Усе навіны

Цылінская пра прасоўванне спорту: «Не ўсім быць айцішнікамі. Мы клічам бацькоў і вучым іх заўзець за дзяцей – а потым усё на рэфлексах, як у сабакі Паўлава»

11 красавіка 2023, 11:00

Падпісантка прарэжымнага ліста, кіраўнік беларускага веласпорту Наталля Цылінская расказала пра тое, ці цяжка прасоўваць спорт без выступленняў на міжнароднай арэне, і пра праблему заўзятараў.

– Спорт трэба прасоўваць сваім асабістым прыкладам у першую чаргу. Тым, што ты не хаваеш, а адкрыта расказваеш, што табе даў спорт. Невядома, што было б без спорту, канешне. Я марыла стаць хірургам, але нешта пайшло не так. Але тым не менш спорт даў мне вялікія магчымасці: я аб'ездзіла ўвесь свет, стала дастаткова вядомай. Не ведаю, упэўненасці мне дадаў спорт ці не, але жыццё маё склалася ўдала, я лічу, разумееце? Дзякуючы спорту ў першую чаргу, бо дакладна нічога дрэннага ён мне не даў.

І я пра гэта кажу: не ўсім быць айцішнікамі. На жаль, нядаўна сустракалася з дзецьмі, і мне хлопчык кажа: «Ёсць тут трохмесячны курс». Я кажу: «Я пайду з табой. За тры месяцы няхай мяне навучаць». Гэта ўсё смех смехам, але спорт – гэта вельмі кароткае жыццё спартсмена. Але настолькі яркае, настолькі дзіўнае, цудоўнае і непаўторнае, што пра гэта трэба гаварыць і асабістым прыкладам гэтаму служыць.

Так магчыма супала, але ў мінулым годзе мы запусцілі праект «Першы ровар». Гэта не дзіцячыя спаборніцтвы самі па сабе, гэта больш праект на папулярызацыю веласіпеднага спорту.

Мы вельмі часта не толькі ў веласпорце сутыкаемся з праблемай заўзятараў. А тут мы зноў жа зрабілі націск яшчэ і на гэтым. Мы клічам дзетак з бацькамі і вучым іх заўзець за сваіх дзяцей, за сваіх суседзяў з дзяцінства – а потым усё на рэфлексах, як у сабакі Паўлава. Мы павінны вучыцца заўзець, – падзялілася Цылінская.