Tribuna/Футбол/Блоги/Беларусский футбол/Хоць апекуноў і затрымалі, «Тарпеда-БелАЗ» мае намер змагацца за чэмпіёнства, Кубак і групу еўракубкаў

Хоць апекуноў і затрымалі, «Тарпеда-БелАЗ» мае намер змагацца за чэмпіёнства, Кубак і групу еўракубкаў

Грошы не праблема і без плана развіцця, а Молаш хоча два склады.

Автор — bytribuna com
2 студзеня, 19:44
1
Хоць апекуноў і затрымалі, «Тарпеда-БелАЗ» мае намер змагацца за чэмпіёнства, Кубак і групу еўракубкаў

8 студзеня бронзавы прызёр чэмпіянату-2023 «Тарпеда-БелАЗ» выйдзе з адпачынку і распачне падрыхтоўку да сезона ў вышэйшай лізе. Аднак клуб пачаў актыўнічаць яшчэ ў канцы мінулага года: падпісваліся новыя гульцы, з тымі, хто быў у складзе, або развітваліся, або заключалі новыя кантракты, а галоўны трэнер «аўтазаводцаў» Дзмітрый Молаш зʼездзіў на стажыроўку ў «Арыс». Былі і іншыя навіны, якія маглі выклікаць трывогу за лёс усяго клуба: былі затрыманыя высокапастаўленыя апекуны ФК – генеральны дырэктар «БелАЗа» Сяргей Нікіфаровіч і лукашэнкаўскі мэр Жодзіна Дзмітрый Заблоцкі.

«Трыбуна» даведалася, як пажывае «Тарпеда-БелАЗ» у такіх умовах.

У новым сезоне – задачы максімальныя

«Аўтазаводцы» падчас чэмпіянату-2023 толькі пару разоў выпадалі з топ-3, а бывала, што і ўзбіраліся на прамежкавае другое месца. Звяртае на сябе ўвагу вялікая колькасць нічыіх – 13 у 28 матчах. У многім гэтым тлумачыцца адрыў ад другога месца ў 13 пунктаў. Паразаў у «Тарпеда-БелАЗ» усяго тры, як і ў мінскага «Дынама» (менш за ўсіх у турніры).

Выдатна «аўтазаводцы» паказалі сябе ў Кубку Беларусі. Па-першае, у траўні ўзялі трафей, абгуляўшы ў фінале БАТЭ 2:0. А ў новым розыгрышы, 2023/24, ужо дайшлі да чвэрцьфіналу, выбіўшы з турніру «Ліду» (3:1) і «Ніву» з Доўбізна (2:1). У сакавіку гэтага года калектыў Дзмітрыя Молаша згуляе з «Шахцёрам», які перажывае кардынальнае абнаўленне.

А вось у Лізе канферэнцый «Тарпеда-БелАЗ» не затрымалася: уступіла ў першым жа для сябе раўндзе кіпрскаму АЕКу (2:3, 1:1).

Сёлета камандзе таксама давядзецца выступаць на некалькі франтоў. Па нашых звестках, у клубе ўжо паставілі мэты на будучы сезон, і яны максімальныя. Кіраўнікі «Тарпеда-БелАЗ», ды і галоўны трэнер, разлічваюць на перамогу і ў чэмпіянаце, і ў Кубку краіны, а таксама на выхад у групавы этап Лігі канферэнцый. І гэта пры тым, што стартаваць давядзецца з першага кваліфікацыйнага раўнда.

Пад гэтыя задачы сёння і фармуецца склад. Ужо папоўніў калектыў экс-абаронца «Славіі» Ілля Руцкі, падоўжаны кантракт з капітанам хаўбекам Кірылам Прамудравым і абаронцам Дзянісам Лявіцкім. Вялікая верагоднасць, што ў бліжэйшы час часткай «Тарпеда-БелАЗ» стануць форварды Максім Скавыш і Дзяніс Лапцеў, якія правялі мінулы сезон у «Шахцёры» і БАТЭ адпаведна.

І не скажаш, што жодзінцы прама цяпер адчуваюць дэфіцыт у гульцах атакі. Але, як гавораць нашыя крыніцы, знаёмыя са станам спраў у клубе, Молаш мае намер сабраць два раўнацэнныя склады, каб спакойна размяркоўваць сілы па турнірах. Больш за тое, паводле нашай інфармацыі, ФК не мае намеру абмяжоўвацца толькі беларусамі – ідзе актыўная прапрацоўка і замежнага рынку. Ну а за чый кошт будзе утрымлівацца ростар – гэтае пытанне таксама не выклікае асцярог, пра што распавядзем ніжэй.

