Усе навіны

Намстаршыні АБФФ Ботнікаў пра справу «Шахцёра»: «Не магу больш дэталёва даць інфармацыю. Вашыя пытанні закранаюць кампетэнцыю грамадзян»

15 траўня 2023, 17:57

Намеснік старшыні АБФФ Міхаіл Ботнікаў пракаментаваў рашэнне КДК па справе пра «дагаварныя матчы».

– Мы бачым рашэнне на сайце федэрацыі, бачым пакаранні, але мы не ведаем: за што, каму канкрэтна, хто ў чым правініўся. Ці можаце вы расказаць, у чым вінаваты, напрыклад, Анатоль Юрэвіч?

– Безумоўна, тую інфармацыю, якая размешчана ў нас на сайце, я чытаў. Што тычыцца больш дэталёвага прадастаўлення інфармацыі, то не магу гэта зрабіць, паколькі я, па-першае, не працаўнік Следчага камітэта [Лукашэнкi] і не браў удзел у следчых дзеяннях, па-другое, не ўваходжу ў склад Кантрольна-дысцыплінарнага камітэта і не браў удзел у яго пасяджэннях, што там адбывалася – не ведаю. І трэцяе, самае галоўнае: вашыя пытанні закранаюць кампетэнцыю грамадзян. Ніхто з іх мяне не ўпаўнаважваў даваць якія-небудзь каментарыi. Лічу, гэта некарэктна.

Матэрыялы яшчэ вывучаюцца. Там могуць быць нейкія змены ўнесены ці яшчэ нешта. Таму нешта каментаваць я не маю права. Калі ёсць жаданне, тады трэба звяртацца непасрэдна або да грамадзян, або ў каманды, або да прадстаўнікоў КДК.

З майго пункту гледжання, самае страшнае, што адбылося, – гэта вось гэтыя падзеі. Тут больш за ўсё трэба казаць не пра тое, што нехта нешта не сказаў ці недагаварыў, а пра тое, што ў нас у футболе гэта адбылося. Бо людзі прыходзяць заўзець за каманды і жадаюць убачыць сапраўдны футбол, бескампрамісную барацьбу, сапраўдны вынік. А што ў нас атрымалася? – сказаў Ботнікаў.

Нагадаем, КДК АБФФ разгледзеў інфармацыю, што ў ЧБ-2022 кіраўніцтва «Шахцёра» арганізавала дагаворныя матчы і фінансава стымулявала клубы вышэйшай лігі. У выніку «Шахцёр» быў пазбаўлены залатых медалёў, «Энергетык-БДУ» – сярэбраных. У гэтых клубаў і «Белшыны» таксама знялі ачкі на сезоны 2023 і 2024 гадоў. 30 чалавек атрымалі розныя дыскваліфікацыі і штрафы, але 25 з іх не будуць забаненыя, калі выплацяць прызначаныя сумы. Падрабязней пра справу «Шахцёра» можна даведацца па спасылцы ніжэй.