Tribuna/Футбол/Блоги/Беларусский футбол/«Зрабіў тое, што не даруецца». Чаму Гутар быў вымушаны пакінуць БАТЭ

«Зрабіў тое, што не даруецца». Чаму Гутар быў вымушаны пакінуць БАТЭ

Гісторыя зайшла на другое кола.

Автор — bytribuna com
17 студзеня, 16:37
1
«Зрабіў тое, што не даруецца». Чаму Гутар быў вымушаны пакінуць БАТЭ

Найлепшы футбаліст Беларусі-2011 Аляксандр Гутар зноў беспрацоўны, хоць яшчэ нядаўна знаходзіўся ў шэрагах БАТЭ з кантрактам да канца 2024 года. Пагадненне было скасавана, хаця і галкіпер хацеў застацца ў клубе, і клуб хацеў, каб галкіпер застаўся. Расказваем, што ў выніку перашкодзіла гэтаму саюзу.

***

У снежні 2022-га стала вядома, што Аляксандр Гутар патрапіў у «чорны спіс» лукашэнкаўскага міністэрства па спорце за ўдзел у роліку, на якім футбалісты ў пачатку восені 2020 года выступілі супраць паслявыбарчага гвалту ў краіне. Так дзверы ў беларускі футбол для многіх зачыніліся, у тым ліку для Гутара. Для апошняга гэтая акалічнасць ускладнялася тым, што пасля сыходу з «Шахцёра» ён год знаходзіўся ў статусе свабоднага агента.

Каб працягваць гуляць, Гутар быў вымушаны нацэліцца на адʼезд за мяжу. Увесну 2023-га знайшлася каманда, якая ім зацікавілася, – казахстанскі «Аксу», дзе да таго часу ўжо выступалі беларусы Андрэй Салавей і Яўген Зямко. Галкіпер заключыў пагадненне да канца 2023 года, але на новым месцы ў яго не пайшло.

Правёўшы ўсяго тры матчы (усе ў красавіку) і прапусціўшы шэсць мячоў, галкіпер быў пасаджаны на лаўку. Праўда, і адтуль знік праз некалькі тыдняў – проста перастаў трапляць у заяўку на матчы. Як пасля расказваў украінскі трэнер Руслан Кастышын, які і запрашаў Гутара ў «Аксу», ён і да заключэння кантракта сумняваўся ў кандыцыях брамніка праз доўгі прастой, але рызыкаваць прымусіў форс-мажору. Кастышын спадзяваўся, што здолее хутка прывесці Гутара ў аптымальную форму, аднак зрабіць гэтага не здолеў. Футбаліст сваю няўдачу ў Казахстане ніяк не тлумачыў.

30 чэрвеня «Аксу» адзаявіў беларуса.

Яшчэ знаходзячыся ў «Аксу», Гутар шукаў новыя варыянты працаўладкавання. Аднак пасля няўдалай паездкі ў Казахстан ён разумеў, што разлічваць на чарговае запрашэнне з-за мяжы не выпадае. Пры гэтым завяршаць карʼеру футбаліст не хацеў. Па-першае, адчуваў у сабе сілы гуляць яшчэ. Па-другое, доўгі прастой адбіўся на фінансавым дабрабыце сямʼі, інстаграм-жыццё якой у загарадным доме выглядае бясхмарным. Як кажуць нашыя суразмоўцы, грашовая падушка «злёгку станчэла», і гэтую праблему хацелася вырашыць прафесійным кантрактам.

Нейкі аўтарытэт Гутар меў толькі ў чэмпіянаце Беларусі, але як вярнуцца, калі зʼяўляешся непажаданай персонай для лукашыстаў?

Тут пачала развівацца гісторыя з БАТЭ, дзе ў свой час стартавала дарослая карʼера футбаліста. Мы не ведаем, хто праявіў ініцыятыву, аднак яшчэ ў ліпені-2023 бакі вырашылі, што хочуць ізноў супрацоўнічаць. Гутара бачылі не першым нумарам, а дзядзькам, які здольны перадаць досвед і навыкі маладым брамнікам. У пачатку верасня, па сутнасці, гэтую задачу пацвердзіў тагачасны галоўны трэнер БАТЭ Кірыл Альшэўскі. Фінансавыя ўмовы ў галкіпера былі далёкія ад «салодкіх». Як кажуць нашыя суразмоўцы, атрымліваў «некалькі тысяч рублёў», але гэта лепш, чым нічога.

Каб супраца ў прынцыпе адбылося, патрабаваўся дазвол лукашэнкаўскага міністэрства па спорце. А БАТЭ, як вядома, у гэтай структуры на асаблівым рахунку. План развіцця клубу на 2023 год так і не падпісалі, вымусілі прыбраць са складу важных гульцоў з «чорнага спісу».

