Усе навіны

Савін пра футбалістаў, якія выступілі супраць гвалту: «Твой спорт заканчваецца праз не тую пазіцыю. Хто гэта рашыў? Два тупыя дыктатары, #####?»

6 чэрвеня 2023, 18:04

Расійскі блогер Яўген Савін пракаментаваў для YouTube-канала «ЧестнОК» запісанае беларускімі футбалістамі відэа супраць гвалту. Нагадаем, што ў тым відэа знялося каля сотні футбалістаў. Выніку практычна ўсе ўдзельнікі роліка патрапілі ў «чорны спіс» Мінспорту Лукашэнку – з гэтымі спартсменамі забаронена падпісваць кантракты. Некаторыя змушана завяршылі кар'еру.

– У Беларусі, калі пачалася вось уся гэтая гісторыя з пратэстамі, няхай не адразу, але [футбалісты] знайшлі ў сабе сілы сказаць: «мы супраць гвалту». У Расіі такога не здарылася, калі пачалася вайна. Твае думкі на гэты конт.

– Я, калі глядзеў відос з беларускімі футбалістамі, рэальна быў у шоку, але я быў у шоку ад таго, што ім таксама страшна ў іх таксама ёсць дом, у іх ёсць свая краіна – у Беларусі ўжо сапраўды не менш саджаюць, чым у Расіі – з беларускага футбола могуць выпнуць па пстрычцы.

– Але пры гэтым наступствы [для іх] былі: з гэтых хлопцаў там дзясятак, напэўна, чакае рашэнне нейкай камісіі па допуску або нядопуску. Як вось да гэтага ставіцца?

– Вось калі мы з табой гэта абмяркоўваем, у мяне такая думка праслізгвае, што людзі, якія цяпер гэта глядзяць, скажуць: «Хлопцы, ну вось што вы змянілі? Ну вось ён жа сядзіць дагэтуль ва ўладзе, а вы, дурні, вашыя дзеці жонкі зараз будзеце без грошай, ці давядзецца з'язджаць, ці наогул невядома што будзе».

Але я думаю, што гэтыя хлопцы казалі найперш, таму што яны былі не згодныя, каб іх народ проста забівалі. І гэта вялізная сіла, і гэта крута, што яны гэта зрабілі, таму што іх сумленне да канца іх дзён будзе чыстая. Калі пройдзе час і калі там дзеці або чалавек, які праходзіць міма, скажа: «А дзе ты быў у 2020 годзе, а што ты сказаў у 2020 годзе?» Ён скажа: «А я быў адным з нямногіх, са 150 чалавек, які не прамаўчаў».

Калі ты разумееш, што ты хоць нешта зрабіў, ты нечым рызыкнуў – гэта крута. Гэта класна, што ты перад сабой сумленны. Футбол у 35 гадоў скончыўся, а табе жыць, дай бог, там 70-80-90 гадоў, і што ты будзеш казаць сабе ўвесь гэты час? Што «блін, ну, як бы вось ну пабілі людзей, ну як бы выходзіць не трэба было. Ну вось выбары ну-ну-ну… А чым давядзеце, што ён не выйграў выбары?»

– У Расіі зноў жа наўрад ці б нехта так зрабіў [выказаўся супраць уладаў].

– У мяне ёсць адна версія. Усё зноў жа проста для мяне і банальна – гэта грошы.

Вось у Расіі таленавітаму маладому футбалісту плацяць мільён-паўтара, камусьці два, напэўна, долараў за год. І вось страціць лям ці страціць, напрыклад, 10 тысяч долараў заробак, ці, умоўна, 100 тысяч гадавых у «Шахцёры» і з'ехаць у Казахстан, калі таленавіты хлопец, дзе ён плюс-мінус будзе атрымліваць тое ж. Гэта розныя рэчы.

Расійскія футбалісты разумеюць, што тыя бабкі, якія яны атрымліваюць у Расіі, яны не будуць атрымліваць іх нідзе. І, хутчэй за ўсё, гэта іх шмат у чым спыняе, каб не казаць тое, што яны думаюць.

А ў Беларусі такіх бабак няма, і футбалісты, мусіць, не скаваныя гэтымі лічбамі нейкімі вялікімі, якія ім затыкаюць рот.

– Глядзі, але некаторыя з гэтых футбалістаў потым кажуць, маўляў, мы раскайваемся, мы насамрэч так не лічылі…

– Давай шчыра, розныя сітуацыі бываюць. Усе цудоўна ведаюць, які можа быць ціск на людзей. Я зараз не апраўдваю нікога. Так, можа быць, хтосьці рэальна пераабуўся – усякае бывае.

Прывяду прыклад: які-небудзь футбаліст выказаўся, дапусцім, а ў яго ў бацькі была судзімасць. І яму проста канкрэтна кажуць, маўляў, паслухай вось зараз, калі ты гэта не зробіш, мы твайго бацьку пасадзім на 10 гадоў другі раз або прыдумаем якую-небудзь халеру… Я не апраўдваю, проста кажу, як можа быць.

Я б увогуле думаў і разважаў пра іншае. Ты ўяві: ты спартсмен-прафесіянал, але ў краіне, дзе ў Канстытуцыі прапісана свабода слова, мець магчымасць за сваю, ##### [блін], асабістую грамадзянскую пазіцыю, проста стаць жабраком або сесці ў турму.

Чаму? Хто так вырашыў? Хто? Два тупыя дыктатары, ##### [блін]? Вось гэта трэба абмяркоўваць, а не чаму футбалісты, я не ведаю, не пайшлі далей. Але яны казалі, хаця б не маўчалі. Але ж праблема ў іншым, праблема ў сістэме. Мы гаворым пра спорт, а твой спорт заканчваецца, таму што ў цябе, ці бачыце, не тая грамадзянская пазіцыя. Але ж гэта дзічына! – сказаў Савін.