Tribuna/Тэніс/Блогі/Матчбол/Вялікае сэрца чэмпіёна. Джокавіч суцешыў дзяўчынку, якую ледзь не параніў натоўп звар'яцелых фанатаў

Вялікае сэрца чэмпіёна. Джокавіч суцешыў дзяўчынку, якую ледзь не параніў натоўп звар'яцелых фанатаў

Вельмі кранальны момант.

Блог — Матчбол
Аўтар — KentYara98
8 лістапада, 21:16
Вялікае сэрца чэмпіёна. Джокавіч суцешыў дзяўчынку, якую ледзь не параніў натоўп звар'яцелых фанатаў

24-разовы чэмпіён турніраў «Вялікага шлема» Новак Джокавіч без асаблівых праблем абыграў Грыгора Дзімітрава (6:4, 6:3) у фінале Мастэрса ў Парыжы на мінулых выходных. Гэты тытул стаў для серба 97-м у кар'еры на ўзроўні ATP.

Пасля матча Джокавіч пайшоў раздаваць аўтографы фанатам на трыбунах, чым справакаваў вялікі ажыятаж. Дарослыя людзі бесцырымонна штурхаліся ў спробах наблізіцца да спартоўца. У нейкі момант натоўп прыціснуў да металічных бар'ераў маленькую дзяўчынку.

Малая рызыкавала атрымаць сур'ёзныя траўмы. Фатограф французскага выдання We Love Tennis засняў гэты момант і распавёў калегам аб тым, як дзяўчынку выратаваў пільны супрацоўнік, пасля чаго Джокавіч асабіста суцешыў дзіця:

«Наш фатограф перажыў даволі балючы момант і, што цалкам лагічна, вельмі спалохаўся за дзяўчынку, якую штурхалі фанаты, жадаючыя ўбачыць ці дакрануцца да Джокавіча. На шчасце, вельмі пільны пажарны змог вельмі хутка зрэагаваць і прыйсці на дапамогу дзяўчынцы, якую прыйшлося суцяшаць асабіста першаму нумару сусветнага рэйтынгу», - пераказвае гісторыю рэпарцёр We love Tennis.

У падобнай сітуацыі некалі апынуўся Рафаэль Надаль. Тады іспанец дастаў з натоўпу маленькага хлопца, якога ледзь не задавілі на трыбунах.

Гэтая дзяўчынка не стала адзінай на турніры, якой дасталася ўвага першай ракеткі. Пасля перамогі Ноле ўбачыў яшчэ адну малую, якая чакала яго, каб атрымаць аўтограф.

36-гадовы тэнісіст, які сам з'яўляецца бацькам маленькай дзяўчынкі, скарыстаўся момантам і падзякаваў юнай заўзятарцы за падтрымку і зрабіў ёй маленькі падарунак.

Але і гэта не ўсе праявы чалавечнасці серба на гэтым турніры. Пасля паражэння ў фінале Дзімітраў не змог стрымаць слёз. Джокавіч якраз даваў інтэрв'ю, але перапыніўся, каб суцешыць балгарына:

«Я шкадую аб сённяшнім выніку, Грыгор. Прайграваць заўсёды нялёгка. Я хачу заклікаць цябе не здавацца і працягваць у тым жа духу, таму што на гэтым тыдні і апошнія некалькі месяцаў ты паказваў самы лепшы тэніс».

Серб таксама ўспомніў аб тым, што іх звязваюць доўгія гады, а таксама пажартаваў, што зараз яны з'яўляюцца ветэранамі ў туры.

Іншыя пасты блога

Усе пасты