Усе навіны

В. а. кіраўніка фехтавання Беларусі Сакалоўскі: «Удзел у ЧС пад пытаннем – лідары не дапушчаны, умовы па выдачы віз не прапрацаваны»

26 траўня 2023, 10:37

В. а. кіраўніка Беларускай федэрацыі фехтавання Віталь Сакалоўскі расказаў, як ідуць справы з допускам да міжнародных спаборніцтваў.

– Як ацэньваеце сітуацыю?

– Як няпростую. Канчатковага афіцыйнага рашэння МАКа па допуску беларусаў да галоўных стартаў чатырохгоддзя пакуль няма. Улічваючы пропуск большай колькасці этапаў Кубка свету (больш за дзесяць), дагнаць канкурэнтаў па алімпійскім рэйтынгу ўжо немагчыма.

Ды і ўдзел у чэмпіянаце свету пад пытаннем, бо лідары каманды не дапушчаны, а ўмовы па выдачы віз, размяшчэнні, бяспецы не прапрацаваны арганізатарамі ў поўнай меры, як таго патрабуе рашэнне выканкама ФІЕ, – сказаў Сакалоўскі.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.