Усе навіны

4 прарэжымныя падпісанты і іншыя беларускія баксёры ўвайшлі ў спіс ухваленых IBA да ЕГ-2023, куды не дапускаюць прадстаўнікоў Беларусі

30 красавіка 2023, 13:13

Міжнародная баксёрская асацыяцыя (IBA) апублікавала спіс баксёраў, ухваленых арганiзацыяй для ўдзелу ў Еўрапейскіх гульнях у Кракаве.

У яго ўвайшлі беларускiя баксёры Аляксей Алфёраў, Яўген Кармільчык, Уладзіслаў Смяглікаў, Артур Туніеў, Юлія Апанасовіч, Яна Бурым, Арына Данільчык, Ала Івашкевіч і Аліна Вэбер.

Адзначым, што Алфёраў, Кармільчык, Апанасовіч і Данільчык – падпісанты прарэжымнага ліста спартсменаў.

Акрамя беларусаў у спіс таксама ўвайшлі расейцы, хаця ўлады Польшчы пацвердзілі, што прадстаўнікі РФ і РБ не будуць дапушчаныя да гэтых спаборніцтваў, а сама IBA не мае дачынення да іх арганізацыі.

У Міжнароднай баксёрскай асацыяцыі заявілі, што гэты спіс прызначаны для таго, каб «забяспечыць сваім рэйтынгавым спартсменам справядлівы шанец спаборнічаць на Еўрапейскіх гульнях».

З'яўленне спісу пракаментаваў генеральны сакратар IBA і выканаўчы дырэктар Джордж Эралімпас.

«IBA змагаецца за справядлівыя шанцы для кожнага са сваіх спартсменаў, што з'яўляецца краевугольным каменем любых баксёрскіх спаборніцтваў, і мы павінны працягваць абараняць нашых спартсменаў і членаў нацыянальнай федэрацыі.

Мы сур'ёзна ставімся да гэтага свайго абавязку, паколькі не пацерпім, каб намаганні нашых спартсменаў і цяжка заробленыя вынікі спаборніцтваў ігнараваліся», – сказаў Эралімпас.

З поўным спісам можна азнаёміцца тут.

Раней IBA заклікала МАК адмяніць адбор для ўдзелу ў Алімпіядзе-2024 праз Еўрапейскія гульні-2023. У лютым гэтага года МАК пацвердзіў, што IBA не будзе ўдзельнічаць у алімпійскай кваліфікацыі па боксе.

Еўрапейскія гульні-2023 пройдуць у Польшчы з 21 чэрвеня па 2 ліпеня 2023 года.