Tribuna/Тэніс/Блогі/Матчбол/Азаранка сказала пра цяжкасці дзяцінства – але ў ім ёй дапамагалі Валчкоў, расійскі хакеіст, гандляр зброяй і булачкі Лукашэнкі

Азаранка сказала пра цяжкасці дзяцінства – але ў ім ёй дапамагалі Валчкоў, расійскі хакеіст, гандляр зброяй і булачкі Лукашэнкі

Вікторыя гуляла не толькі ў тэніс і любіла бандыцкія серыялы.

Блог — Матчбол
Аўтар — bytribuna com
17 жніўня, 15:30
Азаранка сказала пра цяжкасці дзяцінства – але ў ім ёй дапамагалі Валчкоў, расійскі хакеіст, гандляр зброяй і булачкі Лукашэнкі

15 жніўня на турніры ў Цынцынаці Вікторыя Азаранка выйграла матч у чэшкі Барбары Крэйчыкавай, якая стаіць вышэй у рэйтынгу WTA. Пасля матчу беларуская тэнісістка раптоўна згадала пра сваё дзяцінства – апісанае яно было як цяжкае.

«Я проста баец. Мой характар быў такім з дзяцінства. Я расла ў не самых лепшых умовах, мне даводзілася змагацца за ўсё. Я ўдзячная лёсу за гэты досвед», – заявіла Азаранка.

А што ўвогуле вядома пра дзяцінства тэнісісткі? Успамінаем факты.

Мама звязаная з тэнісам

Вікторыя нарадзілася і вырасла ў Мінску. Яе бацька Фёдар працаваў аўтаінструктарам, а маці Ала – метадыстам у Палацы тэніса. Жанчыне часта даводзілася браць дачку на працу. Там дзяўчынка і ўзяла ў рукі ракетку – стукала мячом аб сцяну, часам робячы больш за тысячу ўдараў. А калі дачцэ споўнілася сем, маці аддала яе на трэніроўкі – так і пачалася тэнісная кар“ера Азаранка.

Вядомыя тэнісісты рабілі падарункі

Пра тое, што ў сям'і Азаранкі было няпроста з фінансамі, расказана даўно. На турніры для эканоміі дзяўчынка пачала ездзіць адна з дзесяці гадоў. Часам ездзіла на спаборніцтвы і мама – але тады Вікторыя спала з ёй у адным ложку, а харчаваліся яны тым, што ўзялі з сабой з Мінска.

Зрэшты, Азаранка нямала дапамагалі. Напрыклад, першую ракетку Вікторыi прэзентавала Элеанора Пятрова, жонка заслужанага трэнера БССР Генадзя Пятрова. Пазней тры ракеткі дзяўчынка атрымала ад калегі-зямлячкі Вольгі Барабаншчыкавай, якая рабіла свае першыя сур'ёзныя поспехі ў дарослай кар'еры. Быў падарунак і ад Уладзіміра Валчкова – паўфіналіст «Уімблдона»-2000 аддаў дзяўчынцы фірмовыя красоўкі з амерыканскага турніру. У іх Азаранка выйграла юніёрскі Кубак Крамля, атрымаўшы за перамогу ад арганізатараў камп'ютар ад Apple.

Лукашэнка казаў, што карміў сваімі булачкамі

У 2013 годзе, наведваючы сталічны ЦАР па тэнісе, Аляксандр Лукашэнка раптам заявіў, што «з Азаранка пачынаў разам у тэніс гуляць». Паводле яго слоў, у той час Вікторыя прасіла паглядзець на яго гульню ў трэнера Сяргея Цяцерына (цяпер гэта адзін з «кашалькоў» Лукашэнкі), а задаволены такой цікавасцю палітык адплачваў не самай спартыўнай ежай.

«Я [казаў]: «Сяргей, булачкі занясі ёй там, накармі яе». Ён яе ўвесь час падкормліваў з таго, што мы з сабой бралі туды вячэраць. Я як цяпер памятаю. Вось такая маленькая была», – заявіў Лукашэнка.

У 2017-м Лукашэнка сустрэўся з Азаранка пры атрыманні ёй дзяржордэна – і заявіў ёй, што часта ўспамінае, як яны «у шэсць ці колькі табе там было гадоў булачкі елі на кортах». Тэнісістка ўсміхалася і не пярэчыла дыктатару, з якім гуляла пры гледачах у 2010-м.

