большасць з іх не зламаць.

У Драгуна ёсць бізнес у Беларусі. Але дзясяткі тысяч беларусаў таксама шмат што страцілі. І яны цяпер не наракаюць. У іх засталося галоўнае, што ёсць у чалавека – сумленне.

Драгун кажа, што футбалісты маўчаць пра палітыку, таму што хочуць гуляць у футбол. Але адбываецца роўна наадварот – усё, як у «1984». Вайна – гэта мір, свабода – гэта рабства, няведанне – гэта сіла. Праз маўчанне футбалістаў цкуюць і забараняюць гуляць у футбол за тое, што яны ў 2020 годзе сказалі «не» гвалту. Стас, дзе тут палітыка?

Мы не абмяркоўвалі і нават не давалі заявы, напрыклад, Надзеі Астапчук. Так здараецца, калі трэба вызваліцца з закладнікаў. Калі гэта так, то чакаем заяў і ад Драгуна. Алесь Міхаелвіч пагадзіўся супрацоўнічаць з КДБ, каб выйсці адтуль. Але адразу, як выйшаў, расказаў, што ён выходзіць з гэтай дамовы. Пакінем і Стасу магчымасць адмовіцца ад бруду.

Таму што інакш увогуле паўстае пытанне: калі Драгун ад пачатку быў гатовы сказаць усё тое, што ён сказаў, то навошта было сканчваць кар’еру? У гэтай зборнай Драгун мог бы быць капітанам яшчэ гадоў пяць дакладна.

І апошняе. Стас, мы не пятая калона. І на барыкады ніхто вас не зваў. Разумею, што прасцей за ўсё абвінаваціць ва ўсім журналістаў. Не так зразумелі, перакруцілі і гэтак далей.

Проста нагадаю, што ты не толькі футбаліст, але і чалавек. І калі чалавек цікавіцца палітыкай, гэта цалкам нармалёва. Тым больш, што размова цяпер не пра палітыку нават. А пра дабро і зло, белае і чорнае. Тут вельмі проста вызначыцца. Тут не трэба нават чытаць шмат кніжак і доўга вагацца. Спадзяюся, ніякія абставіны на прымусяць цябе запісаць ролік за гвалт і адмовіцца ад падтрымкі Лены Леўчанкі, калі тая трапіла на Акрэсціна. Паглядзі каментары пад відэа калегі Хадасевіча – людзі проста не разумеюць.

Ты рабіў усё правільна. Так і павінен рэагаваць чалавек на гвалт і несправядлівасць. Шкада, што сярод футбалістаў аказалася мала нават такіх заяў. І калі затрымлівалі баскетбалістаў, дактароў, выкладчыкаў, і калі пачалі цкаваць саміх футбалістаў. Калі б было інакш, мы маглі б жыць у іншай краіне. І зборная гуляла б удома. І вынікі ў яе былі б іншыя. І заўзелі б за яе па-сапраўднаму – так, як гэта было яшчэ не так даўно. Ты памятаеш.

Але футбалісты абралі іншы шлях. На жаль. І сёння маўчаць нават тыя, хто гуляе за мяжой і знаходязіцца ў бяспецы. Маўчаць нават тады, калі маўчаць немагчыма. Як у выпадку з забойствам мастака Алеся Пушкіна ў калоніі. І ніколі не паверу, што ў тваім сэрцы гэта не адгукаецца.

На ўсялякі выпадак пакіну тут пранізлівую прамову Аляксандра Памідорава са слязьмі на вачах. Разумееш, да чаго прывяло маўчанне?

Іншыя пасты блога

вирус
2 красавіка 2020, 17:49
Усе пасты