Першы афіцыйны матч у новым годзе «Тарпеда-БелАЗ» правядзе 25 лютага, калі паспрачаецца за Суперкубак з мінскім «Дынама». Для «аўтазаводцаў» гэта будзе трэці заход на трафей (але каманда яго яшчэ не брала), а вось «бела-блакітныя» згуляюць за яго ўпершыню. Натуральна, перад Молашам таксама стаіць задача перамагчы і ў Суперкубку.

Да гэтага каманда па традыцыі возьме ўдзел у зімовым турніры «Белазавец». Дакладныя даты спаборніцтва будуць названыя пазней, але нагадаем, што летась яго выйграў «Нёман», а асноўны склад жодзінцаў фінішаваў другім.

Затрыманні «босаў» на клубе адбіцца не павінна

21 снежня партал «Люстэрка» паведаміў пра затрыманне генеральнага дырэктара ААТ «БЕЛАЗ» Сяргея Нікіфаровіча. Адной з магчымых прычынаў змяшчэння яго ў СІЗА КДБ называецца карупцыя. Пазней зʼявілася інфармацыя і пра затрыманне і старшыні выканкама Лукашэнкі па Жодзіне Дзмітрыя Заблоцкі. Гэтыя навіны былі цікавыя таксама ў кантэксце жыцця ФК, бо абодва чыноўнікі ўваходзяць у склад агульнага сходу ўдзельнікаў ТАА «Футбольны клуб «Тарпеда-БелАЗ». Ну а Нікіфаровіч – яшчэ і генеральны дырэктар галоўнага спонсара «чорна-белых».

З таго часу ніякіх навін пра чыноўнікаў няма. Цікава, што профіль Нікіфаровіча застаецца ў раздзеле кіраўнікоў на сайце «БелАЗа», а Заблоцкі па-ранейшаму значыцца босам лукашэнкаўскага выканкама па Жодзіне. Прысутнічаюць абодва профілі і на сайце футбольнага клуба. Тым не менш снежаньскія навіны выклікалі натуральныя пытанні, як затрыманні адабʼюцца на камандзе. Як запэўніваюць нашыя крыніцы, у «Тарпеда-БелАЗ» паведамленні ў СМІ ўспрынялі без радасці, аднак і без панікі.

У адсутнасць Нікіфаровіча і Заблоцкага вырашаць пытанні могуць і іншыя людзі, якія таксама ўваходзяць у кіроўны склад ФК. Так, напрыклад, па-ранейшаму членам агульнага сходу ўдзельнікаў ТАА зʼяўляецца генеральны дырэктар гандлёвага дома «БЕЛАЗ» Аляксей Лямін. Ёсць у клуба і непасрэдна дырэктар – Аляксандр Пугач, а таксама яго намеснікі – Віталь Карнавушэнка і Аляксей Юшкевіч.

У кіраўніцтве ФК усё выбудавана так, што сябры праўлення маюць абсалютна роўныя правы і галасы, таму непрыемнасці з сілавікамі Лукашэнкі ў Нікіфаровіча і Заблоцкага на вырашэнне бягучых пытанняў клуба не павінны адбіцца.

Акрамя таго, не варта забываць, што з восені 2021 года ў ФК функцыянуе рада дырэктараў, якая была створаная для «рашэння аператыўных стратэгічных задач і пытанняў развіцця клуба». Туды таксама ўваходзяць генеральны дырэктар «БелАЗа» і мэр Жодзіна. Апроч іх пытанні ў інтарэсах клуба вырашаюць прадстаўнікі кампаній-спонсараў і партнёраў ФК. Па-ранейшаму сябрамі рады зʼяўляецца і экс-футбаліст Аляксандр Глеб.

Як кажуць нашыя крыніцы, рада дырэктараў працягне функцыянаваць і выконваць свае задачы, што б ні адбывалася з Нікіфаровічам і Заблоцкім. Адсутнасць двух чальцоў рады, нават такога сурʼёзнага рангу, на агульнай працы і амбіцыях пакуль не адбіліся.

