Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Ужо лепей! Другі і трэці этапы новага сезону Формулы Е ў Ад-Дырыі былі цікавейшымі за першы

Ужо лепей! Другі і трэці этапы новага сезону Формулы Е ў Ад-Дырыі былі цікавейшымі за першы

30 студзеня 2023, 18:57
Ужо лепей! Другі і трэці этапы новага сезону Формулы Е ў Ад-Дырыі былі цікавейшымі за першы

Фота: Formula E

У прыгарадзе сталіцы Саудаўскай Аравіі мы па-ранейшаму не пабачылі ўсяго, што нам нарыхтавалі арганізатары электрычнай формулы ў яе новай эры. Затое траса ў Ад-Дырыі дазволіла гоншчыкам паказаць усё, на што яны здольныя.

Пакуль сусветныя гоначныя серыі распачынаюць свае новыя сезоны, украінцы працягваюць сваю насамрэч ужо шматгадовую вызваленчую барацьбу. Хутка будзе год, як звар’яцелы расійскі дыктатар распачаў новую гарачую фазу вайны, заадно паскорыўшы і канчатковы развал сваёй імперыі. Свет канчаткова зрабіў стаўку на перамогу Украіны і вызваленне не толькі яе, але і беларусаў. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Ва Украіне хутка будзе шмат цікавых падзей і добрых навін адтуль будзе шмат. Гоначныя ж чэмпіянаты ўжо пачалі нас радаваць, праўда, з пераменным поспехам. Першы этап новага сезону Формулы Е ў Мехіка, напрыклад, напружанай барацьбой не запомніўся. А вось і другі і трэці, якія ў мінулыя пятніцу і суботу прайшлі ў Ад-Дырыі – яшчэ як запомніліся.

Пераможца ў абодвух выпадках, зрэшты, быў адзін і той жа – пілот TAG Heuer Porsche Formula E Team Паскаль Верляйн. Затое ў абодвух жа выпадках немцу прыйшлося прарывацца, прычым у першым – ажно з дзявятай пазіцыі на старце.

Поўл жа ў пятнічнай гонцы заваяваў чэмпіён другога сезона Формулы Е Себасцьен Буэмі, які ў гэтым годзе перайшоў у Envision Racing. І яму на першых кругах пашанцавала, тым больш што праз шэраг дробных інцыдэнтаў на трасу амаль адразу выехаў электрамабіль бяспекі. Працягваўся яго рэжым, праўда, нядоўга, і падзеі аднавілся хутка пасля рэстарту.

Галоўным ньюсмэйкерам спачатку быў гоншчык Jaguar TCS Racing Сэм Бёрд. Брытанец, які стартаваў трэцім, на пятым кругу абагнаў свайго суайчынніка з NEOM McLaren Джэйка Х’юза, а праз тры кругі – і Буэмі, якога потым ззаду пакінуў і Х’юз. Аднак самым хуткім усё роўна быў Верляйн. Паскаль ужо да сярэдзіны дыстанцыі прабіўся на чацвёртую пазіцыю, а на пятнаццатым кругу на пару з Буэмі адцясніў назад Х’юза.

Паспяховая атака на швейцарца з боку немца не прымусіла чакаць сябе надта доўга і адбылася на дваццаць чацвёртым кругу. Бёрд абараняўся больш эфектыўна, але на трыццаць першым кругу Верляйн праціснуў і яго абарону. Тое ж самае праз чатыры кругі зрабіў і пілот Avalanche Andretti Джэйк Дэніс. Ён на апошніх кругах і стаў галоўным пераследнікам Паскаля.

Ад Бёрда, які задаволіўся трэцім месцам, яны абодва адарваліся болей чым на тры секунды і бароліся адзін з адным да апошніх метраў дыстанцыі, аднак Верляйн выстаяў і атрымаў перамогу. Паўтарыць гэта на наступны дзень яму было прасцей, бо стартаваў ён ужо пятым. Поўл жа ў суботу дастаўся Х’юзу, якога адразу апярэдзіў напарнік Бёрда па камандзе Мітчэл Эванс. Які, зрэшты, раней за канкурэнта з McLaren адправіўся на першую актывацыю рэжыму атакі, прапусціўшы не толькі Х’юза, але і яго напарніка Рэнэ Раста

Немец, дарэчы, выбраў болей удалы момант для візіту ў зону актывацыі. Х’юз, напрыклад, падчас аналагічнага дзеяння Эванса прапусціў ізноў, а вось Раст, які выйшаў быў на першую пазіцыю, захаваў яе і пасля таго, як адправіўся па дадатковую магутнасць. Затое Верляйн і Х’юза, і Эванса абагнаў нават са стандартнай, а калі атрымаў дадатковыя кілаваты, стаў хутка набліжацца і да Раста.

Рэнэ прапусціў Паскаля ў момант, калі ў другі раз актываваў рэжым атакі, але гэта ў спрэчцы з суайчыннікам яму не дапамагло – той адарваўся на бяспечную адлегласць. А ззаду ўжо накочваў Дэніс, які абганяў аднаго суперніка за адным. На дваццаць пятым кругу ён апярэдзіў і Раста і зноў прыняўся набліжацца да Верляйна.

Брытанцу мімаволі дапамог пілот Mahindra Racing Ніка Мюлер, які на дваццаць восьмым кругу патрапіў у аварыю, што стала прычынай для выезду на трасу электрамабіля бяспекі. Усе адрывы былі ліквідаваныя, але пасля рэстарту Верляйну ўдалася стрымаць Дэніса і атрымаць другую запар перамогу. Джэйк ізноў задаволіўся другім месцам.

Па новых правілах, рэжым пэйс-кара ў Формуле Е кампенсуецца дадатковым часам, што можа быць непрыемным сюрпрызам для тых гоншчыкаў, у якіх не ўсё добра з энергаэфектыўнасцю. Такім на апошніх кругах быў якраз Раст, якога прэсінгаваў Бёрд. Фінішую рысу немец перасякаў ужо з «пустой» батарэяй (дакладней, з растрачаным даступным зарадам), але брытанца ўсё ж такі стрымаў, заняўшы трэцяе месца.

Верляйн жа дзякуючы свайму падвоенаму поспеху ў Ад-Дырыі стаў новым лідарам чэмпіянату – у яго 68 ачкоў супраць 62-х у Дэніса, які апусціўся на другую пазіцыю. Буэмі з 31-м ачком замыкае першую тройку. Avalanche Andretti пры гэтым засталіся лідарамі каманднага заліку, у якім маюць 76 балаў, але Porsche яны цяпер апярэджваюць усяго на два. McLaren падняліся на трэці радок, у іх 53 ачкі.

У гэтым сезоне Формула Е наведае шмат новых месцаў, як, напрыклад, індыйскі Хайдэрабад, дзе 11 лютага пройдзе чацвёрты этап.

Іншыя пасты блога

Усе пасты