Аднак наконт Гутара БАТЭ ўсё ж вырашыў уступіць у перамовы, і, як ні дзіўна, атрымалі інструкцыю, якім чынам футбаліст можа вярнуцца ў ЧБ. Для гэтага трэба было даць «пакаяную» прэс-канферэнцыю накшталт той, што некалькімі тыднямі раней правёў экс-гулец БАТЭ і зборнай Беларусі Станіслаў Драгун. Гутара гэты варыянт задаволіў. Ён зрабіў усё, чаго ад яго хацелі, і атрымаў дазвол на кантракт з Барысавам (быў разлічаны са жніўня-2023 да канца снежня-2024).

Здавалася, пытанне вырашана: Гутар «выправіўся» і можа гуляць. Тым больш яшчэ да перамоваў з БАТЭ ён паўдзельнічаў у таварыскім матчы паміж камандамі лукашэнкаўскага фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама» і зборнай так званых памежнікаў. Абараняў колеры каманды дынамаўцаў, а яго «аднаклубнікам» быў Аляксандр Глеб.

Вяртанне Гутара ў беларускі футбол атрымалася няхуткім. У дзесяці турах чэмпіянату ён трапляў у заяўку, але не выходзіў на поле (Альшэўскі тлумачыў гэта неабходнасцю набраць форму), а шанец атрымаў толькі ў пачатку лістапада ў 1/8 фіналу Кубка Беларусі супраць «Астраўца» з першай лігі. БАТЭ перамог 3:1, брамнік здзейсніў некалькі якасных сэйваў і быў прызнаны найлепшым гульцом каманды ў матчы.

Але далей падзеі пайшлі па такім сцэнары, што нават траўмы маладых партнёраў і шыкоўная праца на трэнаваннях не дазвалялі Гутару выходзіць на поле. У жыцці БАТЭ і галкіпера зноў зʼявіўся рэжымны Мінспорту.

Як аказалася, праз некалькі дзён пасля матчу з «Астраўцом» у клуб прыйшла інфармацыя, што так званы міністр Сяргей Кавальчук вельмі незадаволены тым, што брамнік выйшаў на поле. БАТЭ папярэдзілі, што калі Гутар згуляе яшчэ, то «могуць узнікнуць сурʼёзныя праблемы». Клуб пярэчыць не стаў – да канца сезона футбаліст максімум трапляў у заяўку на матчы. Пры гэтым калі яму дазвалялі падпісаць кантракт, ні пра якія абмежаванні гаворкі не ішло.

Дык чаму ж лукашыст Кавальчук ізноў прычапіўся да Гутара?

Па звестках нашых суразмоўцаў, якія ведаюць сітуацыю, чынуша даў зразумець кіраўніцтву «жоўта-сініх», што «пакаянне» ў СМІ – гэта добра, але, на яго думку, «Гутар зрабіў тое, што не даруецца». Што канкрэтна меў на ўвазе Кавальчук – удзел у відэа супраць гвалту ці нешта яшчэ – нашыя крыніцы не ведаюць, аднак па факце гэта азначала, што Гутар «прабачэння» не атрымаў. Пры гэтым Кавальчук не настойваў на скасаванні кантракту. Гутару можна было афіцыйна заставацца часткай БАТЭ, але максімум – трэнавацца і назіраць за матчамі з запасу. Разумеючы, што сітуацыю не выправіць, сёлетняй зімой БАТЭ і галкіпер вырашылі скасаваць кантракт. Гутар не гарэў жаданнем проста трэнавацца і атрымліваць за гэта грошы.

Цяпер гулец шукае сабе новае месца. Ці апынецца ён у «Славіі», якая нібы праяўляе цікавасць, і ці будзе там гуляць? Зноў жа, на думку нашых крыніц з белфутбола, гарантый ніякіх няма – зноў шмат залежыць ад таго, што прыйдзе ў галаву Кавальчука. З больш простых варыянтаў для Гутара – працягнуць карʼеру ў медыялізе або цалкам завязаць з футболам.

Спецыялісты, з якімі мы пагутарылі, адзначаюць: каб вярнуць паўнацэнную форму (пакуль да яе далёка), Гутару трэба правесці якасную перадсезонную падрыхтоўку, з нагрузкамі і ўдзелам у спарынгах. Навыкі брамнік не разгубіў, але без цяжкай працы зімой выйсці на ранейшы ўзровень яму будзе няпроста.

Фота: fcbate.by

Лучшее в блогахБольше интересных постов

Другие посты блога

Все посты