Усе навіны

Яўген Вяроўка: «Кучук супраць вайны ва Украіне, а ў Беларусі нічога не бачыў, напэўна. Калі такія, як ён, загавораць, што былі супраць рэжыму, я іх не прыму»

13 лістапада 2022, 12:04
3

Экс-футбаліст моладзевай зборнай Беларусі і шэрагу клубаў у вышэйшай, першай і другой лігах Яўген Вяроўка распавёў у інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!», як ставіцца да людзей, якія ніяк не адрэагавалі на падзеі 2020 года ў Беларусі і вайну ва Украіне.

– У нас ёсць адзін дынамаўскі чат, у якім знаходзяцца хлопцы, якія так ці інакш звязаныя з клубам: прайшлі школу, гулялі за «бела-блакітных». Там і Арцём Чалядзінскі прысутнічае, і многія іншыя. Але акрамя мяне, Мішы Залеўскага і Сашы Хацкевіча ніхто з 40 чалавек не выказаўся па сітуацыі ў Беларусі і Украіне. Яны проста працягваюць жыць сваім жыццём і падладжвацца пад сітуацыю.

– Па-твойму, яны загавораць калі-небудзь?

– Яны проста падладзяцца пад новыя рэаліі. А нам у такой сітуацыі вельмі важна захоўваць галаву халоднай і не ісці ісці на повадзе ў эмоцый. І калі чалавек два гады маўчаў, а потым, калі наступілі перамены, ён раптам зрабіў нейкі пост, для мяне ён героем ніколі не будзе.

Каб далёка не хадзіць, успомню Леаніда Кучука. Цяпер ён клянецца ў вернасці Украіне, вывучае ўкраінскую мову. Але хіба ён хоць нешта сказаў пра падзеі ў Беларусі, неяк падтрымаў беларусаў? Дагэтуль маўчыць, бо хоча прыязджаць на Радзіму, хоча там быць. Так, ён супраць вайны, таму што сам сутыкнуўся з праблемамі ўнутры Украіны, а ў Беларусі ён нічога не бачыў, напэўна, таму і маўчыць. У мяне да такіх людзей няма ніякай павагі. І калі такія людзі, як Кучук, раптам пераабуюцца і загавораць, што заўсёды былі супраць рэжыму Лукашэнкі, асабіста я іх у сваё грамадства не прыму і ніколі не зразумею. Разам жыць з гэтымі людзьмі давядзецца так ці інакш, але з імі ўжо ўсё зразумела, – сказаў Вяроўка.