Усе навіны

Дэпутат парламента Малдовы заявіў, што ў краіну маглі прыбыць дыверсанты пад выглядам фанатаў сербскага «Партызана»

14 лютага 2023, 21:27

Дэпутат ад партыі прэзідэнта Малдовы Маі Санду «Дзеянне і салідарнасць» Андрыян Кептанар заявіў, што ў краіну маглі трапіць дыверсанты пад выглядам сербскіх футбольных фанатаў.

Матч Лігі канферэнцый «Шэрыф» – «Партызан» адбудзецца ў Кішынёве ў чацвер, 16 лютага, у 22.00. З-за рашэння ўлады Малдовы гульня пройдзе без гледачоў.

«На гэтым тыдні ў Кішынёве чакаецца футбольны матч паміж камандамі з Сербіі і Малдовы. Спачатку планавалі, што ў нашу краіну прыедуць і балельшчыкі сербскай каманды.

Дзякуючы намаганням Службы інфармацыі і бяспекі, зробленым задоўга да таго, як з’явілася інфармацыя, прадстаўленая Зяленскім, зборная Сербіі (насамрэч ФК «Партызан» — заўв. Tribuna.com) будзе гуляць пры пустых трыбунах», – заявіў Кептанар.

«Шэрыф» базуецца ў Ціраспалі – сталіцы так званай непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі, якая знаходзіцца пад уплывам Расіі. Да гэтага УЕФА забараніла праводзіць міжнародныя матчы на тэрыторыі непрызнанай ПМР.

Раней Мая Санду расказала аб планах Расіі здзейсніць дзяржаўны пераварот, а сёння ў краіне была закрыта паветраная прастора. Улады Сербіі адмаўляюць удзел грамадзян краіны ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту ў Малдове.