Усе навіны

Прарэжымны падпісант Каралёк: «Чакаю з нецярпеннем, калі вярнуся на міжнародныя гонкі. На сумесных гонках з рускімі ўсё роўна чагосьці не хапае»

10 красавіка 2023, 16:25

Двухразовы чэмпіён свету па веласпорце і падпісант прарэжымнага ліста спартсменаў Яўген Каралёк пракаментаваў магчымы допуск беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.

– Я чакаю з нецярпеннем, калі ўжо вярнуся на міжнародныя гонкі. Гэтага на сённяшні дзень не хапае. Вастрыні, вось гэтай барацьбы.

Што да сумесных гонак з рускімі. Хуткасці быццам бы высокія. Таксама цяжка, [ёсць] барацьба. Але ўсё роўна нечага не хапае. Напалу вось гэтага. Я думаю, што калі я вярнуся, Наталля Валер'еўна [Цылінская] правільна прымеціла. Я ўмею злавацца, і мне гэта дапамагае. Я вярнуся і буду паказваць адразу свой максімум, – сказаў Каралёк.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.