Грашыма дапамагалі «кашалёк» Лукашэнкi і паспяховы расейскі хакеіст

У пачатку 2000-х Азаранка, як і некаторых іншых перспектыўных беларускіх тэнісістаў, запрасілі ў клуб, створаны пры кампаніі «Белтэхэкспарт», якая займалася продажам зброі і спецтэхнікі. За фірмай стаяў Уладзімір Пефціеў – адзін са шматгадовых «кашалькоў» Лукашэнкі, які потым узначальваў федэрацыю тэніса, а цяпер знаходзіцца пад санкцыямі многіх заходніх краін. А ў 15 гадоў Азаранка дзякуючы спонсарскай дапамозе з'ехала трэніравацца ў Іспанію.

Менш як праз год тэнісістку вырашылі перавесці ў акадэмію ў ЗША. Непадалёк ад яе жыў расійскі хакейны варатар Мікалай Хабібулін – ён шмат гадоў гуляў у НХЛ, браў Кубак Стэнлі, а таксама алімпійскае золата. Жонка Хабібуліна (таксама Вікторыя) сябравала з Алай Азаранка і перажывала за тэнісную кар'еру дачкі сяброўкі. У 2004-м сям'я Хабібуліных дапамагла юнай спартсменцы і справай – па прылёце на юніёрскі US Open выявілася, што багаж тэнісісткі згубіўся, і хакеіст з жонкай пераадолелі 1800 км, каб прывезці Азаранка экіпіроўку ўласнай дачкі, а потым засталіся побач з Вікторыяй.

Калі спартсменка пераехала ў ЗША, то некаторы час жыла ў доме Хабібуліных. А маці Азаранка пазней прызналася, што сям'я варатара «вельмі дапамагла фінансава – аплаціла паездкі, трэнера». Дарэчы, партугальскага коўча Антоніа ван Грыхена параіў таксама хакеіст – з ім займалася яго дачка. А Азаранка, калі прыйшла да поспеху, вярнула Хабібуліным грошы.

Мама заахвочвала за перамогі, але нядоўга

У дзяцінстве Вікторыі пасля пераможных матчаў, бывала, маці тэнісісткі знаходзіла магчымасць звадзіць дачку ў кафэ або купіць ёй шакаладку. Аднойчы за паспяховую гульню спартсменцы паабяцалі паход у «Макдональдс». Матч Азаранка прайгравала – і ў крытычны момант спытала ў мамы на трыбуне: «А ў «Макдональдс» мы ўсё роўна пойдзем?» Гэта быў апошні раз, калі дзяўчынцы паабяцалі заахвочванне за перамогу.

Займалася музыкай і не сябравала з матэматыкай

У школе Вікторыя лічылася харашысткай. Дзяўчынцы лёгка даваліся геаграфія, біялогія, гісторыя і мовы. А вось матэматыка была не ў фаворы – праблемы з гэтым прадметам пасля пачатку сур'ёзных заняткаў тэнісам аказаліся самымі вялікімі.

Паспявала Азаранка ў дзяцінстве і ў музычную школу, дзе іграла на фартэпіяна. Настаўніца казала, што вучаніца цалкам здольная паступіць у кансерваторыю, але Вікторыя выбрала спартыўную кар'еру.

Атрымала мянушку «Муха»

У дзяцінстве Вікторыя была невысокага росту і вылучалася сваёй рухомасцю, за што атрымала мянушку «Муха». Дзяўчынка не абмяжоўвалася гульнямі ў кампаніі сябровак – з сябрамі старэйшага брата ўдзельнічала ў футбольных і баскетбольных матчах і не толькі.

Любiла расійскія серыялы пра бандытаў

У дзяцінстве Вікторыі галоўным гаджэтам у беларускіх дамах заставаўся тэлевізар, па якім увесь час транслявалі расiйскія сэрыялы. Азаранка любіла крымінальныя сагі пра бандытаў – у топе быў «Бумер», але на першым месцы ішла «Брыгада», якую школьніца ведала ледзь не на памяць.

Іншыя пасты блога

Усе пасты