Па фінансах пытанняў няма

Як запэўніваюць нашыя суразмоўцы, затрыманні кіраўнікоў не адабʼюцца і на грашовых паступленнях у «Тарпеда-БелАЗ». Завод па-ранейшаму зацікаўлены ў клубе, а таму, паводле інфармацыі «Трыбуны», у новым сезоне заробкі не павінны быць ніжэйшымі, чым летась.

У 2023-м сярэдні заробак у «Тарпеда-БелАЗ» быў каля 7-8 тысяч рублёў, лідары атрымлівалі больш за 10 тысяч. Прэміяльныя належалі толькі за выкананне задач: за трапленне па выніках першага круга ў топ-4 – па тысячы рублёў на чалавека, за трапленне ў топ-3 па выніках ЧБ – яшчэ па тысячы. Як удалося даведацца, усе гэтыя грошы былі выплачаныя. Калі каманда ў канцы лета забуксавала, кіраўніцтва ФК «у мэтах выхавання» зрэзала футбалістам і трэнерам на 25 адсоткаў жнівеньскі заробак. Аднак Молаш даў слова камандзе, што калі яна трапіць на пʼедэстал, то ён пойдзе да кіраўніцтва пераконваць вярнуць тыя самыя 25 працэнтаў. Па нашых звестках, Молаш пасля бронзавага фінішу так і паступіў – у выніку грошы апынуліся на рахунках гульцоў і трэнераў.

У новым сезоне, як вядома, рэжым мае намер знізіць столь заробкаў у футболе, што нібыта павінна адбіцца і на заробках жодзінскай каманды.

Аднак, як кажуць нашыя крыніцы, кіраўніцтва клуба мае намер «дабіваць» выплаты да леташніх за кошт розных бонусаў і надбавак. Што да навічкоў, то клуб прыцягвае гульцоў заробкамі па лімітах. Прычым тым жа зборнікам «Тарпеда-БелАЗ» гатовы плаціць не менш за пяць тысяч долараў (менавіта столькі па новым ліміце максімальна належыць гульцам зборнай) плюс індывідуальныя бонусы.

Пры гэтым клуб асабліва не пераймаецца праз план развіцця, за кошт якога жывуць практычна ўсе беларускія каманды. У мінулым сезоне план «Тарпеда-БелАЗ» так і не быў падпісаны, аднак гэта не адбілася на фінансавым дабрабыце калектыву – усе заробкі выплачваліся дакладна ў тэрмін. Як кажуць нашыя крыніцы, калі і сёлета подпісу пад планам развіцця не будзе, клуб таксама спакойна гэта перажыве. Па звестках суразмоўцаў «Трыбуны», «БелАЗ», нягледзячы на тое, што ўжо не першы год знаходзіцца пад еўрапейскімі санкцыямі, сёння перажывае даволі нядрэнныя часы. Расійскія прадпрыемствы-партнёры, якія таксама трапілі пад санкцыі праз вайну ва Украіне, павялічылі абʼём замоў у беларускага прамысловага гіганта, і грашовыя паступленні на рахункі «БелАЗа» выраслі, што пазітыўна адбіваецца на стане не толькі завода, але і жодзінскага футбола.

Без падпісанага плана развіцця завод афіцыйна не можа наўпрост спансіраваць клуб. Таму, як расказваюць нам суразмоўцы, знаёмыя з сітуацыяй, «БелАЗ» фінансава забяспечвае ФК у тым ліку праз свае даччыныя прадпрыемствы і праз АТ «Гандлёвы дом «БЕЛАЗ», які зарэгістраваны ў Расіі, а таму падтрымка прыходзіць у клуб на законных падставах і без ухвалы лукашэнкаўскага міністэрства па спорце.

Таксама ФК асабліва не перажывае за грошы, якія мусіць атрымаць ад УЕФА, а гэта сума, параўнальная з гадавым бюджэтам «Тарпеда-БелАЗ». Клуб праз прысутнасць свайго галоўнага спонсара – завода – у санкцыйных спісах за некалькі гадоў, у тым ліку за 2023-й, недаатрымаў больш за 700 тысяч еўра. Але, як бачым, і без іх футбольнае падраздзяленне прадпрыемства пачуваецца ўпэўнена і займаецца фармаваннем складу для выканання амбітных задач.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты