Усе навіны

Прэзідэнт «Монцы» Берлусконі пра вайну Расіі ва Украіне: «Калі б Зяленскі спыніў атакаваць дзве аўтаномныя рэспублікі Данбаса, гэтага б не адбылося»

13 лютага 2023, 14:26

Былы прэм'ер-міністр Італіі і прэзідэнт «Монцы» Сільвіа Берлусконі лічыць, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі вінаваты ў вайне, якую з 24 лютага працягвае Расiя ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

«Калі б я быў прэм'ер-міністрам [Iталii], то ніколі б не пайшоў на перамовы з Зяленскім, таму што мы з'яўляемся сведкамі знішчэння ягонай краіны і забойства яе салдат і мірных жыхароў.

Гэтага б не адбылося, калі б Зяленскі проста спыніў атакаваць дзве аўтаномныя рэспублікі Данбаса (відавочна, Берлусконі прымяняе прарасійскую рыторыку ў дачыненні да тэрыторый, якія згодна з міжнародным правам з'яўляюцца часткамі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны і не маюць аўтаномнага статусу, аднак пад назвамі «ДНР» і «ЛНР» дэ-факта з 2014-га акупаваныя прарасійскімі сепаратыстамі, з 2022-га – непасрэдна Расіяй – Tribuna.com). Таму я вельмі і вельмі негатыўна ацэньваю паводзіны гэтага спадара [Зяленскага].

Я лічу, што для дасягнення міру прэзідэнт ЗША [Джо Байдэн] павінен пагаварыць з Зяленскім і сказаць: «Пасля заканчэння вайны ў вашым распараджэнні будзе план Маршала для аднаўлення Украіны на 6-9 трлн долараў, але пры адной умове – заўтра вы аддасце загад аб спыненні агню, таму што з заўтрашняга дня мы больш не дадзім вам ні грошай, ні зброі», - сказаў Берлусконі.