Усе навіны

Маці футбольнага фаната Крыўцова: «На Мікітава фота паказалі і сказалі, што яму канец»

25 траўня 2023, 18:16

Маці футбольнага фаната Мікіты Крыўцова Анжаліка Кухто распавяла пра смерць свайго сына.

«Яны былі ў нейкай спартовай залі, іх білі, іх было трое. Яго і яшчэ аднаго хлопца забралі і павезлі на Акрэсціна. Потым мне сказалі, што яго пацягнулі за рукі і зламалі шыю.

Там (у аддзеле міліцыі. – Tribuna.com) была нейкая агульная фатаграфія. На Мікітава фота паказалі і сказалі, што яму канец», – распавяла маці Мікіты.

Таксама Анжаліка распавяла пра тое ў якім стане Следчы камітэт Лукашэнкі вярнуў ёй рэчы сына.

«Мне аддалі толькі дробязь. Пашпарт выглядаў, быццам ён пабыў у пральнай машыне. Сказалі, што гэта экспертыза. Проста смешна. Я кажу: «Дык аддайце мне нацельныя рэчы». – «Мы ня можам. Яно павінна захоўвацца ў Следчым камітэце. Раптам нешта ўсплыве». Кажу: «Але што можа ўсплыць, калі вы крычыце на ўвесь свет, што гэта суіцыд?»

Пашпарт выглядаў так, быццам яго намачылі: лісты паскручваліся, пячаткі і запісы пазмываліся.

«Аддалі дэзадарант ягоны. Долараў некалькі аддалі па «адзінках». Такое адчуванне, што кроплі крыві на іх. Каляндарыкі, мэдыкаменты, што было ў торбе. Яму зуб балеў, то анальгін, цытрамон. Стыкеры футбольныя. Ніякіх значных рэчаў больш не аддалі. Нават торбу не аддалі. Тэлефон не аддалі. Аддалі чахол, але ён не ад Мікітавага тэлефона», – кажа маці.