Tribuna/Тэніс/Блогі/Матчбол/Азаранка дамагаецца, каб WTA змяніла стаўленне да мам-тэнісістак. На яе баку Осака і Серэна Уільямс

Азаранка дамагаецца, каб WTA змяніла стаўленне да мам-тэнісістак. На яе баку Осака і Серэна Уільямс

Патрэбныя вялікія грошы.

Блог — Матчбол
Аўтар — Pam-pam
17 сакавіка, 06:20
Азаранка дамагаецца, каб WTA змяніла стаўленне да мам-тэнісістак. На яе баку Осака і Серэна Уільямс

Днямі беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка ў інтэрв'ю BBC Sport заявіла, што ў WTA мусяць перагледзець падыход у дачыненні да ўдзельніц тэніснага туры, якія сталі мамамі:

«Адной з найважнейшых задач застаецца ўкараненне фінансавай дапамогі тэнісісткам у сувязі з нараджэннем і наступным доглядам дзіцяці. Для жанчын гэта стала б вялікай перамогай», – ліча Азаранка.

Сама яна стала мамай у 2016-м, але перажывае не столькі за сябе, колькі за гульцоў менш высокага класа. За сваю карʼеру былая першая ракетка выйграла 37 мільёнаў долараў прызавых і можа сабе ні ў чым не адмаўляць, але большасць яе калег не маюць дастатковых рэсурсаў, каб забяспечыць сябе і дзіця. Праз гэта, па меркаванні Азаранкі, яны часта заўчасна вяртаюцца ў вялікі спорт пасля родаў, што нясе рызыку жаночаму здароўю.

Азаранку ў яе развагах падтрымала японская тэнісістка Наомі Осака, якая летась нарадзіла дачку. Осака лічыць, што далёка не ўсе разумеюць, наколькі цяжарнасць і ўсё, што з ёю звязанае, уплывае на жанчыну.

«Я была ў такім напружаным эмацыйным стане, што нават напісала завяшчанне перад родамі. Не думаю, што людзі ведаюць, наколькі цяжкая цяжарнасць, ніхто пра гэта не кажа шмат, – дзеліцца маладая маці. – Ранішняя няжужасць, набор вагі, адзінота, пастаянны стан трывожнасці. А потым незадоўга да родаў я атрымала станоўчы аналіз на бактэрыяльную інфекцыю – стрэптакокі групы B. Праз гэта ў мяне ўзніклі ўскладненні – роды доўжыліся больш за 12 гадзін».

Японка лічыць, што нараджэнне дзіцяці не павінна ўспрымацца як пакаранне.

«Большасць спартсменак лічаць, што іх карʼера рэзка зменіцца або скончыцца, калі ў іх зʼявіцца дзіця. Маці ў туры трэба падтрымліваць, шанаваць і даваць ім больш магчымасцяў. Гэта неабходна», - кажа Осака.

Яшчэ раней яна прызнавалася, што баялася сысці ў дэкрэт у тым ліку праз магчымыя фінансавыя наступствы. Аднак яе галоўны спонсар Nike запэўніў, што яна будзе абароненая ў адпаведнасці з іх новымі правіламі.

«Калі спартсменка зацяжарыць, Nike не мае права прымяняць якія-небудзь санкцыі або абмяжоўваць супрацу цягам 18 месяцаў, пачынаючы за восем месяцаў да даты родаў», – тлумачыць выканаўчы віцэ-прэзідэнт Nike Джон Слашэр.

Што тычыцца рэакцыі WTA на хваляванне спартсменак, то яе не было з таго часу, як выканаўчы дырэктар Стыў Сайман напісаў у лісце вядучым гульцам пасля сустрэчы на леташнім фінале WTA, што «цяжарнасць і роды зʼяўляецца адной з тэм, якую мы плануем абмеркаваць».

Варта адзначыць, што раней арганізацыя ўжо мяняла свае правілы, каб стварыць мамам-спарстменкам больш камфортныя ўмовы для вяртання. Так, трохгадовы перыяд, падчас якога дзейнічае так званы спецыяльны рэйтынг (магчымасць тэнісістак заяўляцца на турніры пасля перапынку ў карʼеры, выкарыстоўваючы пазіцыю ў класіфікацыі, якую яны займалі да перапынку) сталі адлічваць з моманту нараджэння дзіцяці.

Асобна ў правілах прапісалі сітуацыю, калі спартсменка звярнулася да ўсынаўлення або паслуг сурагатнага мацярынства. Для такіх мам правіла спецыяльнага рэйтынгу дзейнічае два гады.

Да таго ж такую магчымасць распаўсюдзілі на 12 турніраў (раней было 8) цягам года. Звярнуцца да «замарозкі» рэйтынгу можна двойчы, а не адзін раз, як тое было да новаўвядзенняў.

Азаранка і Осака не адзіныя топавыя тэнісісткі, якія звяртаюць увагу на сітуацыю з мамамі ў туры. У 2018-м Серэна Уільямс прызнавалася, што адчувала сябе пакаранай за нараджэнне дзіцяці. На Адкрытым чэмпіянаце Францыі ў тым годзе (гэта было яшчэ да змен правіл) амерыканка мела фактычны рэйтынг 453 і таму не была пасеяная.

Паўфіналістка Уімблдона-2022 Таццяна Марыя была адной з сямі маці ў асноўнай сетцы турніру ў Індыян-Уэлсе сёлета. 46-я ракетка свету падарожнічае са сваім мужам і трэнерам Чарльзам і іх дочкамі 10-гадовай Шарлотай і 2-гадовай Сесіліяй. Як успамінала спартсменка, у яе не было вялікіх карʼерных заробкаў, на якія можна было б жыць, калі яна зрабіла свой першы перапынак у туры ва ўзросце 25 гадоў, і тэнісістка лічыць, што выплаты па цяжарнасці і родах трэба было ўвесці ўжо вельмі даўно.

«Я думаю, што гэта правільна, таму што на іншых працах па ўсім свеце дзейнічаюць адныя і тыя ж правілы: калі ты зацяжарваеш, табе плацяць, і я здзіўляюся, чаму гэтага няма ў тэнісе?! У туры становіцца больш мам, і мы ўступаем у эру, калі можна гуляць значна даўжэй. WTA павінна пайсці нам насустрач», – заявіла немка.

Акрамя таго тэнісістка хацела б, каб яслі сталі нормай падчас тура, бо калі ўмовы на чатырох турнірах «Вялікага шлема» вельмі добрыя, то ў туры WTA толькі турніры ў Штутгарце і Мадрыдзе прапануюць дзіцячы сад, хоць гульцы маюць права на дадатковы пропуск для тых, хто даглядае за іх дзецьмі.

Сама арганізацыя раней заяўляла, што хоць яна і імкнецца дапамагчы мамам-тэнісісткамі, заахвочваючы турніры прапаноўваць паслугі па доглядзе дзяцей на індывідуальнай аснове, але зрабіць нешта ўніверсальнае не можа. Маўляў, у краінах, якія прымаюць спаборніцтвы, занадта адрозніваюцца правілы.

Іншыя пасты блога

Усе пасты