Tribuna/Тэніс/Блогі/Матчбол/Сабаленка крытыкуе ўмовы Выніковага турніру ў Мексіцы. Незадаволена не толькі яна

Сабаленка крытыкуе ўмовы Выніковага турніру ў Мексіцы. Незадаволена не толькі яна

WTA адмоўчваецца.

Блог — Матчбол
Аўтар — KentYara98
31 кастрычніка, 15:41
Сабаленка крытыкуе ўмовы Выніковага турніру ў Мексіцы. Незадаволена не толькі яна

Жаночы Выніковы турнір у мексіканскім Канкуне па арганізацыі здаецца адным з самых няўдалых фіналаў за апошнія некалькі гадоў. Корты пабудавалі ў апошні дзень перад стартам спаборніцтваў, як вынік спартсменкі не мелі магчымасці падрыхтавацца на тых пляцоўках, дзе яны павінны выступаць.

Першай сваю незадаволенасць выказала Арына Сабаленка яшчэ да старту самага турніру. Беларуска зрабіла рэпост запісу свайго трэнера Антона Дуброва, дзе ён скардзіўся, што тэнісісткам выдзелены толькі два трэнеравальных корта. Апроч Сабаленкі рэпост зрабілі трэнеры Алены Рыбакінай і Онс Жабер.

Пасля пераможнага матча супраць Марыі Сакары Сабаленка працягнула выказваць свае прэтэнзіі: «Гэта новы ўзровень непавагі з боку WTA. Я не пачуваюся бяспечна на гэтым корце. Гэта не той узровень арганізацыі, які мы чакалі ад Выніковага турніру».

Сабаленка апынулася не адзінай, хто паскардзіўся на арганізацыю турніру. Алена Рыбакіна, якая прайграла на старце Джэсіцы Пегуле, таксама падзялілася думкай пра ўмовы ў Канкуне: «У цэлым тут няпроста. Ва ўсіх ёсць цяжкасці. Усе імкнуцца неяк спраўляцца. Я не вельмі задаволена ўмовамі і арганізацыяй турніру. Наконт корта нават казаць не хочацца. Вядома, ён дрэнны. Гэта не ўзровень Выніковага турніру. Усё рабілі вельмі позна, не было часу выправіць памылкі».

Маркета Вандроўшава, якая саступіла ў стартавым матчы Іге Швёнтэк, не абмежавалася толькі крытыкай на прэс-канферэнцыі. Чэшская тэнісістка выклала ў свае сацсеткі відэафрагмент матча Сабаленка – Сакары, з якога бачна, што мяч у некаторых месцах пляцоўкі мае дрэнны адскок.

У WTA дагэтуль не пракаментавалі слабую арганізацыю мексіканскага турніру і словы тэнісістак. Затое адрэагавалі заўзятары.

«Што гэта за жарт з арганізацыяй гульні ў Канкуне? Гэта такая непавага да гульцоў, што яны змушаны гуляць у такіх умовах. Дрэннае планаванне і арганізацыя. Ганьба для WTA».

«Некаторым службоўцам WTA пара на пенсію, з-за завялікай колькасці «падушак» яны засынаюць на сваім месцы! Гэта сапраўды ганебна.... дрэнныя корты ў фінале…»

«Калі Жаночай тэніснай асацыяцыі «напляваць» на тое, што адчуваюць асноўныя тэнісісткі, то ў чым сэнс існавання гэтай асацыяцыі?»

«Я галасую за тое, каб аб“яднаць выніковыя спаборніцтвы WTA і ATP. @wta давялі, што іх кіраўніцтва – такі ж адстой, як і іх падрыхтоўка. Гэтыя дзяўчыны заслугоўваюць большага! Імпрэза ў Турыне, безумоўна, узрушальная, і я ўпэўнена, што заўзятары былі б рады аб'яднанай імпрэзе!»

Некаторыя фанаты тэніса прапаноўвалі радыкальныя меры: «The @WTA мае патрэбу ў чышчанні, пачынаючы са Стыва Саймана».

«Катрына Ўільямс і Мікі Лоўлер павінны быць неадкладна звольнены. Ёсць так шмат пляцовак, якія з задавальненнем прынялі б фіналы WTA. Вы адпраўляеце лепшых гульцоў свету ў Мексіку. !!! WTA кіруецца блазнамі».

Тым не менш, турнір працягваецца і ўжо сёння Сабаленка правядзе свой другі матч супраць Пегулы.

Іншыя пасты блога

Усе пасты