Усе навіны

Хадасевіч – Вяргейчыку і Базанаву: «Вам адказваць за тое, куды нырнуў белфутбол. Вы за 4 гады якую базу заклалі?»

12 снежня 2022, 15:56

Журналіст Мікалай Хадасевіч на сваім YouTube-канале пракаментаваў заяву першага намесніка старшыні АБФФ Юрыя Вяргейчыка, які сказаў, што крызіс у беларускім футболе выкліканы адсутнасцю «жорсткіх патрабаванняў» з боку федэрацыі ў ранейшыя гады, і з праблемамі сутыкнецца любы кіраўнік АБФФ, калі «заўтра паставяць іншага», а таксама заклікаў «прачынацца, можа, усім разам спытаць з сябе».

«Вяргейчык выступіў, хочацца сказаць, адвакатам д’ябла. Свайго боса Базанава – дакладна.

Спорт вялікіх дасягненняў заснаваны на тым, каб да чагосьці імкнуцца. Калі Вяргейчык працаваў у салігорскім «Шахцёры», клуб якраз да першага месца не імкнуўся. Там задавольвалi пазіцыі другая ці трэцяя. Таму што першае месца гэта ў тым ліку адказнасць, гэта нейкія абавязкі.

Тут жа нібыта пасыл ёсць, што заселі мы ў зборнай Беларусі на колькасці матчаў без перамог – ну нічога страшнага, працягнулі галоўнага трэнера – усё нармальна, не атрымліваецца ў еўракубках – нічога страшнага. У нас жа толькі плён, мы гэта зерне пасеялі. Яшчэ 15 гадоў пачакайце, потым што-небудзь узыдзе. І далей ён працягвае гэтую тэму.

Зразумела, што гэта адвакацкая гісторыя аб тым, што Базанаў канкрэтна тут і зараз нібыта ні ў чым не вінаваты. У мяне тут адно пытанне: з кім дыскутуе Юры Вяргейчык? Каго заклікае прачнуцца і пытацца з сябе, калі за Базанава гаворыць? Мне проста цікава. Можа быць, сябраў выканкама АБФФ, якія будуць галасаваць? Выбачайце, там заўсёды быў лес рук – што скажуць, за то і прагаласуюць. Таму для мяне гэта ўвогуле дзіўны ўчынак.

Беларускаму футболу з кожным годам становіцца ўсё горш, горш і горш. І калі ты прыходзіш кіраваць беларускім футболам, ты мусіш нешта рабіць, каб горш як мінімум не станавілася. Пажадана, каб рабілася яшчэ лепш. Можна вінаваціць ранейшых кіраўнікоў: Румаса, Нявыгласа, яшчэ раней. Што гэта менавіта там было зроблена ўсё так, каб цяпер Базанаў прыйшоў у вельмі няўдалы час, і тут футбол пры ім упаў.

Як можна дабіцца нейкага прагрэсу, калі АБФФ заўсёды была закрытай арганізацыяй? Заўсёды ж было такое: я прыйшоў, як быццам гэта мая прыватная лавачка, зараз я пакірую і ўсё зраблю — парабілі, а потым сышлі.

Вы працуеце ў футболе. Вы збіраецеся на выканкамах, на семінарах. Вы кіруеце беларускім футболам. І вы павінны адказваць, паколькі вы займаеце высокія пасады і кіруеце футболам. І таму роўна зараз, у гэтым месцы, калі ўсяго няма і на чатырохгодку выпаў менавіта такі адрэзак, менавіта вам адказваць за тое, што футбол нырнуў туды, дзе ён зараз знаходзіцца. І ў гісторыю вы сапраўды гэтак жа будзеце заходзіць, як пры вас гэты футбол нырнуў.

А вашыя чатыры гады – вы ўпэўненыя, што яны будуць занадта плённыя для наступных кіраўнікоў? Вы за гэтыя чатыры гады заклалі якую базу? Колькі добрага, каб праз 10 гадоў убачылі: «О, як раз у гэты перыяд было закладзена»? Манежы вы дабудавалі, праграму, якая была запушчана раней, вы адчыняеце – грэх было не адчыняць з такой падтрымкай ФІФА і УЕФА?

Далей глядзім на ліміты па заробках. Гэта значыць, што значна падае ўзровень беларускага футбола і няма ніякіх перспэктыў на еўракубкавай арэне. У зборнай Беларусі вы пакідаеце галоўнага трэнера, які не выйграе шмат матчаў. Якім даверам трэба карыстацца? Зборная пры гэтым не пабудавана па нармальных лекалах спартыўнага прынцыпу. Гэта таксама відавочна цягам апошніх двух гадоў. І так праз коску можна далей пералічваць.

І нават ліміты па маладых гульцах, якія ўваходзяць у склад, – мы таксама на дыстанцыі гэта будзем глядзець, але я нават магу пагадзіцца з тым, што маладыя павінны гуляць з лімітамі або без лімітаў. Там проста грошай няма, ужо гуляць няма каму больш. Тут ужо не такая вялікая праблема – гэтыя ліміты. Ліміты – не стымуляванне для клубаў», – сказаў Хадасевіч.

⚽️ Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com